Гаспадар аграся­дзібы ў Астравецкім раёне летась арганізаваў прыборку, падчас якой вывезлі больш за 2 500 літраў смецця.

Чаму пра Аляксандра Дарашэвіча кажуць, што ён плавае нібы сыр у масле, чытайце ў вытрымках з нашай размовы.

Узнагароджвае галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч. Фота Наталлі Тур.

Узнагароджвае галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч. Фота Наталлі Тур.

Пра сыр у масле

Мы сям’ёй жывём па прынцыпе кармічнага менеджмента. Любое дзеянне, станоўчае ці адмоўнае, вернецца у сто разоў. Калі смеціш – неабавязкова заўтра смецце на галаву зваліцца, але хутка дзіця захварэе, і будзе незразумела, чаму. А калі зробіш добры ўчынак – атрымаеш падарунак.

Мы не здзіўляемся, калі жывём добра. Пра мяне кажуць, што Дарашэвіч як сыр у масле плавае. Але летам а палове шостай я ўжо працую на вуліцы, прыбіраю смецце.

Як зарабляць шмат

Вёска памірае і таму, што вясковыя школьнікі не ведаюць, як у вёсцы можна жыць паспяхова, багата і карысна для здароўя. Бацькі арыентуюць на горад, каб быў лепшы заробак. Але такі ж парадак грошай можна мець у вёсцы і не парушаць асяроддзе.

Жонка з навучальнай праграмай ездзіла па школах, пыталася ў дзяцей, як можна атрымаць шмат-шмат грошай. Са­мы папулярны адказ – выйграць у латарэю, атрымаць спадчыну, адзін яшчэ сказаў: узяць танны лес, прадаць дорага.

Пытаешся, а як жа новы вырасце – ну дык гэтым ужо дзяржава павінна займацца. Гэта спажывецкае стаўленне. Ніхто не прапанаваў не лясамі гандляваць, а ўзяць адно дрэва і зрабіць з яго мэблю ці мастацкі выраб.

Часам рэч, зробленая рукамі, прынясе больш грошай, чым калі стаяць на заводзе. Неабавязкова цягаць інструменты, можна знай­сці занятак, які прыносіць задавальненне, грошы і не шкодзіць прыродзе.

Адказнасць за свой лёс

Раней у вёсцы жыў каваль, пчаляр, майстры. Дзеці гадуюцца на прыродзе, дастатак, задавальненне ад працы. А што ты атрымаеш у горадзе? Выгоды? Дык тое самае ў вёсцы можна зрабіць – і ацяпленне, і ваду, і газ, і каналізацыю. Якасць жыцця ў горадзе і вёсцы непараўнальная. У горадзе шмат фактараў, якія пераадолець немагчыма – чысціня паветра ад асабістых высілкаў не зменіцца ніяк.

Калі ад фермы ідуць нітраты ў калодзеж – прыбраў, і будзеш піць чыстую ваду, вырашыў не паліць пластык – атрымаў чыстае паветра. У вёсцы ты сам адказваеш за сваё жыццё, у горадзе ж гэту адказнасць дэлегуеш камусьці і скардзішся, што нешта не пачысцілі, дзесьці не выканалі. Сам жа адасобіўся ад свайго жыцця. Страшна кіраваць сваім лёсам, прасцей аддаць у чужыя рукі.

У вёсцы трэба мала грошай. Уладкаваць побыт няма ніякіх праблем. Стварыць у вёсцы гарадскія ўмовы можа кожны, а вось у горадзе чыстае паветра купіць немагчыма.

Можна завесці пасеку на 300 вуллёў і збіраць мёд у прамысловых маштабах, забруджваючы асяроддзе, а можна паставіць 20 вуллёў і рабіць экалагічна чысты прадукт, які каштуе ў пяць разоў даражэй і мае попыт.

Пусты лес

Мы ездзім па лясах, але лес пусты. Лясгас замест развіцця лесу стварае паркавую гаспадарку. Задача – вырасціць дзелавую драўніну, але ж так збядняецца прырода. Трэба елкі – астатняе высякаецца, але ж крушына – корм птушак.

Біяразнастайнасць павысіць маю якасць жыцця і дапаможа скараціць затраты на вя­дзенне гаспадаркі. Бу­дзе куніца і сава – значыць, менш мышэй. Ну, і калі шмат птушачак, гэта такое эстэтычнае задавальненне!

Як выбралі хутар

Адна з прычын пераезду ў вёску – дзеці выраслі, не трэба вырашаць пытанні з адукацыяй. У 2011 годзе выбралі гэты хутар. Выбіраць жыллё трэба ў залежнасці ад мэт. Калі вы аматары палявання – месца павінна гэтаму адпавядаць. На радзе сям’і неабходна, каб кожны расказаў, што трэба яму, прыйсці да паразумення, сумесна стварыць мадэль, што ты шукаеш, а пасля шукаць сярод прапаноў тое, што найбольш блізкае да гэтай мадэлі.

