Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заслухаў 15 лютага даклад пра падрыхтоўку трэнэрскіх кадраў і развіццё дзіцяча-юнацкага футболу.

«Усюды правал. Самы масавы, самы любімы від спорту, для якога, па вялікім рахунку, каб навучыцца гуляць, нічога ня трэба, — цытуе БелТА Лукашэнку.

У сустрэчы бралі ўдзел старшыня праўленьня Банка развіцця Беларусі, старшыня Беларускай федэрацыі футболу Сяргей Румас, яго намесьнік у Беларускай фэдэрацыі футболу Юры Курбыка, а таксама беларускія трэнэры — Cяргей Бароўскі, Эдуард Малафееў і Людас Румбуціс.

Кіраўнік Беларусі сказаў, што трэнэрам павінна быць сорамна за стан футболу ў краіне. Ён адзначыў, што дзяржава робіць усё для развіцця гэтага віду спорту, а курыруе яго кіраўнік найлепшага ў Беларусі банку.

«Адзін праект, правалены ім, — гэта футбол. А вы дзе былі? Ён жа, груба кажучы, у вас „дах“ — падстрахаваць, арганізаваць, яшчэ нешта. А вырашаць праблемы ёсьць каму».

Лукашэнка зноў згадаў, што ў маладосці вельмі любіў футбол і імкнуўся гуляць у яго. Успомніў, як яму па начах даводзілася зашываць мячы, бо магчымасці рэгулярна набываць новыя не было.

«Калі б так спартоўцы ставіліся да спорту, мы б чэмпіёнамі свету былі. Хто ў нас так ставіцца сёння? І я не адзін тады такі быў, такія часы былі».

Паводле Лукашэнкі, многія беларускія футбалісты ў той час былі легендамі.

«Дзе яно ўсё цяпер? Яго няма, таму што няма трэнэра — няма спорту».

«Узяць на кантроль трэнэраў»

Аляксандар Лукашэнка выказаўся за тое, каб рэарганізаваць Беларускую федэрацыю футболу.

«Трэба знайсці талковых людзей, стварыць добрую федэрацыю, якая будзе дапамагаць, кантраляваць, падтрымліваць, і ўзяць на кантроль трэнэраў», — сказаў Лукашэнка.