З нашай падборкай гістарычных фактаў вы не прапусціце важныя падзеі, звязаныя з Павіллем.

9 лютага

105 гадоў з часу першай пастаноўкі (1913) у Вільні камедыі Янкі Купалы “Паўлінка”.

10 лютага

1938. 80 гадоў назад у Вязьме (Смаленская вобласць) расстраляны Максім Гарэцкі, пісьменнік, літаратуразнаўца, фалькларыст, лексікограф, мысляр.

11 лютага

1807. Нарадзіўся Напалеон Орда (1807 – 1883), беларускі мастак, кампазітар, піяніст. Сёння складана адназначна сказаць, кім ён быў больш – мастаком ці музыкантам.

У свеце яго больш зналі як кампазітара, а ў Беларусі атрымаў вядомасць стварэннем серый архітэктурна-гістарычных пейзажаў, якія зафіксавалі былую славу, веліч і культуру беларускага, літоўскага, польскага і ўкраінскага народаў. Да нашых дзён дайшло 1060 малюнкаў мастака, якія пераважна захоўваюцца ў музеях Польшчы і Украіны. Памёр 26 красавіка 1883 года.

10 лютага

150 гадоў з дня нараджэння Каганца Каруся (сапр. Кастравіцкі Казімір Карлавіч) (1868 – 1918), беларускага пісьменніка і мастака.

75 гадоў з дня нараджэння (1943) Тычыны Міхася (Міхаіла Аляксандравіча), беларускага пісьменніка, літаратуразнаўца, крытыка

13 лютага

100 гадоў з часу прыняцця (1918) дэкрэта СНК РСФСР аб стварэнні Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама) пры Наркамаце па справах нацыянальнасцей РСФСР.

1974. Памерла Паўліна Мядзёлка, дзяячка беларускай культуры. Нарадзілася 12(24) верасня 1893 года ў мястэчку Будслаў Вілейскага павета.

Скончыла Глыбоцкае царкоўнапрыходскае вучылішча. Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. У Будславе напісала свой найбольш значны твор – мемуары “Сцежкамі жыцця”, якія ў фрагментах пачалі друкавацца з 1958 года.

14 лютага

105 гадоў з дня нараджэння Цвіркі Віталя Канстанцінавіча (1913 – 1993), беларускага жывапісца і педагога, народнага мастака Беларусі.

1989. У Канадзе памёр Вінцэнт Жук-Грышкевіч, педагог, гісторык, літаратуразнаўца, дзеяч эміграцыі ў Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі і Канадзе, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (1970-1982 гг.).

Удзельнік бітвы пад Монтэ Касіна. Нарадзіўся 10 лютага 1903 года ў Будславе.

15 лютага

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.