У 2013 годзе ў слуцкую міліцыю патэлефанавала мінчанка і распавяла, што нехта залез у яе дачны дом і скраў рэчы. З хаты зніклі кабель, прас, тры кухонныя нажы, куртка і два камплекты спецадзення. Але затое знайшліся чужыя трусы і кашуля.

Правёўшы экспертызу, судмедэксперты выдзелілі мужчынскі генатып на пакінутых рэчах. Следчыя распачалі крымінальную справу, але пазней прыпынілі, бо ў базе дадзеных не знайшлі супадзенняў і не ўсталявалі, хто здзейсніў злачынства.

У доме дачніцы знайшлі адбіткі пальцаў яшчэ аднаго мужчыны. На той момант ён быў у вышуку. Неўзабаве яго затрымалі і асудзілі. Свае паказанні па справе аб крадзяжы ён даваў як сведка, калі ўжо адбываў пакаранне за іншае злачынства, не звязанае са злачынствам у Слуцкім раёне. Мужчына распавёў міліцыі, што сапраўды ў 2013 годзе ён з яго прыяцелем залезлі ў гэты дом на ноч.

«Ляглі спаць. А калі я прачнуўся, убачыў складзеную торбу з рэчамі, а побач пераапранаецца гэты, без трусоў стаіць. Я спытаў, навошта яму рэчы, спрабаваў адгаварыць. Але ён сказаў, маўляў, у Баранавічах спатрэбяцца», — распавёў сведка.

У 2017 годзе ў базе дадзеных з’явілася супадзенне па генатыпе з 36-гадовым жыхаром Баранавічаў. Мужчына быў неаднаразова судзімы, пастаянна п’янстваваў і жыў дзе давядзецца. Яго затрымала баранавіцкая міліцыя, калі ён выкраў пляшку каньяку з крамы. Адседзеўшы трое сутак, мужчына выйшаў на волю, але яго тут жа затрымала слуцкая міліцыя. Яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Кurjer.info.