Было гэта ў пачатку 90-х, калі я працаваў у Мілэйкаўскай школе. Адна мая вучаніца з вёскі Пераходы знайшла, капаючы бульбу, танюткую жоўценькую манету, якая вельмі добра захавалася, нягледзячы на тое, што доўгі час ляжала ў зямлі. 

Назаўтра ж яна прынесла сваю знаходку ў школу, каб абмяняць яе на якую-небудзь дробязь з аднакласнікамі. Тут яе знаходка і трапіла на мае вочы. Убачыўшы яе, я зразумеў, што вартасць манеты ў шмат разоў вышэйшая, каб быць абмененай на якую-небудзь цацку ці наклейку.

З аднаго боку на ёй быў выбіты рыцар на ўвесь рост з мячом у правай руцэ і пучком стрэл у левай. Быў таксама надпіс лацініцай і дата – 1807. З другога боку – надпісаны квадрат на фоне расліннага ўзору.

Узяўшы манету на “экспертызу”, я вызначыў з дапамогай нумізматычнага даведніка Валянціна Рабцэвіча, што гэта быў залаты нідэрландскі дукат. Адразу ж узнікла пытанне: якім чынам ён мог трапіць у Пераходы? Першае, што прыйшло ў галаву, калі меркаваць па даце, — яго страціў тут якісьці напалеонаўскі ваенны.

Аднак з той жа кнігі Рабцэвіча і з некаторых іншых крыніц я даведаўся і пра тое, што гэта магла быць расійская падробка нідэрландскай манеты, якая цягам доўгага часу пад сакрэтам масава штампавалася на Пецярбургскім манетным двары. Такія дукаты выкарыстоўваліся расійскай казной для фінансавання рускіх замежных ваенных экспедыцый, для рознага кшталту замежных плацяжоў. Ды і ў самой Расіі яны мелі шырокае хаджэнне. Ні вагой, ні пробай гэтыя грошы нічым не адрозніваліся ад арыгінальных.

Аднак урад Нідэрландаў праз нейкі час выказаў афіцыйны пратэст Расіі, бо падробленых грошай аказалася ў два разы больш, чым выпусцілі самі галандцы.

Расійскі ўрад вымушаны быў зняць фальшывыя дукаты з абарачэння і пераплавіць іх. Вядома ж, не ўсе яны трапілі на пераплаўку. У наш час сярод калекцыянераў расійская падробка цэніцца нашмат больш, чым арыгінал (на сённяшні дзень цана такой манеты перавышае 1000$). Відаць, звязана гэта з атмасферай сакрэтнасці, якая суправаджала іх выпуск, і з самім фактам афіцыйнай падробкі.

Такім чынам, паходжанне манеты, знойдзенай у Пераходах, было хутчэй расійскім, чым нідэрландскім. Магчыма нават, што дукат усё ж быў з трафеяў нейкага напалеонаўскага салдата ці афіцэра. Улічваючы каштоўнасць манеты, я вярнуў яе не самой дзяўчынцы, а бацькам. Які далейшы лёс знаходкі – не ведаю, але падазраю, што яе нумізматычная каштоўнасць гаспадарамі ўлічана не была.