Павел Сукавенка — адзіны афіцэр з Печаў, які застаецца фігурантам справы аб гібелі Аляксандра Коржыча. Свабода паразмаўляла з яго жонкай Маргарытай.

Паводле інфармацыі са Следчага камітэта, у так званай «справе Аляксандра Коржыча» на гэты момант вылучаныя тры крымінальныя справы (першапачаткова іх было 16) у дачыненні трох вайскоўцаў. Яны абвінавачваюцца ў перавышэнні ўлады з прымяненнем гвалту, а таксама ў перавышэнні ўлады, якое мела цяжкія наступствы (артыкул 455 частка 2 і 3 КК). Максімальнае пакаранне за гэтае злачынства — 12 гадоў пазбаўлення волі.

«Я люблю свайго мужа ў любым выпадку»

«Вазіла сёння перадачу мужу. Не ўсё ўзялі, але гэта таму, што я не ведала нюансаў, — расказвае Маргарыта. — Не першы раз перадачы важу на Валадарскага, але кожны раз нейкія нюансы ёсць. Не больш за 30 кілаграмаў на месяц, у пэўны час».

23-гадовы старшы лейтэнант Павел Сукавенка (новыя пагоны ён атрымаў усяго за некалькі месяцаў да гібелі Аляксандра Коржыча) за кратамі больш як чатыры месяцы. Яго затрымалі адным з апошніх, пасля хвалі затрыманьняў сяржантаў і гучных заяў кіраўніка краіны. Разам з Сукавенкам быў затрыманы яшчэ адзін афіцэр з Печаў — 28-гадовы капітан Вадзім Ч. Капітана адпусцілі праз два тыдні, Сукавенка застаўся за кратамі і напісаў рапарт аб звальненні з войска. Да затрымання ён камандаваў ротай, у якой разам з сотняй іншых навабранцаў служыў Аляксандар Коржыч.

«Пра побытавыя ўмовы ў СІЗА Павел зусім нічога не піша. Пра пачуцці свае, перажываньні, і ўсё, — расказвае жонка арыштаванага афіцэра. — Вядома, муж перажывае праз усю гэтую сітуацыю. Ён усяго сябе аддаваў службе, пастаянна быў на працы. У нас і сваркі ўзнікалі праз гэта. Таму што Павел раніцай ішоў, увечары вяртаўся».

Пара пажаніліся тры гады таму, да шлюбу былі знаёмыя яшчэ чатыры гады. Пачалі сустракацца, калі Павел яшчэ быў курсантам акадэміі. Пасля Маргарыта паехала за мужам у Барысаў, дзе маладая сям’я атрымала пакой у вайсковым інтэрнаце.

«На жаль, выйшла так, як выйшла. Я не следчы і не суддззя, каб меркаваць, што там адбылося на самой справе. Але вельмі крыўдна, што з майго мужа робяць звера, — гаворыць Маргарыта Сукавенка. — Будзем чакаць рашэння суда. Свайго мужа я ў любым выпадку люблю і ведаю, што такім, як яго цяпер апісваюць, ён не быў».