Падзеі і імёны, якія трэба ведаць.

26 студзеня

100 гадоў з дня нараджэння Івана Новікава (1918 – 2001), беларускага пісьменніка, журналіста, заслужанага работніка культуры Беларусі.

1990. Прыняты Закон “Аб мовах у Беларускай ССР”. Вярхоўны Савет БССР абвясціў беларускую мову адзінай дзяржаўнай у Беларусі.

1907. Нарадзіўся Мікалай Лапіцкі (в. Грэлікі, цяпер Вілейскі раён), праваслаўны святар, рэлігійна-грамадскі дзеяч эміграцыі ў ЗША.

28 студзеня

430 гадоў назад (1588) зацверджаны Трэці Статут Вялікага Княства Літоўскага, збор законаў феадальнага права, унікальны помнік беларускай мовы, пісьменнасці і юрыдычнай думкі.

75 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Пташука (1943 – 2002), беларускага кінарэжысёра, народнага артыста Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола (1980), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1982).

Фота Ay.by.

Фота Ay.by.

1940. Нарадзіўся Леанід Дайнека, беларускі пісьменнік. Вядомы як адзін з лепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў.

Аўтар раманаў “Меч князя Вячкі” (1987) пра барацьбу Полацка з немцамі ў Ніжнім Падзвінні ў 13 стагоддзі, “След ваўкалака” (1988) пра полацкага князя Усяслава Брачыславіча, “Жалезныя жалуды” (1990) пра ранні этап станаўлення Вялікага Княства Літоўскага.

У 2008 годзе выйшаў раман “Назаві сына Канстанцінам”, дзеянне ў якім адбываецца ў XV-XVI ст. у Рыме, ВКЛ і Канстанцінопалі.

29 студзеня

Фота Wikiwand.

Фота Wikiwand.

1884.  Нарадзіўся Антон Луцкевіч (1884 – 1942), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, гісторык, публіцыст, літаратурны крытык.

30 студзеня

185 гадоў з дня нараджэння Апалінара Гараўскага (1833 – 1900), беларускага пейзажыста і партрэтыста.

Фота Wikimedia Commons.

Фота Wikimedia Commons.

1922. У Мінску заснаваны Інстытут беларускай культуры (Інбелкульт).

31 студзеня

195 гадоў з дня нараджэння Яксы Пятра Быкоўскага (1823 – 1889), польскага пісьменніка, збіральніка і даследчыка беларускіх народных песень і абрадаў.

90 гадоў з дня нараджэння Георгія Юрчанкі (1928 – 2014), беларускага паэта-сатырыка, парадыста, мовазнаўца, крытыка.

1930. Памёр Бенядыкт Дыбоўскі, заолаг, прыродазнаўца, лекар, публіцыст, удзельнік паўстання 1863-1864 гг. Пахаваны ва Украіне, у Львове.

1 лютага

155 гадоў таму (1863) абвешчаны Часовы правінцыйны урад Літвы і Беларусі.