Сваю радзіму – вёску Княгінін, бацькоў і падзеі 1920-1930-х гадоў на Мядзельшчыне ўспамінае Лідзія Антановіч. Размова адбывалася ў 2003 годзе.

 “Маёй роднай вёска – Княгiнiн Мядзельскага раёна. Тут я нарадзілася 2 кастрычнiка 1927 года. Асноўным заняткам маiх бацькоў была сельская гаспадарка.

Але па сваім становiшчы бацькi адносiлiся хутчэй да вясковай iнтэлiгенцыi, чым да асноўнай масы вясковых абывацеляў. Маю мацi звалi Вольга Адамовiч. Паходзiла родам яна са збяднелай шляхты. Раз-пораз ўзгадвала, што адзiн з нашых продкаў па прозвiшчы Адамовiч прымаў удзел у паўстаннi Тадэвуша Касцюшкi.

Я – прапраўнучка ўдзельніка паўстання Касцюшкі

Ва ўдзельнiка паўстання быў сын Тадэвуш, у таго – сын Лукаш i ўнук Тумаш, праўнучка Вольга i я ўжо прапраўнучка. У свой час мацi вучылася ў Будслаўскай беларускай гiмназii ў адным классе з Вiнцуком Жук-Грышкевiчам. Тады ў яго прозвiшча было проста Грышкевiч.  Узгадвала, што Вiнцук надта пацешным быў: i разумны, i смяшлiвы. Дзяўчаты ўсё бегалi за iм i жартаўлiва казалi: “Вiнцучок, Вiнцучок”.

Мой родны дзядзька па маці – Аляксандр Адамовiч загiнуў у савецкiх засценках. У 1930-ыя гады ён праходзiў па сфальсiфiкаванай савецкiмi спецслужбамi справе “Саюз вызвалення Беларусi”. Пра яго пiшуць у шматлiкiх даведнiках. Ён нарадзіўся ў вёсцы Iжа ў 1898 годзе, ане ў 1900 і не ў Васюльках, як шмат дзе пішуць. Загінуў у 1937 у Карэліі.

Што тычыцца майго бацькi, то ён таксама быў неардынарны чалавек. Яго звалі Аляксандр Антановіч. Бацька быў адукаваным. Ён скончыў рэальнае вучылiшча ў Вiлейцы, затым тэхнiчнае вучылiшча ў Вiльнi i першы курс Казанскага ўнiверсiтэта. Падчас грамадзянскай вайны ў Расii, бацька пайшоў ваяваць у войска Дзянiкiна. Але затым страшэнна расчараваўся той вялiкадзяржаўнай шавiнiстычнай пыхай, што панавала сярод дзянiкiнцаў i асаблiва моцна праяўлялася ў афiцэрства. Таму ён перайшоў да чырвоных.

У 1923 годзе праз савецка-польскую мяжу бацька вярнуўся ў Княгiнiн. Крыху абжыўся, пабудаваў сабе хату. Разам з тым, па-ранейшаму цікавіўся праявамі грамадска-палітычнага жыцця.

Зарабляць ездзілі ў Латвію

Калі пры Польшчы пачала стварацца Беларуская Грамада, ён заснаваў у Княгініне гурток гэтай партыі. Жадаючых запісацца ў гурток было шмат. Бацька расказваў пра такі выпадак. Ідзе старэнькая бабулька з кіёчкам па вуліцы. Заўважыўшы бацьку, адразу падыходзіць і просіцца: “Алесечка, запішы мяне ў Грамаду”.

Такі масавы рух сярод беларускага насельніцтва быў невыпадковым. Адным з заклікаў Грамады было патрабаванне даць зямлю сялянам, бо зямля пры Польшчы належыла панам. Узяць да прыкладу той жа Княгінін. Амаль уся зямля належыла тут пані Козел-Паклеўскай. Яе землі ахоплівалі вялікі абшар ад Яскавіч да паварота на Васюлькі, што насупраць княгінінскай царквы. У той жа час сялянскія землі вузенькім шнурам цягнуліся адразу за вясковымі хатамі. Гэтых мізэрных надзелаў ледзьве хапала, каб пракарміць сям’ю.

