У доме Уладзіміра Чарыкава сапраўднае лясное царства: на ўваходзе сустракае галава лася, стол у гасцінай упрыгожвае янотападобны сабака, на сцяне – бабёр, які нібыта збіраецца сігануць у раку. Ён стварыў столькі кампазіцый, што даўно збіўся з ліку. Але каб з тушы зрабіць такую прыгажосць, давядзецца падрыхтаваць яе, стоячы ледзь не па локці ў крыві.

Захапленне Уладзіміра – таксідэрмія, ці выраб пудзіла з тушы жывёл або птушак. Для такой справы майстру даводзіцца праявіць сябе як кава тры ў адным – і як скульптар, і як мастак, і як хірург.

Цяпер ён працаваў лесніком у Маладзечанскім лясгасе, да гэтага выконваў абавязкі егера, цяпер на пенсіі. Пра тое, чаму паляўнічыя для жывёл прыносяць больш карысці, чым “зялёныя”, і як адлюстраваць хараство прыроды, распавядае ён для чытачоў “РГ”.

– Ці можна навучыцца таксідэрміі па кніжках?

– Упершыню зрабіць пудзіла я паспрабаваў у 1986-87 годзе. Спачатку пачытаў літаратуру з бібліятэкі. Але па-сап­раў­днаму навучыць можа іншы таксідэрміст. Год пяць таму папрацаваў у таксідэрмічнай студыі ў Мінскім краязнаўчым музеі. Экспанаты рабілі з настаўнікам Анатолем Харунжым. Ён дапамагаў абсталёўваць музей і ў Маладзечне, але без мяне. Ад яго навучыўся галоўным тонкасцям, як выконваць працу прафесійна.

Раней таксідэрмісты карысталіся фармалінам, але ён таксічны і шкодны для арганізма, таму яны доўга не жылі. Добра сябе ў гэтай галіне паказваюць спе­цыялісты з ЗША, Канады, Германіі. Яны і распрацавалі спецыяльны раствор, пасля апрацоў­кі якім на пудзіла не лезуць ні моль, ні іншыя кузуркі, і рэч доўга захоў­ваецца.

Галоўнае, адпуджваць насякомых, таму што менавіта ад іх пудзілы развальваюцца.

Нават калі ў шкуры застаецца лічынка, яна шкодзіць. Гатовыя работы трэба чысціць ад пылу і не кранаць рукамі. На іх застаецца тлушч, які пры дотыку псуе шкуру.

Калі шкура апрацаваная нармальным хімікатам, то гарантыя на яе – 80 год.

– Напэўна, вашы працы – найплепшы падарунак для знаёмых?

– Так, нядаўна дарыў кампазіцыю качара з качкай. Пудзілы толькі ў музеі звычайна бачыш, а каб у цябе дома стаяла – гэта зусім нязвычна. У сябе дома ўжо праблематычна знайсці пад іх месца.

Сярод маіх прац – лісы, ваўкі, казулі, янотападобныя сабакі, галава лася, кабана, вавёрачка, куніца. Розныя птушкі – шпак, вальдшнэп, сава, сойка. Усіх і не ўспомніш.

Шкура ў жывёл таўсцейшая, а скура птушкі, як газета. Для майго настаўніка прасцей працаваць з птушкамі, хаця там трэба ўкладваць пер’е, неабходна працаваць вельмі акуратна. Я ж больш люблю працаваць са шкурай.

А вось кампазіцыя з янотападобным сабакам. Убачыў, нехта машынай збіў. Не прападаць жа, думаю, дай зраблю што-небудзь. Але звычайна працую з упаляванымі жывёламі.

– А памятаеце сваё першае паляванне?

– Я сам з Сібіры, з Омска. Дзядзька Вася быў заядлым рыбаком і паляўнічым, і мяне да гэта прывучыў. Упершыню на паляванне хадзілі, калі ў класе пятым вучыўся – я, дзядзька і яго сын, мой стрыечны брат. Пераважна палявалі на качак. Напачатку мазаў, часам трапляў, а радасці ж было!

