Пётр Міклашэвіч будзе трэці тэрмін кіраваць Канстытуцыйным судом.

Заканадаўствам прадугледжана, што старшыня Канстытуцыйнага суда прызначаецца прэзідэнтам са згоды Савета рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з ліку суддзяў Канстытуцыйнага суда тэрмінам на пяць гадоў.

Пётр Міклашэвіч, ад 2008 года кіруючы Канстытуцыйным судом Беларусі, ізноў прызначаны Аляксандрам Лукашэнкам на гэты пост.

Ураджэнец вёскі Касута Вілейскага раёна Мінскай вобласці, доўгія гады працаваў суддзёй на Гомельшчыне, у 1998 годзе заняў пасаду першага намесніка міністра юстыцыі. Праз год Пётр Міклашэвіч перайшоў на пасаду першага намесніка Вярхоўнага суда Беларусі, а ў 2004-м быў прызначаны генеральным пракурорам.

У Канстытуцыйны суд Міклашэвіч прыйшоў у 2008 годзе. Кіруе КС ўжо 10 гадоў (другі тэрмін Міклашэвіча на пасадзе старшыні пачаўся 8 лютага 2013 года).

Канстытуцыйны суд Беларусі быў заснаваны ў 1994 годзе. У яго склад уваходзяць 12 суддзяў, 6 з якіх прызначаюцца прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і 6 выбіраюцца Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права. Тэрмін паўнамоцтваў прызначаных і абраных суддзяў складае 11 гадоў. Яны могуць быць абраныя і прызначаныя на новы тэрмін. У Беларусі гранічны ўзрост знаходжання на пасадзе суддзі Канстытуцыйнага суда  – 70 гадоў.