У нашай падборцы галоўныя даты тыдня, якія нельга прапусціць.

16 лютага

1895. Нарадзіўся Франц Кушаль (в. Пяршаі, цяпер Валожынскі раён), беларускі ваенны і палітычны дзеяч, публіцыст. Муж паэтэсы Наталлі Арсенневай.

Аўтар успамінаў пра дзеячаў беларускай культуры. Добра пра яго расказваецца ў рамане Кастуся Акулы “Змагарныя дарогі”. Памёр у 1968 годзе ў Рочэстэры, ЗША.

17 лютага

1806. Нарадзіўся Канстанцін Тышкевіч, беларускі гісторык, археолаг, краязнаўца, адзін з заснавальнікаў беларускай археалогіі. У 1856 арганізаваў экспедыцыю па рацэ Віліі, у выніку якой сабраў багаты этнаграфічны матэрыял і напісаў краязнаўчую манаграфію “Вілія і яе берагі”.

Штогод, пачынаючы ад 2007 года, з Вілейскага раёна бярэ старт водная экспедыцыя “Шляхам Тышкевіча”.

Яе прымеркавалі да 150-годдзя вядомага падарожжа па Віліі. Вандроўнікі прайшлі па слядах экспедыцыі Тышкевіча ад вытокаў Віліі да зліцця з Нёманам. 

Арганізатарамі і ўдзельнікамі першай воднай экспедыцыі сталі літоўскія і беларускія навукоўцы, краязнаўцы і турысты. Сёння яна набывае больш папулярызатарскі і турыстычны характар і заканчваецца на тэрыторыі Беларусі. Памёр у 1868 годзе ў Мінску.

18 лютага

125 гадоў з дня нараджэння Максіма Гарэцкага (1893 – 1938), беларускага пісьменніка, дзеяча беларускага нацыянальна-дэмакратычнага адраджэння, літаратуразнаўцы, лексікографа, фалькларыста. Адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы.

Зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай культуры і фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці. Ахвяра сталінскіх рэпрэсій.

19 лютага

1890. Нарадзіўся Казімір Сваяк (сапр. Канстанцін Стаповіч; в. Барані, цяпер Астравецкі раён), паэт, беларускі каталіцкі святар, грамадска-нацыянальны дзеяч. Памёр 6 мая 1926 года ў Вільні.

110 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча (1908 – 1991), беларускага паэта, заслужанага работніка культуры Беларусі.

21 лютага

Міжнародны дзень роднай мовы. Адзначаецца з 2000 года з ініцыятывы ЮНЕСКА дзеля захавання культурных традыцый усіх народаў.