Маладыя выкладчыкі і навучэнцы Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага прынялі ўдзел у міжнародным праекце пад назвай Life through the eyes of a fairytale (“Погляд на жыццё скрозь прызму казкі”). 

Арганізацыяй і фінансаваннем сустрэчы займалася некамерцыйная арганізацыя Together Luxembourg з дапамогай праграмы Еўрапейскай камісіі пад назвай Erasmus +.

Together уяўляе сабой вялікую сетку моладзевых арганізацый, якія аб’ядноўваюць людзей з дапамогай розных форм нефармальнай адукацыі.

Together створаная ў многіх краінах ЕС, Гватэмале, краінах Афрыкі і Паўднёвай Амерыкі. Кожны год міжнародная сетка Together аб’ядноўвае некалькі тысяч чалавек з краін з рознымі культурамі праз міжнародны моладзевы абмен, валанцёрскую працу, семінары, навучальныя курсы. Звыш за 3000 маладых людзей інтэграваныя ў дзейнасць Together.

За гэтым разам праект пад назвай “Погляд на жыццё скрозь прызму казкі” ладзіўся ў горадзе Дыферданж (Люкембург) ад 15 да 23 студзеня 2018 года. У праекце прынялі ўдзел людзі з шасці краін свету: Азербайджана, Беларусі, Балгарыі, Люксембурга, Расіі і ЭстонііСямідзённая праграма моладзевага абмену праходзіла ў скаўцкім цэнтры Chalet Honsbësch (Дыферданж) і складалася з розных практычных семінараў, майстэрняў, прысвечаных шматлікім відам мастацтва: тэатру, жывапісу, фатаграфіі, музыцы.

 Удзельнікі праекта мелі магчымасць абмеркаваць важнасць захавання традыцыйнай культуры і асобую ролю казак у сучасным грамадстве. Практычныя семінары дапаўняліся дыскусіямі, пастаноўкамі казак, выкананнем музыкі. ­Удзельнікі змаглі рэалізаваць свае ўласныя мэты, распрацаваць і стварыць тэатралізаваныя пастаноўкі. У наш час традыцыйныя казкі не так папулярныя, як новыя і сучасныя, таму гэты абмен – выдатная магчымасць даць новае жыццё старым казкам.

Два дні моладзь з праекта магла правесці ў горадзе Люксембург. Пас­ля агляднай экскурсіі ­ўдзельнікі наведалі Еўрапейскі цэнтр, дзіцячы цэнтр Maison relais-foyer Pinocchio, рускі цэнтр навукі і культуры і падлеткавы цэнтр Bonnevoie. У гэтых цэнтрах удзельнікам была дадзеная магчымасць выступіць з музычнай і творчай праграмай. Цесная ўзаемасувязь з мясцовымі жыхарамі дазволіла яшчэ лепш пазнаёміцца з асаблівасцямі жыцця княства.

На пачатку праекта прадстаўнікі ўсіх краін падрыхтавалі “міжкультурную вячэру”, дзе ­ўдзельнікі і мясцовае згуртаванне мелі магчымасць убачыць і паспрабаваць розныя тыповыя прадукты харчавання і напоі краін-удзельніц. Кожны вечар асобная група прадстаўляла сваю краіну з дапамогай розных інтэрактыўных сродкаў: прэзентацыі, відэа, фотаздымкі, гульні, традыцыйныя танцы, песні і г.д. Асаблівасцю беларускай групы стала вывучэнне традыцыйных танцаў “Верабей”, “Матлёт” і гульні шлюбнай накіраванасці “Цяцерка”.

Акрамя танцаў, беларусы на пачатку прэзентацыі заспявалі беларускія народная песні з веснавога цыкла.

А пасля прэзентацыі ўдзельнікам праграмы на вячэру былі прыгатаваныя беларускія дранікі.

Арганізатары праекта адзначылі беларускую дэлегацыю, як самую арганізаваную і крэатыўную. Беларусы з вялікай ахвотай выконвалі ўсе творчыя заданні, дапамагалі па гаспадарчых справах.

Вельмі ўразіла група з Азербайджана: вясёлыя і камунікатыўныя людзі. З першага дня адчувалася, што гэта людзі з сонечнай краіны. Вучылі нас традыцыйным і сучасным азербайджанскім танцам. Песня Ramil Nabran ft Rehim Rehimli & Nadeer – Basdalama настолькі запала ў нашы сэрцы, што стала “неафіцыйным гімнам” сустрэчы.

Падчас гэтага абмену моладзь магла выявіць і параўнаць культурную спадчыну і мастацкія вобразы жыцця шасці краін. Моладзевы  абмен “Погляд на жыццё скрозь прызму казкі” аб’яднаў у сабе людзей з розных краін свету, каб з дапамогай традыцыйных казак, якія з’яўляюцца ўнікальнымі носьбітамі культурнай спадчыны, даследаваць асаблівасці краін-удзельніц.

Сустрэчы такога кшталту – гэта захапляльны досвед, дзякуючы якому чалавек здольны фарміраваць свой уласны погляд і жыццёвую пазіцыю. Абмен досведам і інфармацыяй уяўляе сабой незвычайнае багацце для кожнага ўдзельніка, асацыяцыі і групы. 

Наша супрацоўніцтва з арганізацый Together Luxembourg і праграмай Еўрапейскай камісіі Erasmus + працягваецца. У лютым і маі 2018 года на базе Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Агінскага будуць праведзеныя два праекты. Асноўныя тэмы: “Глабальныя праблемы” і “Праблемы бяспекі”. ­Удзел у гэтых праектах будуць прымаць прадстаўнікі розных краін ЕС, Азербайджана, Украіны і Расіі.