Пакуль у пажарнай часці не гучыць папярэджанне пра выклік на пажар і ў змены выратавальнікаў ёсць некалькі вольных хвілін, мы пагутарылі пра тое, чаму цяжка ратаваць людзей, чаму на некаторых выкліках даводзіцца затрымлівацца па 12 гадзін і што ў прафесіі выратавальніка ёсць такое, ад чаго гэтыя хлопцы кожны дзень рызыкуюць сабой.

19 студзеня адзначаецца Дзень выратавальніка. Да гэтага свята, як правіла, МНС падводзіць вынікі года, узнагаро­джвае лепшых. Так атрымалася, што змену, з якой гутарым мы, адзначаць за мужнасць, бо менавіта яны, гэтыя адважныя мужчыны, выратавалі на пажары шэсць чалавек.

У канцы мая ў інтэрнаце на вуліцы Галіцкага пачаўся пажар. І змене выратавальнікаў, Сяргею Шакуну, Андрэю Моніду, Аляксею Ляміну, Дзмітрыю Шпакоўскаму, Андрэю Хацько, Аляксандру Балышу, Вячаславу Крыўко, Раману Загорскаму і Аляксею Жуковічу, давялося хутка прымаць рашэнне, як выратаваць тых жыхароў, што засталіся ў задымленым інтэрнаце на чацвертым паверсе.

– Ведаеце, расказвае Андрэй Монід, – на пажарах цяжка ратаваць людзей, бо некаторыя не хочуць пакідаць дом, дзе засталася ўся маёмасць, нехта шукае схаваныя грошы, а нехта проста ў паніцы хаваецца ў пакоі, які вось-вось згарыць.

Андрэй Монід, начальнік змены

Андрэй Монід, начальнік змены

Так было і на гэтым пажары.

– Маладая жанчына закрылася ў пакоі разам з маленькім дзіцем. Мы ідзём па задымленым калідоры, грукаем у кожныя дзверы, а яна не адгукаецца. Потым адчыняе дзверы, аддае нам у рукі дзіця і кажа: “Ратуйце яго, я тут застануся, мяне пакіньце”. Пра што яна думала?

Якія думкі снуюць у галаве чалавека ў экстранных сітуацыях, невядома. А вось у выратавальнікаў  на роздум часу няма.

Тады, на гэтым пажары, да вокнаў чацвертага паверха прыставілі пажарную лесвіцу, стралу, як яе называюць. І па гэтай хісткай лесвіцы выратавальнікі падымаліся некалькі разоў, каб выратаваць усіх.

Сяргей Шакун, напрыклад, адначасова ўзяў на рукі дваіх дзяцей, каб зэканоміць час.

У МНС расказалі, што калі дзіця ўчапілася за шыю, Сяргей зразумеў, што рукі ў яго вольныя,  і ўзяў яшчэ адно дзіця.

Пра гэта расказалі ў МНС, бо сам Сяргей чамусьці пра гэта змаўчаў.

– Ну, ратавалі і ратавалі, кожны дзень ратуем, сціпла сказаў ён.

Насамрэч, кожны выклік можа быць непрадказальным і небяспечным.

– Неяк тушылі падвал, – кажа Андрэй Монід, – а там вада стаіць. Я ўзяў лыжную палку, патыкаў ёй у падлогу, здаецца, неглыбока, вады прыкладна па костачку, я ступіў і праваліўся. Таму што палкай мацаў прыступку. Добра, што за мной калегі стаялі, выцягнулі адразу.

– Таму мая мама, – кажа Аляксей Лямін, – яна працуе ў банку насупраць, калі чуе, што выюць сірэны на нашых машынах, заўсёды телефануе і пытаецца: “Сынок, ты цяпер куды?”

І сапраўды, хто можа ведаць, у якім кутку раёна сёння апынуцца выратавальнікі.

– А вось яшчэ не так даўно, – кажа Сяргей Шакун, – у нас былі два “любімыя адрасы”. Гэта Лібава-Роменская, 129. Там быў закінуты дом, і яго “пастаяльцы”, асобы без пэўнага месца жыхарства, вельмі любілі нешта падпаліць. І яшчэ тарфяны завод у Беразінскім. Там дакладна, як пае­дзеш, дык дадому вернешся праз 12 га­дзін.

