Ахім Бош з Германіі разбіраў старыя фотаздымкі і знайшоў фота з 1990 года з Маладзечна. Карткі так працялі мужчыну, што ён захацеў падзяліцца ўспамінамі з жыхарамі горада, у які прыязджаў 27 год таму.

Ахім трапіў у Мала­дзечна па праграме культурнага абмену паміж Маладзечнам і горадам-партнёрам Эслінгенам. Каля 20 чалавек з Германіі выправіліся ў паездку на тыдзень.

– Пасля доўгіх год, жывучы з пазіцыяй “ніякай Расіі”, гэта было даволі экзатычна. А быў якраз год пасля адкрыцця расійскай мяжы, – прыгадвае Ахім.

Кolchose

У 1990-м мужчына жыў у Эслінгене, пасля пераехаў у горад Кірхгайм за 15 кіламетраў. Выкладае ў музычнай школе. “Хочаце навучыцца іграць на гітары? Няма праблем – прыходзьце сюды кожны панядзелак”, – жартуе Ахім.

Паездка ў цягніку падалася вельмі доўгай. У Брэсце давялося мяняць колы, таму што шырыня рэек у Еўропе і Саюзе была розная. Вагоны заязджалі ў вельмі вялікую і старую залу. Пасажыры выйшлі і чакалі, пакуль памяняюць колы. На сценах былі вялізныя старыя карціны з Леніным. Вагоны падымалі прыкладна на 80 сантыметраў, забіралі еўрапейскія колы і прымацоўвалі савецкія. У гэты час госці чулі, што першыя людзі з савецкага боку, якіх яны бачылі, зайшлі ў вагон правяраць пашпарты. Размаўлялі з іншымі рускамоўнымі, якія прыехалі з Еўропы. Моцна крычалі па-руску. Не разумелі, у чым прычына, пачалі хвалявацца, што будуць праблемы падчас праверкі іх пашпартоў. Калі кантралёры зайшлі да нем­цаў, былі мілыя і прыемныя. Праз нейкі час госці вырашылі, што гэта было проста шоу, каб пасмяяцца з першых наведнікаў Расіі. На здымку – Ахім Бош.

Група з Германіі ехала цягніком:

– Ехалі в-е-е-ельмі доў­га. Цягнік называўся “Усходне-Заходні экспрэс”, з Парыжа ў Маскву. Нас як дэлегатаў з горада-партнёра запрашалі на шматлікія сустрэчы. Нават не памятаю ўсіх імён. Запрашалі да кіраўніка Мала­дзечанскага раёна.

Дэлегацыя была таксама з візітам у Вільні. У адзін з вечароў хадзілі танцаваць у лес.

– Аднойчы завезлі на фермерскі завод… Як жа гэта называецца? А, “kolchose” – гэта правільнае слова?

Дэлегацыя прыехала ў “kolchose”.

Сонца шмат, але ўсё шэрае

Акрамя Ахіма ў дэлегацыі ўдзельнічалі яшчэ трое музыкантаў, з якімі яны ўваходзілі ў групу “Авалон”. Нямецкая дэлегацыя хацела паказаць падчас выступлення сваю культуру. У ­адзін з вечароў гурт даў рок-канцэрт у Мала­дзечне. Ахім іграў на бас-гітары:

– Спявалі свае песні. Рэакцыя была тыпу “окей”. Калі б мы ігралі каверы на ACDC ці іншыя папулярныя гурты 90-х, думаю, спадабалася б больш. Прайшло сто год, а я яшчэ не знакамітасць, – жартуе Ахім.

З уражанняў пра Маладзечна Ахіму найбольш запомнілася, што ў Маладзечне “ўсё было бязмежна шэрае”. Гэты кантраст быў асабліва заўважны, калі вярнуліся ў Германію:

– Нават па дарозе праз акно мы бачылі шмат колераў паўсюль, дамы, знакі, усё падавалася такім шматколерным. І я думаў, ці гэта шматколернасць сапраўды настолькі патрэбная? У вас жа ўсе дамы былі шэрыя.

Справа не ў сонцы, яго было шмат, здаецца, ніводнага дажджлівага дня. А як цяпер, дамы не толькі шэрыя?

Афіша нямецкага гурта. “Авалон” спяваў свае песні, рэакцыя на іх была ў стылі “окей”.

Гарэлка з вялікіх шклянак

Госці жылі ў гасцініцы на Цэнтральнай плошчы, па ўспамінах Ахіма, вельмі вялікай. Дэлегатаў маладзечанцы запрашалі дадому, частавалі.

– Піць і есці нам даводзілася в-е-е-ельмі шмат! У ежы было шмат алею, тлустыя стравы з рускімі назвамі. Але пераважна нават вельмі смачныя. Памятаю borschtsch, дранікі. Гарэлку пілі з вялікіх шклянак.

