Інфармацыя пра тое, што цяпер будуць хадзіць толькі дзяржаўныя маршруткі Маладзечна-Мінск, не пацвердзілася. 

12 лютага у “Аўтапарку № 4” адбылася сустрэча індывідуальных прадпрымальнікаў і вадзіцеляў маршрутак з прадстаўнікамі ўлады, транспартнай інспекцыі і падатковай інспекцыі. Сустрэча была абумоўленая тым, што 23 студзеня ў сілу ўступіў Закон “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках”.

Мэтай сустрэчы было растлумачыць сутнасць змяненняў у законе і адказаць на пытанні перавозчыкаў, каб ім было зразумела, як далей працаваць.

– Аднак мы, – кажа індывідуальны прадпрымальнік Алег Канапелька, – ні на адно сваё пытанне ўцямнага адказу не атрымалі. Самае галоўнае, што пачулі – цяпер з нерэгулярных перавозак нам трэба стаць рэгулярнымі. Мы супраць.

Ігар Канапелька патлумачыў, што яны не хочуць прывязвацца да аднаго маршрута Мінск-Маладзечна.

– У тым і сэнс нерэгулярных перавозак, што калі заўтра, напрыклад, стане запатрабаваным маршрут Маладзечна-Смаргонь, мы станем туды ганяць машыны праз кожныя 20 хвілін. Да таго ж, вяселлі і карпаратывы ніхто не адмяняў.

Закон “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках” адмяняе ліцэнзаванне на пасажыраперавозкі і пуцявыя лісты.

– У астатнім жа нічога не зменіцца. Гэты закон не забараняе нерэгулярныя перавозкі.

Пад час сустрэчы прадстаўнік транспартнай інспекцыі агучыў, што нерэгулярныя перавозчыкі не могуць браць наяўныя грошы з пасажыраў.

На што прадстаўнік падатковай інспекцыі адказаў, што маршрутачнікі працуюць па законе.

– У нас у машынах тая ж падатковая інспекцыя абавязала ўсталяваць касавыя апараты, мы сумленна прабіваем квіткі кожнаму пасажыру. І працуем па заканадаўстве. Усе нашы пасажыры застрахаваныя, вадзіцелі перад выхадам на маршрут праходзяць медагляд, машыны – механічную праверку і тэхагляд рэгулярна.

Пакуль кіраўніцтва горада і транспартная інспекцыя не адкажа на пытанні, што задавалі прадпрымальнікі на сустрэчы, у раскладзе руху маршрутак нічога не зменіцца.

– Мы ўсю размову запісалі на відэа. Калі трэба, можаце самі ўбачыць, што нашы пытанні так і засталіся пакуль без адказу.

Прадстаўнік Маладзечанскага райвыканкама Генадзь Актанаровіч, што прысутнічаў на сустрэчы, сказаў:

– А якія пытанні засталіся без адказу? Хай вадзіцелі зададуць  іх мне, я адкажу на наступнай нашай сустрэчы.

Пра дату сустрэчы Генадзь Актанаровіч пакуль не паведаміў.

– Хаця я не разумею, адкуль такая паніка. Хай становяцца рэгулярнымі перавозчыкамі. Не хочуць, кажаце?  Мала лі хто чаго не хоча, а трэба рабіць усе па законе.  

Маршрутчык за Слуцка: “Вашы прыватнікі да гэтага ездзяць ад аўтавакзала? Гэта дзіўна”

Паколькі закон аб “Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках” датычыцца ўсёй краіны, мы патэлефанавалі ў іншы горад Мінскай вобласці – горад Слуцк, дзе таксама працуюць як дзяржаўныя маршруткі, так і прыватнікі.

Сваімі думкамі з намі падзяліўся індывідуальны прадпрымальнік Андрэй.

– Мэта гэтага закона – перавесці ўсіх у рэгулярныя перавозчыкі. Дык вось, я для сябе яшчэ 15 гадоў таму вырашыў, што не, больш я так не памылюся.

Андрэй 15 гадоў таму працаваў як рэгулярны перавозчык.

– Мы не маглі тады вырваць свае грошы ў нашага аўтапарка. Ты ездзіш, абслугоўваеш машыну, запраўляеш яе, а сваіх грошай не бачыш. Пры гэтым, тады прасілі ў аўтапарка, што мы будзем плаціць 15 % ад выручкі, абы толькі нам далі тэрмінал. Нам у гэтым адмовілі. І мы сышлі. Мне цяжка спрагназаваць, як будзе ў Маладзечне, але, думаю, прыкладна таксама. Тыя, хто пагодзяцца працаваць у рэгулярных перавозках, папрацуюць паўгода сабе ў мінус і кінуць гэтую справу.

Андрэй прыгадаў, што сёлета ўступае ў сілу Указ № 7, каторы павінен спрасціць прадпрымальніцкую дзейнасць.

– Паводле гэтага ўказу нават рэгістрацыю ІП адменяць, і таму, хто прыйдзе ў гэты бізнес, адкрытыя ўсе дарогі. Пасажырам жа хвалявацца няма чаго. Гэта здаровая канкурэнцыя. Кожны прадпрымальнік і перавозчык будзе хвалявацца за свайго пасажыра і ствараць яму такія ўмовы, каб пасажыр не сышоў да іншага перавозчыка.

Маладзечанскіх  прыватных перавозчыкаў настрашылі тым, што будуць штрафаваць за пасадку пасажыраў на аўтавакзале. На гэта прадпрымальнік са Слуцка здзівіўся.

– А вашы да гэтага ездзяць ад аўтавакзала? Гэта дзіўна. Мы ўжо даўно збіраем нашых пасажыраў па горадзе. І ўсім добра.