«Міс Беларусь — 1998» Святлана Крук

Першакурсніца Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта, будучы матэматык, Святлана наведвала тэатр моды «ўні-арт», які працаваў пры ВНУ. Разам з іншымі дзяўчатамі часта выязджалі на паказы і дэфіле. На адным з такіх паказаў у сталіцы юную прыгажуню заўважылі педагогі Нацыянальнай школы прыгажосці. У ёй яна пасьля займалася некалькі гадоў. «Выпускным экзаменам» стаў першы рэспубліканскі конкурс прыгажосці. Рыхтавалася да ўдзелу ў ім каля паўгода і перамагла.

Пасля ашаламляльнай перамогі працягнула вучыцца на матэматычным факультэце ГрДУ. Паралельна ўдзельнічала ў міжнародных конкурсах прыгажосці, працавала мадэллю і дэфілявалі на подыумах Мілана і Ню-Ёрка.

Індустрыя прыгажосці прадвызначыла асабістае жыццё: будучы муж прачытаў інтэрв’ю Святланы ў адной з гродзенскіх газет, знайшоў прозвішча ў тэлефонным даведніку і патэлефанаваў. Праз два месяцы яны пажаніліся.

Зараз Святлана з мужам жывуць у Маскве. Гадуюць траіх дзяцей.Гэта не спыняе перад удзелам у конкурсах прыгажосці. Змагаецца яна ўжо за званне місіс. У яе «скарбонцы» тытулы «Місіс Сусвет — 2013», «Місіс Зямны Шар — 2017».

Пры гэтым асноўнай сваёй справай Святлана лічыць выкладанне. У 2010 годзе на конкурсе «Настаўнік года» ўвайшла ў тройку лепшых педагогаў Масквы. Узнагароджаная ўрадавым медалём «За заслугі перад расійскай адукацыяй». Атрымала сертыфікат настаўніка IB, які дае права выкладаць матэматыку на англійскай мове ў любой краіне свету ў сістэме міжнароднага бакалаўрыяту.

Святлана часта бывае ў Гродна, дзе жыве яе мама. Прыгажуня заўсёды ў ліку журы конкурсу «Каралева прыгажосці. Міс Гродна». Вельмі цёпла адгукаецца аб родным горадзе і заўсёды падкрэслівае, што родам з Прынёманскага краю.

«Міс Беларусь — 2010» Людміла Якімовіч

Заваявала карону ў 22 гады. Да гэтага вучылася ў Гродзенскім філіяле Беларускага інстытута правазнаўства па спецыяльнасці «Юрыдычная псіхалогія». На конкурс «Міс Беларусь» пайшла па парадзе сяброўкі, да подыуму да гэтага часу не мела ніякага дачынення. Людміла калісьці сур’ёзна займалася плаваннем.

Дзяўчына так распавядала журналістам пра свае ўражанні ад перамогі: «Стаю на сцэне, абвяшчаюць, што я перамагла – і я амаль падаю ад нечаканасці. Таму што сама рабіла стаўкі на іншых удзельніц!»

Акрамя тытула самай прыгожай дзяўчыны краіны, атрымала карону з белага золата і прыз у пяцьдзесят мільёнаў беларускіх рублёў. Праз год Людміла заваявала тытул першай віцэ-міс Supranational.

У 2012 годзе выйшла замуж і неўзабаве пераехала ў Латвію. Праз паўгода з мужам паляцелі ў Ню-Ёрк. Па апошніх звестках, працягвае будаваць там мадэльную кар’еру. У адным са сваіх апошніх інтэрв’ю прызнаецца, што сумуе па Беларусі. Часта тэлефануе старым сяброўкам і пытаецца, што новенькага. А калі прылятае ў Рыгу, абавязкова на некалькі дзён заязджае да таты ў Гродна.

«Міс Беларусь — 2014» Вікторыя Мігановіч

З Вікторыяй мы звязаліся па тэлефоне. Падчас нашай размовы ў трубцы раз-пораз чуўся звонкі дзіцячы голас. Аказваецца, з часу конкурсу ў жыцці прыгажуні шмат што змянілася – яна выйшла замуж. Яе выбраннікам стаў малады чалавек, з якім пазнаёміліся задоўга да ўдзелу ў «Міс Беларусь». Ён працуе ў будаўнічай сферы. Сям’я жыве ў Мінску. Сем месяцаў назад у іх нарадзілася дачка Ева.

Нагадаем, за перамогу ў конкурсе Вікторыя Мігановіч атрымала ў падарунак падарожжа ў Парыж. У той час яна скончыла Мінскі медкаледж і ўжо працавала па размеркаванні ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Упраўлення справамі прэзідэнта, дзе асіставала стаматолага. Паралельна рыхтавалася да паступлення на юрыдычны факультэт.

Па тэлефоне Віка распавяла, што праз год атрымае дыплом юрыста. Аднак і да дэкрэта ўжо некаторы час працавала па новай спецыяльнасці. Працягвае рабіць крокі ў індустрыі прыгажосці.

У роднай Смаргоні бывае, але нячаста. Там жывуць яе бацькі. Дарэчы, нарадзілася Віка не ў раённым цэнтры, а ў вёсцы Ракаўцы, дзе скончыла базавую школу. У сярэднюю школу хадзіла ў Крэве.

«Гродзенская праўда».