Напрыклад, у Латвіі дзяржава выкупіла зямлю ў нямецкіх баронаў і аддала сялянам. Таму Латвія жыла багата, а Польшча была задрыпаная. Нашы аднавяскоўцы ездзілі ў Латвію на заробкі. Адна дзеўка паехала на год у Латвію кароў даіць і прыехала з поўным пасагам. Ці Коля Крэмза пабыў год у Латвіі. Працаваў садоўнікам – абразаў дрэвы, абкопваў іх. Як толькі прыехаў – адразу хату пабудаваў, хадзіў у модных касцюмах.

У нас жа можна было крыху зарабіць толькі ў панскай гаспадарцы. Аднак яна была малаэфектыўнай: у нечым нагадвала калгасную. Сама пані Козел-паклеўская надавала мала ўвагі гаспадарцы. Большасць гаспадарчых спраў вырашаў панскі загадчык. Сяляне далі яму здзекліваю мянушку Забубіла. Толькі пад наглядам гэтага Забубілы нашы сяляне маглі добра працаваць. А як той крыху ад’едзе ў іншы бок маёнтка, пад якія Яцкавічы, яны толькі для знешняга выгляду працавалі. Не свая зямля, таму і людзям не цікава было працаваць. Такая гаспадарка не магла быць прыбытковай. Наша пані ледзьве спраўлялася сплочваць падаткі. Таксама ледзьве выплочвала заробак свайму загадчыку, пакаёўцы, конюхам, дваровым даяркам. Да таго ж жанчынам за дзень у полі таксама трэба было па 2 злотых заплаціць.

Адзінае спадзяванне на лепшае давала людзям праграма Грамады. Яны ўсім сэрцам успрымалі словы гурткоўцаў. Кожны дзень шэрагі Грамады павялічваліся. Акрамя вырашэння надзённых праблем, народ прываблівала актыўная культурна-асветніцкая дзейнасць Грамады.

Ставілі п’есы Аляхновіча і Каганца

Мой бацька разам з Мікалаем Клімовічам з Васюлькаў стварылі драмгурток. Выступалі перад гледачамі на школьнай сцэне. У Княгініне тады была цудоўная школа царскіх часоў.  Яна была прадаўгаватая, у выглядзе літары П. Адно крыло школы было цалкам аддадзенае пад актавую залу. Да гэтага крыла школы быў змайстраваны асобны ганак, па якім можна было ўваходзіць з вуліцы. Народу заўсёды збіралася поўная зала. Бацька надзвычай добра гаварыў, іграў на гітары, мандаліне і балалайцы. Бацька і маці выдатна спявалі. Мікола Клімовіч сваімі камічнымі сцэнкамі даводзіў да нястрыманага смеху. Актыўны ўдзел у сцэнічным жыцці прымаў таксама Язэп Хільман. П’есы ставіліся самага рознага зместу: “Мікітаў лапаць”, “Ганка”, “Дзе чорт не зможа, там бабу пашле”, некаторыя п’есы Францішака Аляхновіча, Каруся Каганца.

Нацыянальна свядомы рух пашыраўся. Гурткі Грамады пачалі стварацца ва ўсіх навакольных вёсках. Бацьку абралі старшынёй Вілейскага павета па Грамадзе. Увесь свой час ён праводзіў у бясконцых раз’ездах: Куранец, Будслаў, Мядзел, Вілейка, Крывічы.

Самы актыўны патрыятычны рух, як казаў мой бацька, назіраўся пераважна ў каталіцкіх вёсках. Узгадваў вёскі Баравікі, Ніўкі, Восава, Выгалавічы. Напэўна, гэта было звязана з тым, што яшчэ з царскіх часоў каталікі прызвычаіліся змагацца за свае правы. А ўвогуле, самы моцны рух у падтрымку Грамады назіраўся на Дзіненшчыне і Вілейшчыне.

Пашырэнне беларускага нацыянальнага руху не магло не выклікаць занепакоенасці ў польскіх уладаў. Была задзейнічана польская дэфензіва.

Амаль дэтэктыўная гісторыя пра забойства паліцэйскага

У Княгініне меў месца такі інцэндэнт. Спадручныя дэфензівы забілі паліцэйскага і ўкінулі ў зруб лазні майго дзеда. Гэты паліцэйскі быў чалавек мягкі, і таму менавіта яго выбралі ахвярай.