Сяргей Шакун, камандзір аддзялення

Сяргей Шакун, камандзір аддзялення

Здавалася б, што там такога ў прафесіі выратавальніка. Прыехаў, уключыў шланг, патушыў агонь і едзь сабе дадому. А не. У працу выратавальнікаў, акрамя таго, што проста збіваецца полымя, уваходзіць так званая заліўка.

– Асабліва на тарфяным заводзе. Гэта трэба ўсе перакрыцці заліць, усе канструкцыі пера­гледзець, каб не загарэлася паўторна.

Пасля гэтага трэба разабраць тое, што згарэла, раскідаць. А працаваць бывае даводзіцца ў поў­най цемры, калі нават ліхтарык не ратуе.

– Не так даўно ездзілі на выклік на вуліцу Снежную. Там згарэў музычны цэнтр. Маленькі такі, каробачка, – расказвае Аляксей Лямін, – а сажы ад яго было столькі, што сцены, вокны – усё было такое чорнае, што нават з ліхтарыкам не было відаць далей за свой нос. Пры гэтым, на вуліцы быў дзень.

Пажарныя расказваюць, што, акрамя ўзгаранняў, у якіх вінаватыя электраправодка або курэнне ў пасцелі, часцей за ўсё здараюцца пажары праз электрапрыборы. Халадзільнікі, дарэчы, на тым пажары ў маі на Галіцкага быў вінаваты якраз няспраўны халадзільнік, мікрахвалёвыя печы, электрычныя чайнікі, тэлевізары, камп’ютары – уся тэхніка, якую мала хто вымае з разеткі, і становіцца, часцей за ўсё, прычынай пажараў.

Аляксандр Балыш у баявым адзенні

Аляксандр Балыш у баявым адзенні

Аднак здараюцца ў практыцы выратавальнікаў і зусім нетыповыя выпадкі.

Аднойчы выратавальнікам патэлефанавалі з вуліцы Вольнай, 4 і сказалі, што нешта вялікае заляцела ў галубятню на тэхнічным паверсе і вельмі гучна там сябе паво­дзіць.

Прыехалі выратавальнікі і вызвалілі з тэхнічнага паверха вялізнага каршуна. Відаць, пагнаўся за галубамі і захрас там. Выратавалі, сфатаграфаваліся і выпусцілі на волю.

Звяртаюцца да выратавальнікаў і гаспадары катоў. Бывалі выпадкі, калі хатні гадаванец захрасаў у батарэі.

– А было і такое, – кажа Аляксей Лямін. – Прыносіць да нас жанчына ката ў ручніку, мокрага. І разам з ім кавалак трубы, калена ад ракавіны, ведаеце, са злівам. Расказала, што мыла ў ракавіне ката, а той кіпцюром зачапіўся за рашотачку зліва. І захрас. Палец у ката апух, назад выцягнуць не мог. Выратавалі.

Здараліся ў практыцы выратавальнікаў і выпадкі з дзецьмі.

– Ратавалі дзяўчынку з крэселца, – расказвае Андрэй Монід, – які ставіцца над гаршком, з дзірачкай. Яна надзела тое крэселца на галаву. І смех, і грэх. Ну чыста прынцэса ў кароне была.

А вось дарослых, кажуць пажарныя, часцей за ўсё даводзіцца ратаваць з пярсцёнкаў.

На пытанне, ці прыходзяць пасля тыя, каго выратавалі, каб падзякаваць асабіста, Сяргей Шакун адказаў:

– Толькі аднойчы прыйшла жанчына, прынесла слоік варэння з клубніц. І прычына была нязначная. Мы ёй, здаецца, хлеў патушылі. Як правіла, асабіста ніхто не прыходзіць, прыходзяць у аддзел, пытаюцца, хто працаваў тады, і пішуць удзячнасць у кнізе.

І першыя свае выезды на здарэнні пажарныя памятаюць, нягледзячы на тое, што ў некаторых працоўны стаж ужо больш за 20 гадоў.

І нязменным пажаданнем удачы для выратавальнікаў з’яўляецца пажаданне сухіх рукавоў.

А калі я спыталася, ці здараліся ў іх працоўных біяграфіях выпадкі, калі іх саміх даводзілася ратаваць, усе, як адзін, тройчы пастукалі па стале і разам уголас адказалі:

– Цьфу-цьфу-цьфу!