Ад таго, як вы падрыхтуеце дзіця да школы, залежаць паспяховасць дзіцяці, стараннасць і жаданне вучыцца.

Акрамя ведання лічбаў і літар, ёсць больш важныя рэчы, што часам выпускаюць з-пад увагі бацькі. Гэта вуснае маўленне дзіцяці, і менавіта ад яго залежыць, ці лёгка дзіця навучыцца чытаць. 

Дашкольнікі павінны навучыцца правільна і выразна вымаўляць гукі, чуць і адрозніваць гукі, якія вымаўляе суразмоўца. Навучыце сына ці дачку адрозніваць галосныя і зычныя гукі, мяккасць і цвёрдасць, звонкасць і глухасць. Важна, каб будучы першакласнік умеў правільна будаваць простыя сказы, пераказваць невялікія апавяданні, самастойна складаць апавяданне-апісанне. Дзіцяці павінна хапаць слоўнікавага запасу, каб свабодна размаўляць. Калі ж які-небудзь з бакоў маўлення недапрацаваны, гэта непазбежна прывядзе да складанасці ў навучанні, а ў наступным і да нежадання вучыцца.

Самыя распаўсюджаныя парушэнні звязаныя з памылкамі ў вымаўленні гукаў. Поўныя гукавыя замены недапушчальныя. Калі ваша дзіця гаворыць “сапка” замест “шапка”, неабходна працаваць, каб выправіць гэты хіб.

Сачыце, каб дзіця дакладна распазнавала гукі. Трэба, каб хлопчык ці дзяўчынка маглі пазнаць кожны гук слова і пазначыць адпаведнай літарай. Калі некаторыя літары падаюцца аднолькавымі, гэта непазбежна вядзе да памылак. Не адрозніваючы “б” і “п”, дзіця не будзе бачыць розніцы паміж словамі “бабка” і “папка”. 

У дзіцяці 6-7 гадоў слоўнікавы запас павінны складаць не менш за 2000 слоў і ўтрымліваць асноўныя часціны мовы: назоўнікі, дзеясловы, прыметнікі, лічэбнікі, займеннікі, прыслоўі, прыназоўнікі, злучнікі. Выхоўвайце ўвагу і цікавасць да гучання слова. Калі разглядаеце карцінкі ці чытаеце кнігі, звяртайце ўвагу на цікавыя моўныя звароты, пытайцеся, што значыць тое ці іншае слова.

Добра дапамагаюць развіваць маўленне слоўныя гульні. Імі зручна бавіць час у дарозе.

Прыклады гульняў у словы:

  • намалюй словамі пару года,
  • прыдумай рэкламу прадмету, расказаўшы як мага больш якасцяў,
  • за хвіліну прыдумаць як мага больш слоў, якія характарызуюць жывёліну, птушку ці расліну,
  • слова “наадварот” – няхай дзіця прыдумвае антонімы (холадна-горача, цёмна-светла, высока-нізка),
  • назваць як мага больш прадметаў аднаго колеру (жоўты – сланечнік, сонейка, лімон, сыр).

Праверце, наколькі дакладна дзіця апелюе прасторавымі паняццямі – унутры, над, пад, знізу, зверху, паміж, злева, справа. Пагуляйце так: кладзіце прадмет у розных месцах, каб дзіця называла, дзе ён (злева ад кнігі, пад тэлевізарам).

Часцей шчыра размаўляйце, каб дзіцяці хацелася падзяліцца ўражаннямі ад мульціка ці прагулкі. Не спяшайце сказаць за яго, дайце магчымасць самастойна сфармуляваць думкі. Калі вучыце вершы і песенькі, сачыце, каб сын ці дачка дакладна разумелі, пра што яны. Прыдумвайце рыфмы і смешныя гісторыі, вучыце прыказкі і прымаўкі, адгадвайце загадкі.

Сачыце за сваім маўленнем, няхай яно будзе правільным і выразным, гэта стане лепшым узорам.