У забойстве абвінавацілі маю маці і яе 14-гадовага брата Яўгена. Дзед мой адразу кінуўся за дапамогай да пана Высоцкага, які жыў у Пашкоўшчыне. Чаму да гэтага пана? Бо ён быў адзіны, хто прызнаваў былое шляхетства Адамовічаў. І, спраўды, пан Высоцкі дапамог разблытаць гэту гісторыю. Адначасова праводзіў сваё следства мой бацька. На чыгуначнай станцыі работнік буфета Шэўчык яму падказаў, што надвячоркам Фалевіч з двума сябрамі пілі і гутарылі пра забойства.

Выкрыццё сапраўдных забойцаў стала страшэнным ляпсусам дэфензівы. Подласць не ўдалася. Аднак лёс Грамады  усё роўна быў прадвызначаны, паколькі Пілсудскі аддаў загад  усіх разагнаць.

Пра польскую школу і настаўнікаў

Мне самой з польскіх часоў найбольш запомнілася школа і польскія настаўнікі ў Княгініне. Дырэктарам школы быў пан Езёрэк – былы легіянер Пілсудскага. Педагагічнай адукацыі пан Езёрэк не меў.

Затое чалавекам высокай культуры і выдатным педагогам была яго жонка Гелена Езёркова. Яны жылі ў кватэры, што размяшчалася ў самой школе. Таксама настаўнікамі ў школе працавалі пані Казіміра, сястра пані Гелены, і Моніка Глушаніна. Настаўнікі пры Польшчы атрымоўвалі добры заробак – 400 злотых у месяц. Для параўнання: самыя дарагія дамскія туфлі чэшскай вытворчасці каштавалі 8 злотых, пуд жыта каштаваў 2 злотыя. Палякі разумелі, што кінеш наперад, ззаду знойдзеш. Польская дзяржава ўкладала грошы ў перспектыву.

Маленькай дзяўчынкай я любіла гуляць ля панскага палаца. Будынак палаца быў аднапавярховы, мураваны, звонку атынкаваны і выбелены. Побач з палацам месціліся вялікі парк і сад. Пані прыкладала вялікія намаганні, каб парк быў дагледжаны. У ім раслі клёны, ліпы, піхта.

Часта бегала гуляць у парк з дочкамі панскай кухаркі, якаябыла родам дзесьці з-пад савецкай граніцы. Прозвішча ў яе было Баркунец. Мужыка пры ёй не было, а справа вось у чым. Мужык яе быў з Усходняй Беларусі. Потым па нейкай прычыне перайшоў у Польшчу і асеў каля граніцы. Праз колькі часу ажаніўся з нашай кухаркай, уладкаваўся на працу. У іх нарадзіліся дзве дзяўчынкі – Вольга і Юля. Але неяк раз уначы прыйшлі да іх тры чалавека, схапілі мужыка, пасадзілі ў мех і павалаклі за савецкую граніцу. Больш яго ніхто не бачыў. Жонка спужалася і паехала падалей ад граніцы. Уладкавалася да нашай пані кухаркай і ўвесь час баялася бальшавікоў…

Выклікала ўсмешку прымітыўная зброя, а таксама вайсковы рыштунак чырвонаармейцаў

Савецкая ўлада ўсталявалася ў нас у 1939 годзе. Пры бальшавіках было, як у тым анекдоце: “адзін кіруе ў трамваі, а ўсе трасуцца”. Праўда, спачатку сустракалі іх з такім ажыятажам, з такой радасцю, з такой надзеяй. Многія верылі савецкаму радыё і савецкай прапагандзе нібыта ў Савецкім Саюзе ўсё бясплатна, усім там шчасліва жывецца. Тым больш радасці было, што ў многіх радня пражывала па той бок мяжы. Таму і сустракалі бальшавікоў, як самых блізкіх: будавалі брамы, рыхтавалі канцэрты.

 Але ўжо фактычна пасля першай-другой сустрэчы зразумелі, што гэта не тое, чаго чакалі. У першую чаргу ўсіх здзівіла армія. Выклікала ўсмешку прымітыўная зброя, а таксама вайсковы рыштунак чырвонаармейцаў. Бацька заўважыў: “Аж у грамадзянскую ваявалі з такой вінтоўкай”. Асабліва страшнае ўражанне зрабілі афіцэры-лейтэнанты. Яны былі ў прымятых, выцвілых хэбэ. Вялізныя гадзіннікі былі паначэпліваны прама на рукавы гімнасцёрак. Іх некультурнасць адразу кідалася ў вочы. Савецкія лейтэнанты ні ў якое параўнанне не ішлі з польскімі афіцэрамі. Тыя былі вышкалены, заўсёды адпрасаваныя, з бліскучымі ботамі.