У Беларусь мяне перацягнула жонка, Таццяна. Яна ў Омску працавала па размеркаванні, я якраз са службы прыйшоў, так і пазнаёміліся. Сын, Анатоль, мае паляўнічы білет, цяпер у Піцеры жыве. Дачка, Каця, жыве ў Мінску, зараз у госці прыехалі. Мае ўнукі, Радзівону 5, а Глебу 13, заўсёды пытаюцца: “Дзед, калі на паляванне возьмеш?”

– А калі вы пачалі, як на ваша захапленне адрэагавалі родныя?

– Спачатку стараўся рабіць па начах, каб сямейныя не бачылі. Са шкурай жа вазіцца – стаіш па локці ў крыві. У першую ноч шкуру здымаў, даводзіў да ладу, а пасля, наступнай ноччу, рабіў пудзіла. Вынік паказаў нараніцу. Першай была галава кабана. Жонка была ў захапленні!

– Ці ёсць любімыя жывёлы, якія найлепш атрымліваюцца?

– Кожная жывёліна і птушка прыгожая, але трэба абраць позу, прыдумаць кампазіцыю, каб гэта выглядала прыгожа. Дапамагае тое, што вучыўся ў мастацкай школе. Гляджу ў часопісах карцінкі, фота жывёл, каб запомніць, якія кадры злавілі ўдала. На паляванні таксама запамінаеш позы жывёл, а пасля прыгадваеш гэтыя карцінкі, каб скласці цікавую кампазіцыю. Калі янота паставіць на чатыры лапы, гэта будзе так сабе, а ўкласці ў позу, аздобіць – атрымаецца прыгажосць.

Настаўнік вучыў, што, пачынаючы працаваць з пудзілам, нельга думаць, якім яно атрымаецца, таму што тады не атрымаецца. І сапраўды, вынік не той. Бо намаляваў сабе карцінку, а напрыканцы крыху не так, і адчуваеш расчараванне. Таму я ў працэсе прыкідваю толькі ў агульным плане, якая поза, пасля дэталі дадаюцца па ходзе справы. Для кампазіцый выкарыстоўваю мох, карчажыны, галінкі, галінкі штучных елак. Іх трэба пратравіць, карчажыны можна пакрыць лакам.

Для работы спачатку трэба ачысціць тушу. Шмат часу ідзе на манекен – аснову для жывёліны. Гэта як скульптура, на якую нацягваюць шкуру, а пасля яе зашываюць. Я раблю манекен з будаўнічай пены, а з тоўстага дроту дадаю арматуру, каб усё трымалася.

Па часе займае па-рознаму. Лася рабіў некалькі месяцаў, рана прачынаўся, нават жонка скардзілася, што спаць не даю. Птушкай калі займацца – размарозіў за ноч, зняў скуру, і калі цэлы дзень займацца толькі ёй, то пад вечар можна закончыць работу.

– Якое мяса з упаляваных жывёл самае смачнае?

– У добрай гаспадыні ўсё смачнае. Я нейкі час займаўся бабрамі, то Таццяна спярша іх не ела. Мой цесць таксама займаўся бабрамі, здаваў толькі шкуру і струмень, а мяса скормліваў сабакам, вось і яна не ела. Я пачаў рабіць тушонку – спадабалася, пасля сама рабіла і шашлыкі, і гуляш. Гэта ж дыетычнае, нават лекавае мяса.

Рабіў шашлык з бабра, даў сябру пакаштаваць, ён кажа, што падобна на нешта паміж свінінай і цяляцінай. У меру мяккае, крыху тлушчу.

Не спажываюць драпежнікаў, астатніх усіх можна. Хаця мой сябра казаў, што з выразкі ваўкоў каштаваў абал­дзенную страву, але ў гэтым я сумняваюся, сам не еў.

