13 студзеня маладзечанскае культурна-асветніцкае таварыства ўкраінцаў “Краяны” сумесна са сталічным хорам украінскай песні “Крыніца” зладзілі тут канцэрт украінскай песні.

– Культура беларусаў – шматнацыянальная. Яе дапаўняюць культуры іншых народаў, –  пачала канцэрт вядучая Настасся Шпілеўская.

А працягнуў народны хор украінскай песні “Крыніца”. Калектыў пад кіраўніцтвам Маргарыты Кучук прыехаў з Мінска. У іх выкананні гучалі калядныя народныя песні і песні ўкраінскіх кампазітараў.

У некаторых калядных спевах заўважалася яўнае падабенства з падобнымі творамі беларускага фальклору. Узяць хаця б калядку “Каза”. “Дзе каза рогам – там жыта стогам. Дзе каза нагой –  там жыта капой”.

Маргарыта Кучук са сваім хорам.

Маргарыта Кучук са сваім хорам.

13 студзеня, на шчодры вечар, моладзь на Украіне спраўляла абрад шлюбу Маланкі і Васіля, распавяла кіраўнік хору Маргарыта Кучук. Шчодры вечар ва ўкраінцаў называюць святам Маланкі, а стары Новы год – святам Васіля.

З раніцы гатавалі шчодрую куццю, а ўвечары хадзілі па хатах і вадзілі з сабой “Маланку”, што засцерагала вяскоўцаў ад нячыстай сілы. Тэатральнае дзейства суправаджалася песнямі. Адзін з такіх старажытных абрадавых твораў заспяваў хор.

А потым песні на ўкраінскай мове гучалі ў выкананні маладзечанцаў –  салісткі “Краянаў” Ясеніі Мікуліч, дуэтаў Дар’і Місюк і Алесі Ушаковай, Алы Шэкі і Марыі Рудык.

А вось маладзечанец Віктар Сыракваш спяваў па-беларуску. Ён самастойна пераклаў на родную мову дзве ўкраінскія народныя песні і выканаў на канцэрце пад уласны акампанемент.

Абрад шлюбу Маланкі і Васіля.

Абрад шлюбу Маланкі і Васіля.

– Сёння ўкраінскі народ перажывае не лепшыя часы. Але ў такіх умовах маім землякам заўсёды дапамагала песня і гумар, – так пачаў сваё выступленне старшыня таварыства “Краяны” Леанід Лысакабылка, які прачытаў урывак з гумарыстычнай байкі.

“Краяны” – значыць, землякі

У прыватнай размове Леанід Міхайлавіч распавёў пра дзейнасць “Краянаў”. Украінская дыяспара – адна з самых актыўных сярод тых, што ёсць у Маладзечне. А дыяспар у горадзе пяць. Акрамя ўкраінцаў, ёсць грэкі, палякі, рускія і яўрэі.

Існуюць “Краяны” ад 1991 года. Назва перакладаецца як “землякі”, людзі аднаго краю. Леанід Лысакабылка, ураджэнец Харкаўскай вобласці, кіруе таварыствам ад 2003.

Уласнае памяшканне атрымалі ў 2015 дзякуючы дэпутату Людміле Канановіч. Сёння ў пакоі таварыства – украінскія кнігі, плакаты, сімволіка і сувеніры, гардэроб з канцэртнымі касцюмамі, музычнае абсталяванне, дзе можна паслухаць песні на ўкраінскай мове.

– Быў вельмі рады, калі мы атрымалі памяшканне, – дзеліцца Леанід Міхайлавіч. – Цяпер сябрам таварыства ёсць, дзе сабрацца, куды прынесці ўкраінскія рэчы, якія да гэтага захоўваліся ва ўласнай кватэры.

На сённяшні дзень у таварыстве 50 сяброў. Найбольш актыўныя з гэтага спісу – чалавек 10-12. Гэта тыя людзі, што ўдзельнічаюць у канцэртах, кожны месяц наведваюць сходы таварыства. На сходах ладзяць гутаркі пра вядомых украінскіх дзеячаў Тараса Шаўчэнку, Лесю Украінку, Піліпа Орліка.

Спявае Ясенія Мікуліч.

Спявае Ясенія Мікуліч.

“Краяны” сумесна з мінскім грамадскім аб’яднаннем украінцаў “Заповіт” паспрыялі ўсталяванню памятнага знака ў Касуце на Вілейшчыне – на радзіме Піліпа Орліка. Цяпер штогод ладзяць там мерапрыемствы памяці гэтага грамадскага дзеяча.

Старшыня звяртае ўвагу, што “Краяны” – выключна культурна-асветніцкае таварыства. Яно не займаецца палітыкай. На палітычныя тэмы магу паразважаць, але толькі ў прыватных гутарках, кажа старшыня.

Як вырашае таварыства набалелыя фінансавыя праблемы? Па статуце яно можа прымаць грашовыя ахвяраванні, прадугледжаныя і членскія ўнёскі. Але, па словах Леаніда Лысакабылкі, расходы заўсёды значна перавышаюць даходы. Таму, як прызнаўся Леанід Міхайлавіч, “Краяны” існуюць на пенсію старшыні.

Таварыства мае сваю вышывальшчыцу. Гэта выкладчыца аднаго з маладзечанскіх каледжаў – Дар’я Ясюкевіч. “Музычную частку” забяспечваюць Дзмітры Рудык, Яўген Гарчанін, Уладзімір Лях, Ала Шэка, Марыя Рудык, Ясенія Мікуліч.

Не ўсе з іх маюць украінскія карані. Але, паводле статута “Краянаў”, гэта неабавязкова. Тут прымаюць людзей любой нацыянальнасці. Дастаткова, каб сябры таварыства паважалі ўкраінскую мову, цікавіліся гісторыяй і культурай Украіны.

Штогод “Краяны” з поспехам удзельнічаюць у рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур. У пакоі таварыства – дыпломы, фотаздымкі, шматлікія падарункі. А яшчэ “Краяны” з Маладзечна ўвайшлі ў кнігу “Этнічныя супольнасці Беларусі”.

Фота аўтара.