Хутка да нас пачалі прыязджаць з Расіі агітатары, выступоўцы. Людзі былі ашарашаныя патокам нязвыклых слоў: класавая барацьба, дыктатура пралетарыята. Для вяскоўцаў дзікунствам гучалі лозунгі: “Уничтожить буржуазию! Вперед к мировой революции!” Неўсвядомлена прадчувалі нешта нядобрае. І, спраўды, хутка пачаліся арышты. Аыштавалі дырэктара школы пана Езёрэка, начальніка пошты Ляванава, ўсіх ляснічых, а пасля і леснікоў. Начальнік чыгуначнай станцыі Наркевіч некуды ўцёк.

Вясной 1940 года я ўбачыла першую вывазку. Для мяне гэта быў шок. На вуліцы як раз была адліга, свяціла сонейка. Мы ўсе на перапынку выскачылі са школы на ганак і заняліся дзіцячымі забавамі. І тут, раптам, Шурка Туплік закрычаў: “Глядзіце! Глядзіце! Врагоў вязуць!” У адзін момант валтузня сціхла. Мы ўбачылі, што на мядзельскай вуліцы ехалі падводы. На вазах сядзелі жанчыны, дзеці і старыя. Мужчын на вазах відаць не было. Вясковыя жанчыны ехалі ў простым, даматканым адзенні. У старых трэсліся галовы, на скронях прабівалася сівізна. Каля кожнай падводы было па аднаму вайскоўцу. Гэта вывозілі сем’і асаднікаў і леснікоў. Падводы рухаліся ў бок чыгуначнай станцыі.

Наша сузіранне прыпыніла мая маці. Яна выйшла са школы і як закрычала: “Чаго тут стаіце? Марш у клас!” Мая маці на той час выкладала беларускую мову і літаратуру.

У 1939 годзе, можа праз месяц пасля прыходу Саветаў, мама разам з пані Езёрковай і Монікай Глушанінай прайшла гэтыя курсы ў Вілейцы. Самае цікавае, што адразу пасля курсаў польскія настаўніцы выдатна пачалі размаўляць па-расейску.

Напярэдадні вайны бацька працаваў у Вілейцы глаўбухам у аблвыканкаме. З надыходам вайны ў горадзе пачалася паніка. Бацька ноччу прыехаў дахаты і стаў раіцца, як быць надалей. Затым узяў ровар, развітаўся і паехаў назад у Вілейку. У гэты час абкамаўскія чыноўнікі праводзілі эвакуацыю сваёй маёмасці. На абкамаўскія машыны нікога не бралі, бо на іх вывозілі розныя шафы, фікусы. Бацька на ровары пакаціў на ўсход. Праехаў ужо кіламетраў 50 ад Мінска і ўбачыў міліцэйскую машыну з Вілейкі. Кіраваў машынай Мікалай Калясень з Міцькавіч.

Ён пры Польшчы праводзіў праз граніцу тых, каму было трэба. Палякі злавілі яго і далі пажыццёвае зняволенне. А як прыйшлі Саветы, Мікалая Калясня вызвалілі і ён стаў працаваць у міліцыі. Яго машына рухалася вельмі павольна ў людскім натоўпе. На ёй ехала чалавек 10 міліцыянераў і нейкія бабы з клункамі. Бацька стаў прасіць Мікалая; “Вазьмі мяне”. А той нава увагі на яго не звярнуў. Тады бацька кінуў свой ровар і ўзяўся за барты машыны. Калясень ударыў бацьку па руках. Скончыліся бацькавы прыгоды тым, што ва Усходняй Беларусі ён пайшоў да сваякоў у раёне ракі Бярэзіны. У сакавіку 1942 года бацька вярнуўся дадому і стаў працаваць у нашай школе.