Спрабаваў есці і змяю. З намі ў Пскове служыў хлопец з Азербайджана. У той мясцовасці было шмат змей, салдаты рабілі з іх раменьчыкі для гадзіннікаў, а мяса выкідвалі. Ён для нас неяк па-свойму прыгатаваў, праўда, смачна, нешта падобнае да курыцы.

На радзіме ў мяне ёсць сябра, спадчынны мядзведнік, вось ён частаваў мядзведзінай. Своеасаблівая на смак, аддае ягадамі, хвояй.

– Ці здараліся складаныя паляванні?

– Часам даводзіцца і за падранкам пабегаць, і ў загонках пахадзіць. Хаця кожнае паляванне асаблівае, бываюць ню­ансы, але і азарт, і па­дзеі падобныя. Зімой падабаецца пахадзіць па лесе з сабакам. Цяпер мой напарнік Іртыш, ужо чацверты сабака.

Я бяру толькі лаек: яны як людзі, размаўляць толькі не ўмеюць.

Палюю з калектывам, сваімі хлопцамі, збіраемся ад 5 да 10 чалавек. На качынах бывае і начуем, пры кастры што ж яшчэ рабіць, расказваем байкі. Столькі ўсяго расказана і пераслухана!

– Ці сустракаліся з тымі, каго абурала ваша захапленне?

– Калі працаваў дальнабойшчыкам, з намі працавала дыспетчар з партыі Зялёных, вось былі ў нас спрэчкі. Пакуль аднойчы пры ўсіх я ёй не сказаў: “А чым вы, партыя, дапамаглі прыродзе? З плакатамі пабегалі? Ты хоць аднойчы выносіла ў лес жменьку зярнят, пасыпала ў лесе? Венік прыносіла, каб у глыбокі снег заяц не памёр ад голаду?” Пасля гэтага яна больш не чаплялася.

Паляўнічыя ж не толькі палююць, яны падкормліваюць жывёл, нарыхтоўваюць сена, вяжуць венікі, каб падтрымаць звера зімой.

Летам будуюць падкормачныя пляцоўкі, засейваюць палі для вырошчвання падкорму – ячмень, траву. А тое, што іх страляюць, – дык неабходна рэгуляваць колькасць жывёл. Калі гэтага не рабіць, пачнуцца хваробы. 

– Як з дзікамі, адстрэл якіх заахвочвалі пасля эпідэміі свіной чумы?

– І цяпер іх адстрэльваюць, хаця я з гэтым не згодны. Як мне падаецца, дзіка проста зрабілі крайнім. А ён тут прычым?

Адстрэльваюць таксама селекцыйных жывёл, па якіх адразу відаць, што хворыя, найперш самцоў, – яны няправільна развіваюцца, кульгаюць. Каб такі самец не прынёс патомства з такімі ж хібамі, трэба забіраць з прыроды. Пакідаць неабходна здаровых жывёл, каб быў здаровы прыплод.

– Скажыце як ляснік, тое, што ў гарадах раней было шмат гракоў, а цяпер вяртаюцца галубы, гэта добры знак?

– Ні галубы, ні вароны ў гарадах у такой колькасці быць не павінны. Чаму яны ў горадзе? Таму што тут даступная ежа. Яны корпаюцца ў сметніцах, пасля разносяць усё. Не месца ім у гарадах. Ад гэтага адно выйсце – каб сметніцы зачыняліся і птушкі не маглі ў іх есці. 

Я аднойчы захацеў зрабіць пудзіла сарокі. Жонка ўсё дзівілася – ну, што там у той сароцы, для чаго? А калі я пер’е вымыў, вычысціў, зрабіў пудзіла, то яна ўбачыла, што такое чыстая сарока – гэта ж замілаванне! Грудка бялюткая, а цела чорнае усіх адценняў – пераліваецца, нібы вясёлка.

Дык звычайную тушу так мыць не трэба, як птушак. На пер’і столькі бруду, што толькі сродкам для посуду чысціцца.

– Ці бывалі жывёлы, за якімі асабліва клапатліва даглядалі?

