Ці можна звярнуцца да дэпутата, калі ў вашым двары яма на дарозе? Ці плацяць грошы раённым дэпутатам? Як мяняецца актыўнасць выбаршчыкаў? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказ удзельнікі круглага стала “Эфектыўнасць дэпутацкай дзейнасці”, што зладзіла рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” 9 лютага.

На круглы стол запрасілі людзей, дзейнасць якіх у той ці іншай ступені звязаная з працай раённых дэпутацкіх корпусаў. Па прапанаваных пытаннях выказваліся былы дэпутат жыхар Чысці Алесь Раткевіч, віляйчанін, дырэктар вілейскага кінатэатра “Мір”, дэпутат Андрэй Дударчык, а таксама дырэктары прыватных прадпрыемстваў Маладзечна Андрэй Душэўскі і Кацярына Шытыка, якія балатуюцца ў дэпутаты.

Два чалавекі пахваляць, а 22 – праклянуць

“Рэгіянальная газета”:

 – Распавядзіце пра свой досвед дэпутацкай дзейнасці, матывацыю, бачанне працы дэпутата:

Андрэй Дударчык:

– Чаму балатуюся? Шчыра ўпэўнены, што я магу нешта зрабіць. Балатуюся ўжо трэці раз, але яшчэ засталіся нявыкананымі даручэнні з часоў першага склікання. Я памятаю пра іх.

Першыя выбары запомніліся як найбольш складаныя. З сапернікам мы былі аднолькава энергічныя і ініцыятыўныя. І я перамог. Суадносіны галасоў тады былі 60 на 40. Гэта сапраўдная барацьба, а не 98 на 2.

У нашай дзейнасці як? Зробіш што-небудзь для людзей – два чалавекі будуць задаволеныя, а 22 цябе праклянуць.  Гэта толькі пацвердзіла сітуацыя з вілейскім анкадыспансерам.

Калі я чытаю праграмы кандыдатаў у дэпутаты, адразу бачна, што многія з іх балатуюцца ўпершыню. Ну, як можна напісаць “я пабудую”?

Галоўнае, не пабудаваць, а не даць разбурыць. У нас як у дактароў: галоўнае, не нашкодзіць.

Кацярына Шытыка: іду дапамагаць людзям.

Кацярына Шытыка: іду дапамагаць людзям.

Кацярына Шытыка:

– Я балатуюся ўпершыню. Магчыма, дэвіз, з якім я іду ў дэпутаты, наіўны, якраз з тых, пра якія казаў Андрэй Дударчык. Я настроеная слухаць людзей і працаваць для людзей. Лічу, што ў дэпутаты павінны ісці людзі з вялікім добрым сэрцам. Я іду дапамагаць людзям. Але тут важна, каб і людзі падтрымлівалі. Мне было вельмі крыўдна, калі, сабраўшы подпісы за вырашэнне праблемы з вілейскім анкадыспансерам, чула шмат нядобрых слоў у свой адрас.

“Тата, а чаму ў нас з табой толькі адзін агульны фотаздымак?”

Андрэй Душэўскі:

– Грамадскую дзейнасць я пачаў даўно. А цяпер адчуў, што прыйшоў час вылучыцца ў дэпутаты. Разумею, што дэпутацтва адаб’ецца на часе, праведзеным з сям’ёй. У мяне ўжо дзіця пыталася: “Тата, а чаму ў нас з табой толькі адзін агульны фотаздымак?”

Вельмі хочацца, каб, нарэшце, улада пачала прыслухоўвацца да ініцыятыўных бізнесменаў, да дэпутатаў. Аднак пакуль ім праблему лепш закрыць, чым абмеркаваць і вырашыць. Паўнамоцтвы дэпутатаў мясцовых саветаў невялікія, але на ўзроўні раёна даволі значныя.

Чатыры гады таму я склаў спіс аб’ектаў, якія пустуюць у горадзе. Зрабіў гэта для таго, каб прапаноўваць маладым прадпрымальнікам будынкі, але не на ўмовах арэнды. Гораду патрэбныя працоўныя месцы, а не гандлёвыя цэнтры. Чаму б не падхапіць гэту ініцыятыву?

У дэпутаты павінны ісці маладыя і амбіцыйныя. У іх ёсць неабходная працаздольнасць. Напрыклад, Кацярына Шытыка працуе ў такім бізнесе, што трэба на працы паставіць раскладушку і начаваць, а тым не менш у яе ёсць час і сілы на ініцыятывы.

Выбаршчыкі звяртаюць увагу на знешнасць і прыгожы касцюм дэпутата

“Рэгіянальная газета”:

– Як змянілася актыўнасць выбаршчыкаў за апошнія некалькі год.

