Нагадаем, што ў снежні мінулага года маладзечанка Кацярына Шытыка вырашыла падтрымаць ініцыятыўную групу віляйчанкі Жанны Гардынец, якая змагалася за паляпшэнне ўмоў у вілейскім анкадыспансеры. Кацярына напісала ліст у Адміністрацыю прэзідэнта і сабрала 200 подпісаў маладзечанцаў. Праз пэўны час прыйшоў адказ. У ім на 5 лютага прызначалі сустрэчу прадстаўнікоў міністэрства здравааховы з маладзечанцамі.

Пра тое, што сустрэча адбудзецца ў выканкаме ў 15:00, некаторым маладзечанцам паведамілі па хатніх тэлефонах. Па словах Кацярыны Шытыкі, яе, ініцыятара збору подпісаў, чамусьці ў выканкам не запрасілі. Жанчына даведалася праз знаёмых і прыйшла без запрашэння.

– Каб была лепшая арганізацыя сустрэчы, каб хаця б за некалькі дзён паведамілі мне, каб сустрэчу прызначылі не на 15:00 – разгар працоўнага дня, – народу сабралася б значна больш. А то на такое важнае мерапрыемства змагло прыйсці толькі шэсць маладзечанцаў. Гэта ж ганьба! – падзялілася з карэспандэнтам «Рэгіянальнай газеты» Кацярына Шытыка.

На сустрэчы ў малой зале на пытанні жыхароў горада і журналістаў адказвала начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Наталля Баярская.

Па словах Наталлі Іларыёнаўны, у вілейскім анкадыспансеры яна бывае раз на тыдзень па працы. Таму аб праблемах ведае.

– Калі б не ініцыятыва маладзечанцаў і віляйчан, ці былі б нейкія змены ва ўмовах лячэння анкалагічна хворых у Вілейцы? – запытаў карэспандэнт «РГ» у Наталлі Баярскай.

– Канешне, гэтыя звароты абвастрылі праблему, – адказала начальнік упраўлення. – Але ў 2018 годзе мы планавалі працаваць у Вілейцы ў накірунку здравааховы. Збіраемся пераносіць радзільню і пытанне анкадыспансера таксама было на кантролі.

Па словах Наталлі Баярскай, да канца красавіка 2018 года хворыя будуць ездзіць на хіміятэрапію ў стары будынак. Усе працэдуры да гэтага часу тут распісаныя.

Потым будынак зачыняць. З’явіцца па 15 ложкаў для хворых, якім патрэбная хіміятэрапія, у маладзечанскай і вілейскай бальніцах. На промневую тэрапію і маладзечанцы, і віляйчане будуць ездзіць толькі ў Мінск. Бо апарат у Вілейцы вельмі стары, яму больш за 30 год.

Рамонт старога корпуса анкадыспансера і будаўніцтва новага ў Вілейцы прызналі немэтазгодным. На базе ЦРБ Вілейкі адкрыюць міжраённы скрынінгавы цэнтр для ранняй дыягностыкі анкалогіі з неабходным дадатковым абсталяваннем. Закупяць апарат УЗІ і, магчыма, камп’ютарны тамограф.

Што будзе з супрацоўнікамі старога анкадыспансера? Людзі хвалюцца, што могуць страціць працу. Па словах Наталлі Баярскай, галоўны доктар Вілейскай ЦРБ усіх супрацоўнікаў старога анкадыспасера забяспечыць працай. «Ніхто на вуліцы не застанецца», – адзначыла начальнік упраўлення.