Ці пусцяць дадатковы цягнік з раніцы на Мінск? Чаму ў вагоне аб’ява пра камеры назірання ёсць, а камер няма? Чаму пасажыры з “Фестывальнага” не паспяваюць купіць білет на цягнік? Нашто перавялі цягнік на Гудагай на зімовы час? Усімі гэтымі пытаннямі маладзечанцы літаральна засыпалі прадстаўнікоў Беларускай чыгункі, якія ў чацвер, 18 студзеня, сустрэліся з пасажырамі.

На пытанні зацікаўленых маладзечанцаў адказвалі першы намеснік начальніка УП “Мінскае аддзяленне Беларускай чыгункі” Віктар Ціхановіч і начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак Валеры Калюжны. А таксама начальнік чыгуначнага вакзала ў Маладзечне Ларыса Дубовік і начальнік вузлавой памежнай станцыі Мала­дзечна Віктар Малайчук.

Змянілі расклад электрацягніка, і людзі не паспяваюць на работу

Электрацягнік на Гудагай адпраўленнем у 8:32 з Маладзечна стаў прычынай нязручнасці для настаўніц, якія працуюць у Заскавічах. Заняткі ў школе пачынаюцца ў 9:00, і яны не паспяваюць на першы ўрок. Да гэтага ж, кажуць наведніцы, цягнік адпраўляўся ў 7:40. І гэта было зручна і работнікам заскавіцкай школы, і настаўніцам, і выхавальніцам з Турэц-Баяраў, работнікам калгаса і амбулаторыі і тым, хто працуе на вытворчасці вокнаў.

Кіраўніцтва чыгункі прапанавала звярнуцца да аўтамабільных перавозчыкаў, бо кіроўцам маршрутных таксі прасцей змяніць свой расклад, чым змяніць яго чыгунцы, аднак жанчыны адказалі, што першая маршрутка на Астравец ідзе толькі пасля дзевяці гадзін раніцы. 

– Мы запісалі вашу прапанову. Я думаю, што гэта тэма для абмеркавання ў большай ступені мясцовых уладаў і нас. Як толькі знойдзем рашэнне, агучым яго ў сябе на сайце, – адказаў Валеры Калюжны.

“Штадлераў” няма і не будзе

Вось так катэгарычна адказала на пытанне кіраўніцтва чыгункі.

– У наяўнасці цягнікоў “Штадлер” усяго 16 у краіне, – кажа Віктар Ціхановіч. – Іх пусцілі на маршруты больш запатрабаваныя, чым Маладзечна. Калі адбылася электрыфікацыя ўчас­т­ка Маладзечна-Вільня, “Штадлеры” пусцілі на Вільню. Адзін такі цягнік сёння каштуе каля 10 мільёнаў еўра. Каб закупіць іх, трэба, каб чыгунка прыносіла прыбытак. А электрацягнік Мінск-Маладзечна, да прыкладу, сёння акупляецца толькі на 13%.

На “Фестывальным” касіркі не паспяваюць прадаваць білеты

Наступная наведніца абуралася тым, што на прыпынку “Фестывальны” не паспяваюць касіркі раніцай прадаваць білеты, людзі садзяцца без білетаў у цягнікі, дзе іх “шчэмяць” кантралёры.

На такую заўвагу Валеры Калюжны адказаў:

– Усе адгаворкі, што не паспелі купіць білет, кантралёраў не хвалююць. Так як у магазіне вам без грошай не прададуць тавар, так і электрычка. Не купілі білет, не садзіцеся ў яе. Беларуская чыгунка прапаноўвае вам такую паслугу, як набыццё білета на праезд за 10 сутак да вашай паездкі. Не паспяваеце раніцай купіць білет – купіце праязны.

 У бліжэйшы час Беларуская чыгунка запусціць мабільны дадатак, дзе можна будзе набываць праязныя дакументы праз тэлефон.

Таблічкі пра тое, што вядзецца відэаназіранне ёсць, а камер няма

Гэта ж наведніца заў­важыла, што ў вагонах электрычкі вісяць таблічкі пра тое, што вя­дзецца відэаназіранне, а камер няма. І ёй хацелася б, каб таблічкі не пад­манвалі пасажыраў. Бо на чыгунцы здараюцца розныя сітуацыі: і хуліганы, і курыльшчыкі едуць, а ніхто іх за гэта не пакарае.

На што Віктар Ціхановіч адказаў:

– Часам, нават наяўнасць простай таблічкі некаторых грамадзян перасцерагае ад учынення нейкіх злачынстваў.

На Ліду ходзяць толькі тры дызелі

– А колькі трэба, – пытаецца кіраўніцтва чыгункі. – На сённяшні дзень гэты напрамак не запатрабаваны. Напаўняльнасць гэтага цягніка – 30% пасажыраў.

Ці можна пусціць на Мінск хуткасную электрычку з раніцы?

– Скажыце, навошта дзве электрычкі ідуць з 10-хвіліннай розніцай, у 5:33 і 5:48, адна за адной? Што ў адной, што ў другой да Мінска ехаць дзве гадзіны. Для чаго гэта было зроблена? –пытаецца жанчына.

– А я вам растлумачу, – адказаў Валеры Калюжны. – Гэта было зроблена для таго, каб адвезці людзей на працу. Бо, акрамя жыхароў Маладзечна, ёсць яшчэ жыхары Крыніцы, Ушы, Баяраў. Хуткасная электрычка раніцай ёсць у графіку. Яна адпраўляецца з Маладзечна ў 7:11 і прыбывае ў Мінск у 8:34.

– Але, пагадзіцеся, у большасці працоўны дзень пачынаецца ў 8:00, – працягнула жанчына.

– Тут я з вамі не пагаджуся. І тыя электрычкі, якія ідуць раненька, і тыя, што прыбываюць у Мінск да 9:00, ідуць поўныя. У людзей у розных арганізацыях працоўны дзень пачынаецца ў розны час. Мы не можам пад­ладзіцца пад кожнае канкрэтнае прадпрыемства. Вы хочаце больш хуткасных электрычак? Я ваша жаданне пад­трымліваю, – падкрэсліў начальнік аддзела арганізацыі пасажырскіх перавозак, – але такой магчымасці пакуль няма.

Да якой пары ў электрычках будуць працаваць гандляры і хадзіць жабракі?

– Для гэтай мэты існуе грамадзянская пазіцыя, – адказвае Валеры Калюжны. У кожным вагоне ёсць тэлефоны падатковай. Тэлефануйце, скардзіцеся. Такія “пасажыры” таксама галаўны боль чыгункі. Але ў чыгункі няма паўнамоцтваў забараніць гандляваць у электрычцы. Мы перавозчыкі. А ў гандляроў, як правіла, ёсць праязны білет. Кантралёр праверыў білет і не мае права высадзіць гандляра. А правяраць мае права толькі падатковая.

Цікавіў маладзечанцаў і тэмпературны рэжым у электрычках, і магчымасць дакупіць білет да больш далёкай станцыі, калі змяніліся абставіны паездкі, і як працуе са зваротам грамадзян сайт Беларускай чыгункі. На гэтыя пытанні кіраўніцтва чыгункі адказала. Але ці зменіцца што для пасажыраў, пакажа час.