У нашым рэгіёне на гэтым тыдні 365 вакансій. 

У агульнарэспубліканскім банку вакансій на сайце дзяржаўнай службы занятасці ёсць прапановы з аплатай да 100 рублёў з няпоўнай стаўкай, а ёсць з заробкам амаль у 1000.

Самую высокааплатную прапанову мы знайшлі ў Смаргонскім раёне.

Маладзечна

На 24 студзеня актуальныя 85 вакансій. Пры выбары прапаноў за апошні тыдзень з’яўляецца 244 вакансіі, за апошні месяц было размешчана 369.

Прапануюць аплату працы ад 305 да 900 рублёў. Самая частая прапанова па раёне – ад 400 рублёў.

Самы нізкі заробак у спісе, 305 рублёў, прапануюць будучаму менеджару ў сферы рэкламы і продажаў Палаца культуры, повару Зас­кавіцкага дзіцячага садка-школы, прадаўцу таварыства “Фрутэгмілк” і сталяру палачанскай школы.

На пяць рублёў больш прапанова для сацыяльнага работніка, яшчэ на 20 – слесару лакаматыўнага дэпо.

Ніжэй за 400 рублёў абяцаюць аплату інспектару па кадрах таварыства “Юлайн”, бухгалтару на перыяд дэкрэтнага адпачынку і дыспетчару раённай бальніцы, перакладчыку мовы жэстаў, работнікам лакаматыўнага дэпо.

Ад 400 рублёў прапануюць загадчыку аддзялення цэнтра сацабслугоўвання, інжынеру-электрыку ў Селеўцах, менеджару з досведам працы ў сферы інфармацыйных тэхналогій у Палацы культуры, жывёлаводу ў Сасновым Бары.

500 рублёў будзе зарабляць трактарыст і аператар машыннага даення ў Хажове, касір чысцінскага магазіна. 550 – аператар кацельні і машыністы.

Ад 600 рублёў заробак памочнікаў машыніста і кіроўцы водаканала.

Самая высокааплатная вакансія – прапанова ў 900 рублёў – для машыністаў лакаматыўнага дэпо.

Вілейка

Для Вілейскага раёна 24 студзеня размешчана 13 прапаноў.

Найменшы, у 165 рублёў, прапануюць ветэрынарам райветстанцыі за 0,5 стаўкі. Касіра краязнаўчага музея шукаюць на 305 рублёў.

Да 400 рублёў прапановы для повара Людвіноўскай школы, ветэрынарным дактарам з досведам працы ад пяці год.

400 рублёў заробку атрымае повар вілейскай гімназіі “Логас”. Ад 500 заробяць інжынеры фабрыкі дзвярэй “Лаза”.

Самая высокааплатная прапанова чакае галоўнага дзяржаўнага інспектара райветстанцыі – ад 700 рублёў.

Валожын

Для валожынцаў прапаноў на 24 студзеня не было.

Мядзел

Адзіная прапанова – вакансія майстра лесу Нацпарку “Нарачанскі” з заробкам ад 430 рублёў.

Ашмяны

У Ашмянскім раёне шукаюць сем спецыялістаў.

305 рублёў абяцаюць паштальёну і аператару сувязі, а таксама пад­собнаму рабочаму аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама. На пяць рублёў болей заробіць падсобны рабочы таварыства “Унісон груп”. У аддзеле ідэалогіі патрабуецца таксама начальнік групы па гаспадарчым абслугоўванні, які атрымае 362 рублі.

Самая высокааплатная вакансія раёна – 500 рублёў – для галоўнага інжынера прадпрыемства “Граўжышкі”.

Смаргонь

259 вакансій чакае спецыялістаў у Смаргонскім раёне. Аднак гэта лічба нязначна мяняецца пры выбары вынікаў за тыдзень ці месяц – расце да 292. Паводле банка, тут не так хутка абнаўляюцца вакансіі, як на Маладзечаншчыне.

У Смаргонскім раёне ёсць прапановы да 100 рублёў для работнікаў на 0,25 стаўкі – правізар, фармацэўт, культарганізатар.

Ніжэй за 200 рублёў прапануюць вакансіі з паловай стаўкі для метадыста, педагога, кладаўшчыка, повара, слесара, правізара, інжынера-тэхнолага камбіната бытавога абслугоўвання.

Сольская школа шукае педагога-псіхолага за 265 рублёў з веданнем англійскай мовы.

305 рублёў прапануюць па 37 вакансіях. Сярод іх – вартаўнік, прадавец, муляр, дворнік, школьны псіхолаг, акампаніятары, баец жывёлы, ветэрынар, аператар машыннага даення і іншыя.

Ад 305 да 400 рублёў будуць атрымліваць начальнік аддзялення сувязі, інжынер, трактарыст-машыніст, прараб, адміністратар гасцініцы, сацработнік, электрагазазваршчык, загадчык аптэкі, аграном.

400 рублёў заробяць аграном камбіната хлебапрадуктаў, ветэрынар “Шутавічы-Агра”, педыятры і стаматолагі, майстар лесу, слесары. Такі ж заробак прапануюць электраманцёрам па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання лясгаса і таварыства “Кронаспан”. Толькі апошняе дадаткова хоча, каб кандыдат меў досвед ад трох год і валодаў англійскай і нямецкай мовамі.

Настаўніку матэматыкі у СШ №3 прапануюць 412 рублёў, загадчыку аптэкі 429 рублёў, інжынеру “Смаргоньсілікатабетону” – 450.

Ад 500 рублёў будзе заробак бухгалтара прадпрыемства “Крэва”, інжынера-электрыка на “Кронаспане”, спецыяліста аддзела па над­звычайных сітуацыях, электрамеханіка.

600 рублёў заробяць даяр і трактарыст прадпрыемства “Крэва”. 700 – дырэктар прадпрыемства “Савбел-2016”, кіроўца аўтапарка, электраманцёр ЖРЭУ.

Вальшчык лесу і машыніст крана атрымаюць 800 рублёў.

Самы высокі заробак будзе мець галоўны інжынер мясцовага філіяла “Лідскага малочнакансервавага камбіната” – 995 рублёў.

Астравец

На Астравеччыне шукаюць толькі палявода для прадпрыемства “Гудагай” з заробкам ад 305 рублёў