Пры немцах наша школа адчынілася не 1 верасня 1941 года, а значна пазней. Па-ранейшаму ў школе выкладалі свае прадметы мая маці, пані Езёркова і Моніка Глушаніна. Першы год я вучылася ў нашай школе. У 1942/43 навучальным годзе вучылася ўжо ў Крывічах. Дырэктарам школы быў матэматык Савінскі. Выкладанне вялося па-беларуску. У адным класе са мной вучылася Лена Броўка. Партызаны спалілі млын у Крывічах і папярэдзілі людзей, што яны спаляць школу, калі тая не зачыніцца. Парушыць забарону партызан ніхто не рызыкнуў.

Цяжка ў вайну жылося. Раніцай прачынаешся і чуеш ад суседзяў, што партызаны ноччу выразалі сям’ю, забілі, абрабавалі… А  вечарам дазнаешся, што немцы ў адказ спалілі, расстралялі.

Княгінінскую царкву падчас вайны ніхто не чапаў. Наш бацюшка разумны быў чалавек. Ён і з немцамі ладзіў, і з партызанамі мог дагаварыцца.

У нашай школе вучыліся яўрэйскія дзеці з нейкага засценка каля Нівак. Сярод іх была прыгажуня Гінда, мая равесніца, і яшчэ трое дзетак. Немцы разам з паліцаямі ўчынілі над імі расправу. Яны напалі на засценак і ўсіх пазабівалі. Самае страшнае, што мясцовыя жыхары ім дапамагалі. Думалі за чужы кошт пажывіцца. Казя Мацко з Міцькавіч, падлетак гадоў 16-17, хадзіў па хатах і прадаваў яўрэйскія таласы – белыя накідкі, што выкарыстоўваліся падчас нейкіх святаў. Але ніхто іх купляць не захацеў.

У другой палове верасня 1943 года да нас у хату прыйшоў стараста з Васюлек Мішка Бажэлка. Ён сказаў майму бацьку, што мяне запісалі на вывазку ў Германію.  А я ж была яшчэ малая. На працу меня не маглі забраць. Хутчэй за ўсё, хацелі вывезці для таго, каб выкачваць кроў для параненых нямецкіх вайскоўцаў. Маці аднеслася да навіны спакойна. Затое бацька ўвесь час пытаўся: “Што рабіць?” Што рабіць?” Хтосьці падказаў яму звярнуцца да Пеці Манькоўскага, які пры немцах працаваў у Вілейцы ў настаўніцкай семінарыі. Калі бацька звярнуўся да Пеці за парадай, той адказаў: “Хай дачка едзе са мной, возьмем ў семінарыю”. І мяне сабралі і адправілі разам з Пецем. Мне далі даведку, што я вучуся ў семінарыі ад 1 верасня. Прыйшла з Вілейкі дамоў пехатою. Аддала даведку бацьку, а ён ужо занёс яе ў Крывічы. Са спіску мяне выкраслілі.

У семінарыі мяне адразу ўзялі на другі курс. Я і Мілка Касцюк былі самыя малыя ў групе. Настаўнікам па беларускай мове і літаратуры быў Леанід Марцыёнка. Менавіта ён выхаваў мяне нацыянальна свядомай. Гэты настаўнік вучыў любіць літаратуру, быць патрыётам. Яго пасля вайны арыштавалі, і ён недзе ў турме памёр. Былыя вучні сабраліся і на магілках у Вілейцы паставілі яму сімвалічны “Крыж пакутніка” з мармуру.

— Затое сваіх пасляваенных начальнікаў мы не паважалі. Усялякая мярзота пасля вайны ехала начальнікамі ў наш хлебны край. Мой бацька ўладкаваўся бухгалтарам на заготзярне. А начальнік у яго не меў ніводнага класа адукацыі. Ён нават паперку падпісаць не мог. Замест свайго прозвішча Рукаўчук, ён пісаў Рукчук. Бацька аднойчы не вытрымаў і зрабіў яму заўвагу, што дакументы трэба падпісваць тым прозвішчам, якое ўказана ў пашпарце. Той жа адказаў: “Мы не западники, университетов не оканчивали”.

Пасля вайны я вельмі хацела працягваць вучыцца. Каб мяне адпусцілі з калгаса, мама нейкаму начальніку насіла масла ў якасці хабару. Мяне адпусцілі і я паступіла на філфак БДУ. Пасля вучобы паехала ў Полацк. У 1952 годзе выйшла замуж і пераехала ў Баранавічы. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.”