Андрэй Душэўскі:

– Яна роўная нулю. Нядаўна праводзіў пікеты. Многія людзі не разумелі, чаму я тут стаю. Некаторыя баяліся падыходзіць. Калі даведваліся, што балатуюся ў дэпутаты, у лепшым выпадку чуў: “Нічога вы не зменіце.” У горшым –  фразы кшталту: “О! Красці ідзе!” або “Во! Якую морду наеў!” Хочацца спытаць: “Што красці?”. Людзі па-ранейшаму думаюць, што раённыя дэпутаты зарабляюць вялікія грошы. Гэта раней ім крыху плацілі, а цяпер не плацяць.

Кацярына Шытыка:

– Сапраўды, вельмі непрыемна чуць ад людзей: “У бізнесе не зарабіла, дэпутатам хочаш зарабіць!”

Андрэй Дударчык:

– У людзей у свядомасці ўсё яшчэ дэпутаты, якія сядзяць у авальнай зале і атрымліваюць вялікія грошы.

 Я не стаў бы гаварыць, што актыўнасць роўная нулю. Я сказаў бы так: яна не змянілася. Мне шкада нашых выбаршчыкаў. Большасць з іх уяўлення не мае пра тое, чым займаюцца дэпутаты. Вядома, і сярод дэпутатаў ёсць нядобрыя людзі, але не варта па гэтых адзінках меркаваць пра ўсіх. 

Распавесці вам, як людзі ідуць выбіраць дэпутата? 60% паглядзіць на фотаздымак і падумае: “О, гэты прыгожы. За яго прагаласую. А гэты злосны. За яго не буду”. Яшчэ колькі працэнтаў выбаршчыкаў звернуць увагу на дарагі касцюм кандыдата.

Пра якую актыўнасць можна казаць, калі ў Маладзечне толькі ў чатырох выбарчых акругах ёсць альтэрнатыва. У Вілейцы падобная сітуацыя.

Ходзяць скардзіцца дзеля скаргі

“Рэгіянальная газета”:

– З якімі самымі балючымі пытаннямі да дэпутатаў звяртаюцца людзі?

Андрэй Дударчык: выбашчыкі часта не ўяўляюць, што робяць дэпутаты.

Андрэй Дударчык: выбашчыкі часта не ўяўляюць, што робяць дэпутаты.

Андрэй Дударчык:

– Людзі перакананыя, што дэпутат павінны вырашаць праблемы ЖКГ. Выбаршчыкаў хвалюе святло на вуліцы і ямы на дарогах. Дастаткова такіх праблем на вёсцы. Жыхары раёна – вельмі ўдзячная глеба для працы дэпутата. Там дастаткова народ пахваліць, што яны змагаюцца з гэтай ямай, і людзі пачнуць паважаць цябе.

Андрэй Душэўскі:

– Да дэпутата людзі ідуць ад безвыходнасці, калі ўжо абхадзілі ўсе інстанцыі: і ЖКГ, і райвыканкам. Але людзі не думаюць, што шмат залежыць і ад іх. Гэта яшчэ адгалоскі савецкага мінулага, калі любую праблему ішлі вырашаць у партыю.  Калі яма пры выездзе з майго двара, то я сам прывязу неабходныя матэрыялы і адрамантую дарогу.

Неяк да нас прыходзіла жанчына і скардзілася, што ў іх у пад’ездзе святло не гарыць. Яна ўсё хадзіла, а прасцей было сабрацца ўсім пад’ездам і купіць лямпачку. Гэта ж ваша бяспека і вашых дзяцей. Большасць людзей ходзіць скардзіцца толькі дзеля скаргі.

І атрымліваецца, што дэпутат вырашае праблемы ям і лямпачак, якія б маглі вырашыць і без яго. Няўжо ў раёне няма больш важных праблем? У горадзе – беспрацоўе, прадпрыемствы не будуюцца!

Дэпутату таксама варта падумаць пра тое, дзе ён будзе прымаць грамадзян. Напрыклад, калі дэпутат – дырэктар завода з прапускным рэжымам, то як да яго патрапіць на прыём?

Менавіта дэпутаты павінны ўплываць на працу аддзела эканомікі райвыканкама. Сачыць, каб прыцягваліся замежныя інвестыцыі, адкрывалася вытворчасць, ствараліся працоўныя месцы.

Кацярына Шытыка:

– Тут вельмі паказальны прыклад суседняй Смаргоні. Адкуль узяўся “Кранаспан” з добрымі заробкамі і працоўнымі месцамі? Гэта ўсё замежныя інвестыцыі. Там цяпер кватэру наняць каштуе, як у Мінску. А гэта ўсё праца каманды – і мясцовых уладаў, і дэпутатаў.

