Больш ёмістым выразам, бадай, цяжка назваць сустрэчу з мовазнаўцам філолагам Вінцуком Вячоркам, якая адбылася ў нядзелю, 14 студзеня.
Вінцук Вячорка, акрамя прэзентацыі сваёй другой кнігі, якую ён так і назваў “Не смяшыце мае прыназоўнікі”, расказаў пра тое, што нават тыя беларусы, якія падчас перапісу насельніцтва кажуць, што іх мова руская і беларускай, тым не менш, самі таго не ведаючы, гавораць па-беларуску.
dav
У якасці доказу, Вінцук Вячорка прывёў такія словы, якія вядомыя адным беларусам. Напрыклад: шуфлядка, шуфель, клямка, квач, ссабойка, знічка, хапун.
А таксама слова тудою.
– Якое эканомнае слова, праўда? – пытаецца аўтар кнігі. – Як яно эканоміць час, не трэба распісваць маршрут, дастаткова рукой паказаць напрамак і сказаць: “Тудою”. І цябе зразумеюць.
Выраз “цырк на дроце” зразумелы таксама толькі беларусам, ні адзін з народаў так не кажа, нават суседзі палякі ды ўкраінцы.
Пры гэтым, незразумелая этымалогія паходжання гэтага выразу, як і выразаў, якія могуць працягнуць толькі беларусы: “Хавайся ў…”, “Агульная млявасць і …”.
– Сапраўды, бульба ж расліна нізкая, чаму менавіта ў яе хаваліся нашы продкі? Невядома. Ва ўкраінцаў, напрыклад, такі ўстойлівы выраз гучыць: “Хавайся ў кукурузу”.
Ну, а выраз агульная млявасць і абыякавасць да жыцця, напэўна, знаёмы кожнаму беларусу ад нараджэння.
– Мяне вельмі абурае, як складзеныя пытанні ў нашым перапісе насельніцтва, – кажа спадар Вячорка, – бо яны сфармуляваныя вельмі катэгарычна. Ці размаўляеце вы па-беларуску? І чалавек думае: хіба я размаўляю па-беларуску так, як па радыё ці тэлебачанні? І піша ў графе адказ не. Для прыкладу пытанні пра валійскую мову ў англійскім перапісе насельніцтва былі сфармуляваныя прыкладна так: “Ці разумееце вы валійскую мову”, “Ці можаце на ёй размаўляць”, “Ці ўжываеце словы з гэтай мовы?” “Як часта”. І карціна атрымоўваецца зусім іншая. У перапісе 2009 года сваёй роднай беларускую мову назвалі 35% насельніцтва, а ў наступным добра, калі будзе 20%.
І вось самыя цікавыя моманты з кнігі, якія агучыў Вінцук Вячорка падчас сустрэчы.
Беларусы жэняцца з кімсьці, бо паважаюць абаіх удзельнікаў мерапрыемства
Па-першае, пагутарылі пра прыназоўнік па.
– У беларусаў прыназоўнік па, калі паказвае месца ці прастору, патрабуе меснага склону: гуляць па горадзе, лазіць па дрэвах. У рускай жа мове прыназоўнік па ўжываецца з давальным склонам.
Мовазнаўца прыгадаў, што і сярод расійскіх філолагаў ідзе спрэчка наконт таго, што прыназоўнік па становіцца быццам пустазеллем. Калі раней гаварылі: ателье ремонта, план сдачи молока, футбольная встреча, то цяпер часцей за ўсё можна пачуць: ателье по ремонту, план по сдаче молока, встреча по футболу.
– Але навошта нам пераносіць на беларускую глебу чужыя стылістычныя праблемы? – пытаецца Вінцук Вячорка.
mde
Мы ўвогуле замест ісці па дарозе можам казаць ісці дарогаю, працаваць не па панядзелках, а штопанядзелак, не спаць па начах, а спаць начамі.
Аднак без прыназоўніка па беларусам усё ж не абысціся.
– Мы не можам пайсці за вадой, бо хто ведае, куды гэта плынь нас завядзе. Беларусы ходзяць па ваду.
Але да шлюбу.
– Калі мужчына пабраўся шлюбам, па-беларуску пра яго скажуць: “Алесь ажаніўся з Наталляй”. А не на Наталье, як сказалі б у Расіі. Пры жаданні ў розніцы прыназоўнікаў можна ўгледзець нават розніцу ў статусе жанчыны. Па-беларуску яна раўнапраўная ўдзельніца падзеі, па-расійску ж – падпарадкаваны аб’ект. Так што трымайцеся сваіх прыназоўнікаў, – заклікае аўтар кнігі.
Не хадзілі ніколі беларусы ў госці з посахам!
Узрушаўся на сустрэчы Вінцук Вячорка і вядомай песняй калектыву “Бяседа” “Чарка на пасашок”.
– Які-такі пасашок? Што за радок пра чарговую-аглаблёвую? Ніколі ў беларусаў слова пасашок не асацыявалася з чаркай. Слова посах вядомае, пасашком маглі называць і булачку, але ніяк не чарку. Гэта толькі расійскае слова хаця б таму, што ніколі беларусы ў госці з кіем не хадзілі. Нашы продкі, як прыстойныя шляхцюкі, ездзілі ў госці на кані, таму і пілі чарку “ аглаблёвую”, або “страмянную”, або “капытковую”. Увага, не спачатку аглаблёвую, а потым страмянную і капытковую, а толькі адну. Ці тую, ці тую. Прынамсі, зімой пілася чарка “на рукавічку”.
dav
Калі ў роце ёлка, час заканчваць святкаванні
І нарэшце, Вінцук Вячорка развеяў усе сумневы наконт таго, як правільна казаць: ёлка, ялінка ці елка.
– Слова ёлка ў беларускай мове мае значэнне горка, прыкра ў роце. Амаль усе беларусы ведаюць слова ёлкі, гэты прыметнік апісвае непрыемны смак сапсаванага масла або сала. Таму відавочна, што дрэва, тым больш дрэва святочнае, не можа называцца таксама ёлкай. Таму, чаму б не карыстацца прыгожым словам ялінка, якім карыстаўся Якуб Колас:
А ялінка!
Чаго толькі
На яе няма галінках!
Свецяць зоркі
і вясёлкі
У бліскучых
павуцінках.
Карацей, калі трапіцца вам гэтая кніга ў рукі, чытайце, здзіўляйцеся, як мала ведаем пра нашу мову і як многа, самі таго не ведаючы, ёю карыстаемся.
dav