Многіх зімовых аварый можна было б пазбегнуць, толькі выбраўшы правільнае адзенне і прымацаваўшы флікер у заўважнае месца. 

Ацаніць, наколькі гэта істотна, можна з інфаграфікі вышэй. Святлоадбівальныя элементы вы можаце абраць любога віду: нашыўкі, бірулькі, налепкі. Для дзяцей прапануюць у выглядзе жывёл і казачных герояў. Яны не толькі не сапсуюць знешні выгляд, але могуць арганічна ў яго ўпісацца, а самае галоўнае – захаваць ваша жыццё.

Дзяржаўтаінспекцыя нагадвае, што ў цёмны час сутак неабходна насіць верхнюю вопратку з флікерамі.

Усе мы ведаем, якой пахмурнай і цёмнай бывае беларуская зіма. Адзенне светлых і яркіх колераў не толькі падымае настрой у гэты час, але і робіць больш бяспечным нашы перамяшчэнні па цёмных вуліцах. З якой адлегласці аўтамабілісты заўважаць на ўзбочыне вас ці вашых дзяцей? Прыгадайце колер сваёй курткі і шукайце адказ у інфаграфіцы. Інфаграфіка Аляксандры Парахні.

Асабліва просім бацькоў клапаціцца пра бяспеку дзяцей. Да партфеля ці курткі сына ці дачкі абавязкова прымацуйце флікер! Такая простая рэч падорыць вам спакой. Расказвайце маленькім удзельнікам дарожнага руху пра асноўныя правілы бяспечных паводзінаў на дарозе.

Кіроўцы! Зімой ад вас патрабуецца асаблівая пільнасць. Трымайцеся дазволенай хуткасці, будзьце ўважлівыя, асабліва каля населеных пунктаў. У любы момант на дарозе можа апынуцца пешаход, дзеянні якога цяжка прадбачыць.

Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, адміністрацыйная адказнасць наступная. Пешаход, які ў цёмны час сутак ідзе па дарозе без святлоадбівальнага элемента, можа быць аштрафаваны на суму ад адной да трох базавых велічынь (ад 24,50 рубля да 73,50 рубля). Калі яго парушэнне пацягнула за сабой аварыйную сітуацыю, можа атрымаць штраф ад трох да васьмі базавых (ад 73,50 да 122,50 рубля). 

П’янага пешахода на дарозе штрафуюць на суму ад трох да пяці базавых (ад 73,50 да 122,50 рубля).

Калі парушэнне правілаў дарожнага руху прывяло да лёгкіх цялесных пашкоджанняў пацярпелага ці пашкодзіла транспартны сродак, груз, дарожнае пакрыццё, дарожныя і іншыя пабудовы, маёмасць ці калі віноўнік уцёк з месца аварыі, іх чакае штраф ад пяці да 20 базавых велічынь (ад 122,50 да 490 рублёў).

Паважаныя жыхары! Абазначце сябе святлоадбівальнымі элементамі ў цёмны час сутак. Калі заўважылі каля дарогі нецвярозых пешаходаў ці людзей без прытомнасці, тэрмінова паведамляйце па тэлефонах: (80176) 77-16-56 ці 102. Ваш званок можа захаваць жыццё.