Андрэй Дударчык:

– Пагаджуся з Кацярынай. Неяк мы, вілейскія дэпутаты, ездзілі ў Смаргонь. Старшыня райвыканкама сустрэў нас на вуліцы, а не ў кабінеце. Там працуюць смелыя людзі, яны не баяцца ініцыятыў. У невялікай Смаргоні пабудавалі агрэгатны завод, робяць браніраваныя аўтамабілі і посуд адзін з лепшых. Чаму б гэтаму ўсяму не быць у Вілейцы?

Не разумею, чаму мясцовыя ўлады не заўсёды хочуць супрацоўнічаць з дэпутатамі? Гэта ж такая дапамога! Сярод дэпутатаў шмат уплывовых бізнесменаў. Такія людзі, як Андрэй Душэўскі, падключаць асабістыя сувязі і праблему змогуць вырашыць хутчэй, чым выканкам.

Алесь Раткевіч: дэпутацкі корпус сёння не патрэбны

Алесь Раткевіч:

– А я лічу, што ў такім выглядзе, як сёння, дэпутаты не патрэбныя! Вось, атрымаў паведамленне пра выбары. Нават не падпісалі, каму яно адрасаванае. Лічу, што празрыстасць выбараў усё цямней.

Вось вы кажаце, што я – выбаршчык – вінаваты ў сваёй пасіўнасці. Вы перакладаеце ўсю адказнасць на мяне. А я да гэтых скрынь не хаджу ўжо два ці тры гады. Адзін раз схадзіў за гэты час толькі для таго, каб паглядзець, ці не паставілі мой подпіс у ведамасці.

Працу дэпутата добра ведаю. Двойчы быў дэпутатам сельсавета, працаваў у выбарчай камісіі. За год да заканчэння майго дэпутацтва здарыўся такі выпадак. Праводзілі справаздачна-выбарчую сесію. Старшыня павінны быў сабраць усіх дэпутатаў у сельсавеце. Прыйшлі тры чалавекі, бо сярод дэпутатаў – дырэктары прадпрыемстваў, у якіх сваіх спраў хапае. І правялі сесію з трыма дэпутатамі. Пасля па маёй ініцыятыве сесію правялі паўторна, старшыню знялі. Праз гэта я стаў вельмі непажаданым у раёне.

За восем год я столькі нагледзеўся, што перастаў хадзіць на выбары. Скажыце, што рабіць у дэпутатах дырэктарам прадпрыемстваў? Хай лепш кіруюць.

Ці вось яшчэ выпадак. Неяк у Чысці старшыня сельвыканкама і дэпутат быў у адной асобе. Напрыклад, я хачу схадзіць да дэпутата паскардзіцца на старшыню. Што мне рабіць?

Чаму я не павінны ісці да дэпутата, калі ў мяне яма ў двары? А да каго мне ісці?

Алесь Раткевіч: дзе былі дэпутаты, калі мы добраўпарадкавалі Боркі?

Алесь Раткевіч: дзе былі дэпутаты, калі мы добраўпарадкавалі Боркі?

Неяк у Чысці хацелі адключыць ацяпленне, каб людзі ўстанавілі новыя катлы. І дакумент пра гэта напісалі. Як дэпутаты маглі такое падтрымаць?

Андрэй Дударчык:

– У паўнамоцтвы дэпутатаў не ўваходзіць дзейнасць ЖКГ. І калі б грамадзяне звярнуліся да дэпутатаў з просьбай адмены гэтай дырэктывы, дэпутаты б, хутчэй за ўсё, іх падтрымалі. У Вілейцы неяк хацелі адключыць на два тыдні гарачую ваду, і толькі дзякуючы дэпутату не адключылі.

Алесь Раткевіч:

– Былі звароты да дэпутатаў. І яны адмовіліся нам дапамагчы. Я дабіўся адмены гэтага загаду, але толькі тады, калі дайшоў да Міністэрства ЖКГ. Уявіце, колькі патраціў нерваў, часу і паперы. Альбо ў Чысці такое прадпрыемства развалілася – “Забудова”! Што дэпутаты зрабілі, каб гэтаму перашкодзіць?

Андрэй Душэўскі:

– Вам адзін дэпутат не дапамог. Не варта праз гэта асуджаць усіх.

Алесь Раткевіч:

– Магчыма, так адбылося таму, што дэпутат, часцей за ўсё, – залежны чалавек. Як, напрыклад, чысцінскі доктар Наталля Люцко. Яна выдатны спецыяліст, але як дэпутат зрабіць нічога не можа з-за сваёй залежнасці.