Некаторыя мяркуюць, што можна купіць танны дом, і будзе сваё месца на прыродзе, але яны не ўлічваюць, што дому неабходны пастаянны догляд, без якога той прыходзіць у непрыдатнасць. І калі прыязджаць толькі двойчы на год на тыдзень, то выгадней наведваць аграсядзібу.

Гэты дом ля Сарачанскіх азёр знайшлі выпадкова, глядзелі іншы. Пабудовы ніякія, але пасярод лесу, і гэта нас падкупіла, сосны – абхапіць немагчыма. Дзікія жывёлы прыходзяць на ўчастак.

Як дзеці сталі неймаверна паспяховымі

У нас двое дзяцей, сын Антон і дачка Яўгенія. Ужо самастойныя, у гэтым месяцы стаў дзядулем.

Дзеці многага дасягнулі, і ў гэтым я бачу кармічны менеджмент у дзеянні. Сын паступіў ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кінемата­графіі, адзіны ў групе скончыў з залатым медалём, атрымаў прэзідэнцкую прэмію каля 10 тысяч долараў, урад Масквы на развіццё бізнесу выдаў 500 тысяч рублёў, ніякіх блатаў, я да кіно не маю ўвогуле ніякага дачынення. Яму проста ўсё вяртаецца. Дачка вучылася ў Чэхіі, прайшла конкурс пад­трымкі студэнтаў, са стыпендыяй жыла лепш за нас, ездзіла ў падарожжы. Але жыць у Еўропе не захацела. Яны з сынам арганізавалі “Кіна хаўз” – пакоі, дзе можна і кіно пагля­дзець, і паесці. Сын кіруе ў Маскве, дачка гаспадарыць філіялам ў Піцеры.

Наша задача як бацькоў – максімальна раскрыць магчымасці дзяцей. Калі прыходзілі са школы і расказвалі: “Наша Мар’я Іванаўна сказала, што рабіць трэба так і так”, я адказваў: “Мар’я Іванаўна колькі зарабляе? А твой бацька? Каму верыць?”

Прымайце парады ад тых лю­дзей, якія жывуць так, як хацелі б вы.

Дом будавалі, каб сем’і дзяцей прыязджалі гасціць, таму на час, калі яны ў Расіі, мы аказваем паслугі аграсядзібы.

Як пазнаёміўся з жонкай

Нарадзіўся ў вёсцы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці, пераязджалі ў іншыя месцы, таму што бацька працаваў у лясной гаспадарцы, яго пераводзілі. Хацеў паступаць, каб займацца прыродай, але бацька сказаў, што хопіць у сям’і леснікоў. Хаця я сваіх дзяцей ва ўсім падтрымліваў, нават шчыра сумніўныя ідэі. Атрымаў адукацыю інжынера-цеплаэнергетыка, працаваў на прадпрыемстве, а пасля адкрыў сваю праектную арганізацыю. Займаўся і альтэрнатыўнымі крыніцамі энергіі, сваім прыкладам паказваю, што гэта добра.

Жонцы Вользе больш трэба людзі, таму яна на некалькі дзён на ты­дзень ездзіць у Мінск, там кліенты, ёга. Пазнаёміліся так – пайшоў па размеркаванні ў армію, вярнуўся, сустрэўся з сябрамі – а там і яна была. І ўсё атрымалася.

Пра АЭС і экалагічнасць

Хаця каля нас стаіць АЭС, я лічу, так яе і не запусцяць. Таму наконт экалагічнасці нашага месца не клапачуся. Агратурызм – гэта не калі паказваюць жывёл у клетцы, а калі яны сустракаюцца ў прыродзе.

Дамоў я прыходжу начаваць. Дома няма тэлевізара, і ўвесь час ёсць чым заняцца – у нераст чырвонай рыбы ахоўваў ад браканьераў і разбіраў плаціны, прыбіраю смецце, фатаграфую прыроду, будую, заклаў лесасад. Шмат часу шукаў саджанцы – больш за 30 відаў арэханосаў, сярод іх грэцкі арэх, чорны, фундук, ядомы каштан, кедры. У садзе будуць і чарэшні, абрыкосы, але асноўны акцэнт на арэхі.

Што за бізнес без алкаголю

У сядзібе мы не вітаем алкаголь, забараняем курыць. Нават у міністэрстве кажуць, ну, што гэта за бізнес без алкаголю. Так, калі б мы пускалі застоллі, мы зараблялі б на парадак больш і былі б больш паспяховымі, але з пункту гледжання кармічнага менеджменту мы не бы­лі б шчаслівыя. Таму на­шы госці – тыя, хто хоча пабыць на прыродзе.

Чаго баяцца гараджане

Некаторыя гарадскія вельмі далёкія ад прыроды. Прыехалі госці, засталіся ў палатцы, раніцай прыходжу, у палатцы нікога няма. Падыходжу да машыны. Сядзяць там, кажуць, што нейкі жук у палатцы. Ну, іду глядзець, што там за страшны звер, адкрываю палатку – божая кароўка сядзіць!