Як змагаліся з дармаедамі на Мядзельшчыне ў 1960-х, паведамляла чытачам мядзельская «раёнка» тых часоў – «Савецкая вёска».

“15 мая 1961 года Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР выдаў Указ “Аб узмацненні барацьбы з асобамі, якія ўхіляюцца ад грамадска-карыснай працы і вядуць антыграмадскі паразітычны лад жыцця”.

Гэты ўказ прыняты ў сувязі з тым, што ў гарадах і вёсках ёсць яшчэ людзі, якія ўпарта не хочуць працаваць. Яны для бачнасці ўладкоўваюцца на работу, а фактычна жывуць на непрацоўныя даходы. З мэтай нажывы займаюцца самагонаварэннем, спекуляцыяй, здаюць у часовае карыстанне свае дачы, выдаюць на пракат асабістыя машыны, вырошчваюць сельгаспрадукты і выгадна прадаюць іх на кірмашах. Адным словам, робяць так, каб як мага менш затраціць працы, а атрымаць як найбольшы прыбытак.

Згодна з указам, такія людзі па рашэнні народнага суда высяляюцца ў спецыяльна адведзеныя месцы тэрмінам ад двух да пяці год. Набытая непрацоўным шляхам маёмасць канфіскуецца.

Фота nm.livejournal.com.

Фота nm.livejournal.com.

Сустракаюцца яшчэ і сярод хлебаробаў Мядзельшчыны асобы, якія вядуць паразітычны лад жыцця. Да выхаду ўказа іх налічвалася 81 чалавек. Усіх іх выклікалі ў сельскія Саветы, следчыя органы і строга папярэджвалі. Большасць зразумела, што літасці ім не будзе, і стала на правільны жыццёвы шлях. Аднак не ўсе.

Доўгі час туляўся без справы жыхар вёскі Мікольцы Ігнат Субач. Яго неаднаразова папярэджвалі, але той працягваў жыць на непрацоўныя даходы. Прыйшлося прымяніць указ. Цяпер Субач выселены з раёна на пяць год.

Не займаўся грамадска-карыснай працай і Браніслаў Станчык. У 1944 годзе яго асудзілі за ўхіленне ад мабілізацыі ў рады Савецкай Арміі. Адбыў пакаранне, прыехаў у вёску Яцыны, уступіў у калгас “Рассвет”. Але ўдзелу ў грамадска-карыснай працы ніякага не прымаў, збіваў актывістаў сельгасарцелі, за што ў 1958 годзе быў зноў асуджаны.

Вярнуўся дадому. Як і раней, стаў займацца пабочнымі справамі, хаця лічыўся рабочым калгаса “Свір”. За 1960 год ён зрабіў толькі 32 выхады на працу, за 1961 – сорак, у гэтым годзе не выходзіў зусім. Яго асноўнымі заняткамі былі самагонаварэнне, спекуляцыя мёдам, яблыкамі, якія ён вазіў прадаваць у розныя гарады. Прыйшлося да дармаеда прымяніць самыя строгія меры – выселіць з раёна на тры гады.

Субач і Станчык выселеныя ў аддаленыя месцы, дзе яны вымушаныя будуць працаваць. Няхай улічаць гэта Марыя Бекіш з саўгаса “Свір”, Аляксандр Петух з калгаса “Барацьбіт” і астатнія, падобныя ім тыпы.

Працоўныя Мядзельшчыны, як і ўвесь савецкі народ, натхнёныя рашэннямі XXII з’езда КПСС, у імя пабудовы камунізму прыкладаюць усе сілы, каб даць краіне як мага больш малака, мяса, збожжа. Яны не пацерпяць, каб на іх працы нажываліся, багацелі і жылі прыпяваючы дармаеды. Ніякай ім літасці!”

Так пісаў у мядзельскай “раёнцы” “Савецкая вёска” (№6 ад 20 студзеня 1962 года) пракурор раёна І. Гушчын.

Крыху раней, 6 студзеня 1962 года, у газеце выходзяць матэрыялы пад агульным загалоўкам “Дармаедам, гультаям, п’яніцам – не месца ў нашым грамадстве!”

Гандлярка

Па прасёлкавай, занесенай снегам дарозе, крочыць рослая дзяўчына. Яна раз-по-раз спыняецца, кладзе на зямлю важкія клункі. Гэта Марыя Якушонак, жыхарка вёскі Волачак. Яна накіроўваецца ў горад на кірмаш.

Фота nm.livejournal.com.

Фота nm.livejournal.com.

Што гэта, можа, выпадкова? Ды не. Марыі споўнілася 25 год, але яна не мае адпаведнага занятку. Вось ужо каля пяці год пасля заканчэння школы матляецца па кірмашах Мядзела, Маладзечна, Мінска. У працоўнай жа кніжцы – каб працадзень!

Наша краіна ўпэўненым крокам ідзе да камунізму. І ў цяперашні час цяжка ўявіць сабе чалавека без працы, без адпаведнага занятку. На жаль, такія людзі ў нашай савецкай сям’і яшчэ ёсць. Падобным, як Марыя Якушонак, не месца ў нашым калгасе.

(З пісьма калгаснікаў 12-й паляводчай брыгады калгаса “Ленінскі шлях”)