Чарга па хлеб

Дэлегатаў прываблівалі мясцовыя прыгажуні. “Дзяўчыну” Ахіма звалі Наташа. У Ахіма было шмат размоў з маладзечанскім перакладчыкам Сашам і яго жонкай Людмілай. З Сашам размаўлялі пра Расію і Германію.

– Усё пра Расію ў 1990-м было вельмі новым для нас. А разам з намі ў Германію прыехала 20 чалавек, якіх запрасілі ў паездку ў Эслінген. Трэба было бачыць твары людзей, калі яны ўпершыню ўбачылі Германію! Прыгадалася, як я ў Мала­дзечне ўбачыў, што шмат людзей стаіць перад магазінам. Пытаюся, а чаго яны чакаюць? Саша адказвае: “Хлеб”. Пытаюся: “І што гэта за такі асаблівы від хлеба?”, адказвае: “Ну, у нас толькі адзін від хлеба”. Пытаюся далей: “Дык а што ж будзе, калі хлеба не хопіць?” – “Тады ўсе пойдуць дадому”. Гэта было вельмі дзіўна. У Германіі ж 20 відаў хлеба.

Калі дэлегаты з Саюза прыехалі ў Германію, адзін з мясцовых зайшоў у хлебную краму, а дзверы перад ім адчыніліся аўтаматычна. Ён спыніўся і напужаўся, таму што ніколі не бачыў такога раней.

Для іх было вялікім дзівам убачыць першы затор, ніяк не маглі разабрацца, што гэта і адкуль столькі машын.

Наташа, удзельніца беларускага хору, вывучала музыку ў Мінску.

Пра Чарнобыль не чулі?

Госці размаўлялі з мясцовымі пра палітыку, але вельмі асцярожна. У свядомасці засела ўстаноўка пра “Вялікую Кепскую Расію”. Спрабавалі размаўляць пра Чарнобыль.

– Нам адказваюць: “Ну, так, гэта маленькі гарадок ва Украіне. А чаму вы пытаецеся пра яго”? Расказваем пра ­ядзерную аварыю, а яны нібы першы раз пра яе чулі. Тады было мала незалежнасці ад Расіі. Нашы суразмоўцы гля­дзелі ў бок Вільні, таму што там незалежнасці дабіліся.

На зваротным шляху ў цягніку дэлегаты ехалі са сваёй перакладчыцай Монікай. Яна прапанавала вучыць рускую мову ў Германіі. Спачатку сабралася сем ці восем ахвотных, праз паўгода застаўся вучыцца толькі Ахім.

Праз год немец зноў вярнуўся ў Маладзечна, і ўжо някепска мог размаўляць, напрыклад, “Меnja savut Аchim”, “Тyt otshen krasivaja devushka”, але з часам усё забывалася.

– Нам усім падалося, што людзі ў Беларусі вельмі добразычлівыя. Можа, таму, што ў іх менш тэхналогій. Лічу, што тэхналогіі робяць людзей не самымі прыемнымі. Цікава было б убачыць горад праз 27 год. 27 год, уяві сабе, ваў!

Ахім мяркуе, што каверы на ACDC ці іншыя рок-гурты 90-х маладзечанцам спадабаліся б больш.

Даведка “РГ”. У 1990 годзе Беларусь уваходзіла ў склад СССР. А адносіны паміж савецкай дзяржавай і Федэратыўнай Рэспублікай Германія пасля Другой сусветнай вайны былі няпростыя. Пасля паражэння Германію падзялілі паміж саюзнікамі. Тэрыторыі, падпарадкаваныя Вялікабрытаніі, ЗША і Францыі, увайшлі ў ФРГ са сталіцай у Боне. Савецкі сектар краіны ўвайшоў у Германскую Дэмакратычную Рэспубліку са сталіцай ва Усходнім Берліне.

У сярэдзіне 1950-х ФРГ уступіла ў НАТА, ГДР – у Арганізацыю Варшаўскага дагавора. У 1961 годзе паміж Усходнім і Заходнім Берлінам пабудавалі сцяну. На ўсходняй частцы размяшчалася вялікая база савецкіх салдат, сектар стаў  найважнейшым пунктам савецкага лагера ў халоднай вайне.

У 1970-м краіны ад канфрантацыі перайшлі да супрацоўніцтва.

Маскоўскі дагавор зафіксаваў непарушнасць межаў, і ФРГ стала адным з найважнейшых гандлёвых партнёраў Саюза. У канцы 1980-х напружанасць паміж бакамі пачала змяншацца. 9 лістапада 1989 года Берлінскую сцяну знеслі. У 1990-м ГДР увайшла ў склад ФРГ, халодная вайна скончылася, савецкія войскі сышлі з Германіі.