Фотапасткі дапамагаюць знайсці тых несумленных грамадзян, што выкідаюць у лесе смецце. Спрыяюць супрацоўнікам лясгаса ў прыпыненні незаконнай высечкі лесу і крадзяжоў ужо гатовай драўніны. Дзякуючы гэтым прыстасаванням можна сачыць за ляснымі жывёламі.

Чатыры гады таму ў Вілейскім доследным лясгасе набылі пяць фотапастак. Па словах галоўнага ляснічага Сяргея Філістовіча, перш за ўсё, гэтыя прыстасаванні патрэбныя былі, каб змагацца з людзьмі, што робяць звалкі смецця, выкідаюць “адходы сваёй дзейнасці” пасля адпачынку на дарозе ўздоўж лесу.

Яшчэ чатыры-пяць гадоў таму праблема смецця для лясоў Вілейшчыны была вельмі актуальнай. Асабліва там, дзе побач месцяцца лецішчы, а таксама на берагах вадасховішча.

Каб устанавіць парушальніка, звяртаюцца ў ДАІ і да ляснічых

У пазамінулым годзе ў фотапастку трапілі чатыры чалавекі, летась – два. Нягледзячы на тое, што 2018 толькі пачаўся, адзін парушальнік ёсць і ў гэтым годзе. “Засвяціўся” мужчына, які займаўся незаконнай высечкай лесу.

Як пасля ўстанаўліваюць асобы тых, каго “сфатаграфавала” пастка? Па-рознаму. Здараюцца выпадкі, калі ў аб’ектыў трапляе нумар машыны. Тады супрацоўнікі лясгаса звяртаюцца ў ДАІ.

Галоўны ляснічы прыгадаў, што неяк пастка зафіксавала трактар, які з прычэпам смецця ехаў у бок лесу. Праз пэўны час вяртаўся ўжо без смецця. Тады ў фотапастку трапіў твар парушальніка. Супрацоўнікі лясгаса па фотаздымку з пасткі адшукалі несумленнага вяскоўца.

Фотапастка – прыстасаванне не таннае. Чатыры гады таму каштавала ў межах чатырох-пяці мільёнаў недэнамінаваных рублёў.

І ўсё ж па словах Сяргея Аляксандравіча, такія пасткі ёсць практычна ва ўсіх лясгасах рэгіёна.

Часам здараецца, што людзі наўмысна шкодзяць іх, а то нават і крадуць. У Вілейскім доследным лясгасе такіх здарэнняў не было.

На думку Сяргея Аляксандравіча, фотапастка – не тое абсталяванне, пра якое можна казаць, акупілася яно ці не. Галоўнае, што лес сёння значна менш церпіць ад розных парушальнікаў. Ды і выдаткаў на тое, каб арганізаваць брыгаду для збору смецця і накіраваць у лес транспарт, стала значна менш.

Пастка спрацоўвае на рух

Прыстасаванне, што ўяўляе сабой невялікую металічную каробачку з флэшкай, устанаўліваюць на дрэве і добра маскіруюць. Ставяць у тых месцах, дзе найчасцей выкідаюць смецце, незаконна высякаюць лес або ляжаць прыгатаваныя для пагрузкі штабялі дроў.

Прыстасаванне не здымае лес пастаянна. Яно спрацоўвае на рух. Захоча хто-небудзь нашкодзіць у лесе – а фотапастка ў гэты час яго сфатаграфуе. Да таго ж працуе яна ў такім рэжыме, што фотаздымак парушальніка адразу прыходзіць у лясгас, на камп’ютар інжынеру па ахове лесу. “Па гарачых слядах” спецыялісты выязджаюць на месца.

Па заканадаўстве, калі ў лесе ёсць фотапастка, на ўездзе каля дарогі размяшчаюць плакат, які паведамляе пра відэаназіранне.

Ці трапляюць у фотапасткі несумленныя грамадзяне, што прыязджаюць пад Новы год за бясплатнай ялінкай? А ягаднікі, якія летам збіраюць чарніцы недазволенымі камбайнамі? Вока фотпасткі зафіксуе і іх.

А вы ведалі, што па вілейскіх лясах блукаюць рысі?

Яшчэ адна функцыя фотапастак – назіранне за жывёламі. Работнікі лясгаса часта ўстанаўліваюць камеры ля падкормачных пляцовак. Дзякуючы такому назіранню, прыблізна ведаюць, колькі якіх жывёл у лесе, іх узрост.

Асаблівая тэма – назіранне за рэдкімі жывёламі і птушкамі. Пасля вельмі доўгага перапынку ў лясах Вілейшчыны з’явіліся рысі. Спачатку работнікі лясгаса заўважылі сляды. А потым, дзякуючы фотапасткам, пабачылі рэдкага звера. Па словах Сяргея Аляксандравіча, на сённяшні дзень на Вілейшчыне дакладна ёсць тры рысі.

Распавёў галоўны ляснічы і пра рэдкую птушку, што гняздуецца на Вілейшчыне, – беркута, або арлана белахвостага. Звычайна гэтыя птушкі жывуць у глухіх месцах, таму гнязда іх пакуль не знайшлі.

А вось саміх арланаў бачылі. У месцы, дзе яны могуць з’явіцца, паклалі прынаду – тушу жывёлы. На яе сфакусавалі фотапастку. І праз нейкі час у аб’ектыў сапраўды патрапілі арланы белахвостыя. Пакуль можна сцвярджаць, што на Вілейшчыне ёсць пара гэтых птушак.

Канешне, усе праблемы фотапасткі не вырашылі. Аднак дакладна можна казаць: смецця, незаконных высечак стала менш. І прычын тут некалькі. Працуе, як сказаў галоўны ляснічы, “сарафаннае радыё”. Нехта заплаціць штраф за свае незаконныя дзеянні, раскажа знаёмым – і тыя не захочуць шкодзіць. Такім чынам пасткі дысцыплінуюць.

А яшчэ, па назіраннях Сяргея Аляксандравіча, людзі сталі больш сумленныя. Пачалі задумвацца пра экалогію, пра паасобны збор смецця. На Вілейшчыне шмат робяць у гэтым накірунку.