1. Як бы цяжка не было сям’і, шмат вучыўся

З дзядоў і прадзедаў Барыс Уладзіміравіч паходзіць з вёскі Агароднікі Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Але нарадзіўся ў Расіі, калі яго бацька яшчэ да першай сусветнай вайны з’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе, скончыўшы курсы сувязістаў, працаваў на пошце і тэлеграфе. Затым ажаніўся з сялянкай Цвярской губерні Ксеніяй Зуравай, а 6 красавіка 1910 года ў іх нарадзіўся першынец, якога назвалі Барысам.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі сям’я Кіта вярнулася на радзіму, у тую заходнюю частку Беларусі, якая неўзабаве апынулася пад польскім панаваннем. Заўчасна памерла маці.

Жыццё сялянскае было не лёгкае, але, маючы здольнасці да навукі, маладому Барысу ўдалося яшчэ да другой сусветнай вайны скончыць беларускую гімназію ў Наваградку, а затым фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта.

Паспеў папрацаваць выкладчыкам матэматыкі ў Віленскай беларускай гімназіі і нейкі час быў яе дырэктарам. 

2. Арганізаваў беларускамоўную вучэльню ў Маладзечне падчас нямецкай акупацыі

У вайну ён жыў у Лебедзеве, дзе нарадзілася яго жонка. Арганізаваў у Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школе. Адным з яго вучняў быў мастак Кастусь Харашэвіч. Ён прыгадваў:

“Барыс Уладзіміравіч прытрымліваўся прынцыпу, што ні вайной, ні чым-небудзь іншым нельга апраўдаць, каб беларуская моладзь засталася непісьменнай. 

Падабраны ім педкалектыў пераважна з навучэнцаў даваенных беларускіх гімназій і настаўніцкіх семінарый ствараў атмасферу сапраўднай беларускай нацыянальнай навучальнай установы.

Менавіта таму пасля вайны многія навучэнцы і настаўнікі школ перыяду нямецкай акупацыі ў той ці іншай ступені падвергліся рэпрэсіям з боку камуністычнага рэжыму”.

2. Быў у турме ў Вілейцы

У 1944 яго арыштавала гестапа пасля закрыцця вучэльні. Зняволілі ў турму ў Вілейцы. Ад растрэлу выратавалі былыя вучні.

Прадбачыў далейшыя праблемы,  пакінуў Беларусь і апынуўся спярша ў Заходняй Нямеччыне, затым у ЗША

3. Ведаў сем моў

Пры гэтым часта казаў, што беларуская – найпрыгажэйшая ў свеце. 

Барыс Кіт на карціне Кастуся Харашэвіча.

4. Амерыканцы даляцелі да Месяца дзякуючы яму

Ён вучоны ў галіне астранаўтыкі, заслужаны прафесар Мэрылендскага ўніверсітэта (ЗША), найстарэйшы член Амерыканскага таварыства астранаўтыкі, ганаровы член Брытанскага міжпланетнага таварыства, член камітэта міжнароднай Акадэміі астранаўтыкі (Парыж), доктар філасофскіх навук, матэматык, фізік, хімік.

У ЗША наш зямляк працаваў у NASA. Вось як ён гэта прыгадвае:

“Я быў старшынёй гістарычнага сходу ў Вашынгтоне, на якім адбылося паяднанне СССР і Амерыкі ў ракетнай галіне. Гэта была першая двухбаковая сустрэча. 1960 год. У Амерыку прыехала група савецкіх акадэмікаў і міністраў. Паколькі я добра ведаў рускую мову і меў на той час вялікі вопыт у ракетнай справе, мяне і прызначылі кіраўніком. Успамінаю, што на сустрэчы не было ніякай палітыкі – толькі навука. Атмасфера была надзвычай дружалюбная…

І я вельмі ганаруся, што распачаў гэтую справу, якая працягваецца і па сённяшні дзень. А вынікам тых перамоў стаў запуск у 1972 годзе савецка-амерыканскай сістэмы “Саюз–Апалон”.

Рады, што большую частку жыцця займаўся навукай, прынёс шмат карысці чалавецтву… Я даследаваў неверагодна цікавыя рэчы ў галіне астранаўтыкі. Асабліва ганаруся тым, што ўдзельнічаў у распрацоўцы вадкага вадароду, які стаў асноўным ракетным палівам, дзякуючы чаму зрабілася магчымым падарожжа на Месяц… На працягу 25 гадоў я працаваў у галіне касмічных даследаванняў у Амерыцы, напісаў першы ў гісторыі касманаўтыкі падручнік па паліве для ракетных сістэм, які быў станоўча ацэнены ва ўсім свеце. І быў заўсёдным дэлегатам усіх міжнародных кангрэсаў па астранаўтыцы, дзе выступаў з дакладамі і паведамленнямі”.

5. Амаль паўстагоддзя беларусы не ведалі пра выбітныя дасягненні земляка

Толькі пасля таго, як заняпаў камуністычны рэжым у былым СССР, а Беларусь стала незалежнай краінай, пачалі з’яўляцца першыя звесткі пра яго, а затым і сам вучоны наведаў сваю Бацькаўшчыну: першы раз у 1992 годзе, другі ў 1994-м.