Андрэй Душэўскі:

– Так. Гэта таму, што яна на дзяржаўнай службе. А мы з Кацярынай кіруем прыватнымі прадпрыемствамі і не залежым ад дзяржструктур. Таму я не разумею, чаму, маючы на гэта час і жаданне, мы не можам пайсці ў дэпутаты. Да таго ж я – чалавек бізнесу. А 70 працэнтаў гарадскога бюджэту – гэта падаткі бізнесменаў. Я маю права ведаць, куды ідуць мае грошы.

Таблічка з прозвішчам – гэта нясціпла

Алесь Раткевіч:

– Разам з актыўнымі людзьмі ў 2011 мы адрамантавалі помнік у вёсцы Боркі на Вілейшчыне, упарадкавалі тэрыторыю, зрабілі ўказальнік. Дэпутат дапамог толькі адзін – Таццяна Косцік. Ні ў райсавеце, ні ў выканкаме нават дзякуй не сказалі.  13 лістапада хацелі ўрачыста адкрыць помнік. Але нас апярэдзілі. 12 лістапада Хаценчыцкі сельсавет запрасіў тэлебачанне і расказаў, якія яны, работнікі сельсавета, малайцы – помнік добраўпарадкавалі.

Андрэй Душэўскі:

– У дэпутацкай дзейнасці ўсё залежыць ад каманды. А калі дэпутаты – сабе, райвыканкам – сабе, то нічога не атрымаецца.  Знаёмая сітуацыя з помнікам, пра якую распавёў Алесь Раткевіч. Да 75-годдзя Перамогі я правёў футбольны турнір для дзяцей, бо для мяне гэта свята – вельмі важнае. 18 камандаў заявілася. А пасля па мясцовым тэлебачанні сказалі, што гэта рабіў выканкам.

Андрэй Дударчык:

– Урэшце, якая розніца, райвыканкам ці канкрэтны чалавек. Галоўнае ж – вынік. Адрамантаваны помнік, задаволеныя дзеці. Так часта бывае і ў дэпутацкай дзейнасці. Вынік ёсць проста марудны. Напрыклад, у маёй акрузе паставілі два крытыя прыпынкі, адрамантавалі шэсць дамоў, цяпер выбаршчыкі просяць дзіцячую пляцоўку.

Часта дэпутату ўвогуле нешта даводзіцца рабіць за свае грошы. Так было з дошкай па Анатолю Рогачу. Толькі чаму дэпутатам не даюць паказаць, што яны гэта зрабілі?

Я даўно прапаноўваў адрамантаваць дзве палаты ў бальніцы. Пагадзіліся. Але калі прапанаваў, каб ля палаты вісела таблічка, за чые сродкі яе адрамантавалі, адразу сказалі: “Не. Гэта нясціпла”. Чаму тады ў Смаргоні гэта нармальная з’ява?

Рэгіянальная газета:

– Ці магчыма павысіць эфектыўнасць працы дэпутатаў?

Андрэй Душэўскі: у дэпутаты павінны ісці маладыя і амбіцыйныя.

Андрэй Душэўскі: у дэпутаты павінны ісці маладыя і амбіцыйныя.

Андрэй Душэўскі:

– Магчыма. Трэба, каб у дэпутаты ішлі маладыя, працаздольныя, амбіцыйныя. У 60 год ужо няма амбіцый. Трэба, каб ішлі людзі бізнесу. Бізнес будуецца на асабістых кантактах, якія могуць прынесці карысць для дзейнасці дэпутата. Такія кантакты заўсёды важныя: не адправіць факс у райвыканкам праз сакратарку, а прыйсці і асабіста пагутарыць з кіраўніком.

Кацярына Шытыка:

– Лічу, што СМІ больш павінны пісаць пра дзейнасць дэпутатаў, каб людзі ведалі, чым яны займаюцца, што добрага зрабілі.

Алесь Раткевіч:

–Сапраўды, не трэба саромецца таго, што ты зрабіў нешта добрае. Дэпутаты павінны мець сваю пазіцыю, не баяцца выказваць асабістую думку. Я шкадую, што шмат пра што маўчаў, калі быў дэпутатам.

А яшчэ для эфектыўнасці трэба, каб мясцовыя ўлады не перашкаджалі ініцыятывам дэпутатаў. І ўсё ж у такім выглядзе, як сёння, дэпутацкі корпус не павінны быць.

Андрэй Дударчык:

Эфектыўнасць – гэта сімбіёз дзейнасці і супрацоўніцтва. Трэба ісці ў адным накірунку, хай сабе і рознымі шляхамі.