Гальшанскі замак: Чорны манах і Белая Панна

Рэпутацыю самага злавеснага і панурага мае Гальшанскі замак. І прывіды, якія насяляюць яго, не вылучаюцца ветлівасцю і дабрынёю. Крыкі, енкі і стогны парушаюць цішыню вакол замка, а ў яго ваколіцах адбываюцца рэчы, што паддаюцца хутчэй жудаснаму апісанню, чым тлумачэнню.

Па начах на руінах Гальшанскага замка з’яўляецца прывід Чорнага манаха. За яго цёмным абліччам хаваецца душа маладога хлопца, які быў дзёрзкім настолькі, што разлічваў на ўвагу князёўны Ганны Гальшанскай і, атрымаўшы яе, адважыўся на спатканні. Раз’юшаны бацька аддае загад, і юнак гіне, замурованы ў адну са сцен замка. З тае пары яго постаць панура блукае ў ваколіцах, і местачкоўцы завуць яго Чорным манахам.

Другі прывід, вядомы на ўсю краіну, жыве ў Гальшанскім кляштары францішканцаў, пабудаваным на загад Сапегаў. Белай Паннай, што наводзіць люты страх перадусім на мужчын, калісьці была маладая дзяўчына, якая пабралася шлюбам з адным з будаўнікоў, што ўзводзілі манастырскі комплекс. Шчыра закаханая ў свайго мужа, яна штодня адной з першых прыносіла на будоўлю гарачы абед. Так адбылося і ў пагібельны дзень, калі працаўнікі пастанавілі залагодзіць чорныя сілы, каб урэшце дабудаваць заклятую сцяну кляштара, якая ўвесь час абвальвалася. Ахвяра красуняй зняла праклён, сцяну ўзвялі і будаўнікі скончылі працу ў час.

Белая Панна штодня абыходзіць свае ўладанні, але не надта песціць турыстаў сваім з’яўленьнем. У свой час у адной з келляў кляштара францішканцаў шукаў натхнення мастак Алесь Пушкін. Па яго словах, падчас побыту яго наведаў прывід Белай Панны. Часам здань пакідае манастырскі комплекс і скіроўваецца ў бок замка.

Крэўскі замак. Фота svaboda.org.

Крэўскі замак. Фота svaboda.org.

Крэўскі замак: духі забойцаў Кейстута і князёўна з сабачкам

Чатыры камяні-абярэгі вакол Крэва не змаглі прадухіліць выбрыкаў нячыстай сілы і з’яўленьня ў ваколіцах шматлікіх прывідаў. Перадусім, наведнікам Крэўскага замка раю старанна прыслухацца. Узнагародай стане безліч таямнічых гукаў: бразгат ланцугоў, стук молата па кавадле, грукат капытоў, чханне, ціхі кашаль, водгукі песні прачкі.

Дачакаўшыся цемры, ёсць верагоднасць убачыць крэўскія здані — мужчынскія цені, духі забойцаў Кейстута, паслугачоў Ягайлы, альбо постаць жанчыны, якая няспешна ідзе па сценах замка, вераломна скідваючы ўніз камяні. За ёй, адданы і прыціхлы, крочыць сабака.

Местачкоўцы клічуць жанчыну князёўнай — кажуць, яна мела нораў надзвычай ганарлівы. Згодна з легендай, яна стала прычынай двубою двух маладых князёў. На прапанову пераможцы стаць яго жонкай дзяўчына дала адмоўны адказ, чым наклікала на сябе княжы гнеў. У сцяну маладую жанчыну замуравалі разам з сабачкам, што і цяпер суправаджае гаспадыню падчас начных шпацыраў.

Няма сумневу, што здані Крэўскага замка карыстаюцца патаемным ходам, што вядзе ў Вільню і хавае ў сабе яшчэ больш таямніц.