У лістападзе 2006 года ў адным з блокаў інтэрната па вуліцы Машэрава ў Маладзечне міліцыянеры ўбачылі чатыры трупы з перарэзанымі горламі.

“Рэгіянальная газета” пісала тады, што забітымі аказаліся 32-гадовыя муж і жонка, 59-гадовы бацька жанчыны і іх 53-гадовы знаёмы. Падзеі адбываліся у адным з пакояў інтэрнацкага блока.

Вадзім Шукрынаў, які ў той час працаваў следчым раённай пракуратуры ў Маладзечне, распавёў “Рэгіянальнай газеце”, што сцены і столь у пакоі былі залітыя крывёй. Целы ляжалі адно на адным. Прычынай такіх разборак сталі бытавыя адносіны. Усе ўдзельнікі, акрамя 53-гадовага мужчыны, былі сваякамі. 53-гадовы госць стаў выпадковай ахвярай разбору.

На здарэнне выязджала вялікая група праваахоўнікаў – следчы і пракурор Маладзечанскага раёна, кіраўнікі мясцовай міліцыі, аператыўнікі, следчы па асабліва важных справах. Падазронага ў злачынстве ў хуткім часе затрымалі.

Праз “Рэгіянальную газету” праваахоўнікі звярталіся да чытачоў “Рэгіянальнай газеты” з просьбай не распаўсюджваць чуткі пра здарэнне.

Мы звярнуліся да Вадзіма Шукрынава, які працуе сёння пракурорам Вілейскага раёна. Вадзім Аляксандравіч памятае маладзечанскую справу 12-гадовай даўніны. Пракурор патлумачыў, што справу тады перадалі ці ў абласны, ці нават у Вярхоўны суд. Прыгадаў, што злачынцам аказаўся сваяк забітай сям’і. Суд пакараў мужчыну пажыццёвым зняволеннем.