– Калі працаваў егерам, у майго напарніка зайшоў на хутар самец казулі паранены. Завёз да ветэрынара, казулі паставілі ўколы, Ігар яго дадому прывёз. Думаў, паправіцца, але на раніцу адышоў у іншы свет.

– Ці бывала, што шкада звера?

– Калі на паляванне выйшаў, страляеш па жывёліне і тут раптам стала шкада – то ты падранка зробіш, гэта яшчэ горш. Жывёліна мучыцца будзе. Страляць трэба трапна. 

– Ці палявалі на рэдкіх жывёл?

– Рэдкія ў Чырвонай кнізе, іх страляць няможна. Мядзведзяў у Маладзечанскім раёне няма. Хаця кажуць, што пад Смаргонню ўжо бачылі. 

Мой сябра-мядзведнік запрашаў на паляванне на мядзведзя ў Сібіры. Я адмаўляюся: бегаць хутка не ўмею. Гэта ў яго і бацька, і дзед мядзведнікі, то ён толькі з двума лайкамі на мядзведзя ходзіць, ведае звычкі звера. 

Звычкам звяроў, слядам мяне спачатку вучыў дзядзька. Цяпер, каб атрымаць паляўнічы білет, здаюць экзамены і па біялогіі, і па медыцыне, і на веданне слядоў, па зброі і тэхніцы бяспекі – пытанняў больш, чым раней.

– Здараецца, што некалькі паляўнічых палююць на аднаго звера?

– Бывае. Забірае звера той, хто зрабіў спыняючы выстрал. Паляўнічая этыка такая. Калі на мяне бяжыць заяц, а гоніць яго сабака іншага, я ж не ведаю, што гэта за ён. Я таго зайца стрэліў. Але ж сабака адпрацаваў – таму, паводле этыкі, я аддаю зайца яму, а ён мне вяртае патрон. 

– У колькі абыдзецца пакупка пудзіла?

– Калі заказваць у таксідэрмічнай студыі, напрыклад, галаву лася, тушу даць сваю, то толькі за работу заплаціш каля 400 долараў. 

Таксідэрмісты выстаўляюць свае працы на міжнародных выставах – цікава паглядзець ідэі. Асабліва зачапіла кампазіцыя, якую аўтар, як мінімум, рабіў гады тры. Калі ў Афрыцы засуха, і жывёлы шукаюць ваду, бывае, антылопы пераплываюць раку. Гэтага моманту чакаюць кракадзілы, для іх гэта проста баль.

У той кампазіцыі дзве антылопы пераскокваюць, адну з іх кракадзіл, вынырнуўшы, схапіў за нагу, другая над ёй ляціць на сушу. Мяне ўразіла, што там нібы сапраўдныя пырскі вады. 

– Якую жывёлу марыце зафіксаваць? Можа, ільва?

– Я ў гэтым месяцы збіраюся на пенсію. Вось як выйду – паеду ў Сібір. У нас рысь чырванакніжніца, а там яе ўпаляваць можна. Гэта мая мара – зрабіць сабе рысь у поўны рост. Ехаць трэба зімой, каб шкура была выспеўшая. Можа, на галіну пакладу, нібы яна адпачывае.

– Ці ёсць у вас вучні?

– Дачка прасіла навучыць. Даў простую птушка. Яна скальпелем чыркнула – не, гэта не маё, кажа. Не кожны зможа. Ёсць вучань Лёшка, малады паляўнічы з Маладзечна. Вось ён усё робіць, просіць парады.

Даведка “РГ”. Таксідэрмія – выраб пудзіла жывёл, у якім прадметам працы з’яўляецца шкура жывёліны. Яе нацягваюць на аснову, а поласць унутры запаўняюць напаўняльнікам. Сучасныя таксідэрмісты выкарыстоўваюць “манекены” – унутраную аснову з пенаполіурэтану, захоўваючы прапорцыі цела і аб’ёмы машцаў. Выкарыстоўваюць для стварэння музейных экспанатаў ці для захавання паляўнічых трафеяў.