21 лютага ўва ўсім свеце адзначаюць Міжнародны дзень роднай мовы. Гэты дзень вызначаны ААН не выпадкова, а як памяць пра падзеі, якія адбыліся ў далёкім 1952 годзе ў пакістанскай правінцыі Бангладэш.

У гэты дзень студэнты выйшлі на вуліцы ў сталіцы горада Дака з патрабаваннем ад улады Пакістана надаць іх роднай мове бенгалі статус дзяржаўнай мовы. Патрабаванні студэнтаў падтрымалі жыхары. Людзі былі гатовыя ахвяраваць жыццём за мову… І яны перамаглі.

 У 1999 годзе на сесіі ЮНЕСКА па прапанове ўжо незалежнай дзяржавы Бангладэш абвясцілі пра тое, што гэты дзень будзе адзначацца ўсімі краінамі як Дзень абароны роднай мовы.

Захаванне моў народаў – гэта зберажэнне агульнай чалавечай культуры, якая стваралася тысячагоддзямі. Страта любой мовы – гэта пэўная страта для сусветнай культуры.

На вялікі жаль і сорам для нас, беларусаў, ЮНЕСКА ў 2010 годзе занесла беларускую мову ў спіс моў, якія знікаюць. А яна ж па мілагучнасці лічыцца другой у Еўропе, пасля італьянскай. Што здарылася з намі, беларусамі, і з мовай нашых продкаў?

Наша грамадства, у большасці сваёй, захварэла. Захварэла на бяспамяцтва. Многіх беларусаў не цікавіць мінулае нашай краіны. Яны не ганарацца сваімі прапрадзедамі. У мяне, часам, складваецца ўражанне, што гісторыя Беларусі, нават роднага горада, пасёлка пішацца толькі сёння і толькі з чыстага ліста.

З людской памяці зніклі цэлыя стагоддзі. Стагоддзі жыцця беларусаў, іх барацьбы за сваю дзяржаўнасць, свабоду, незалежнасць, за беларускасць, за беларускую мову, культуру, традыцыі. Шкада, што нашы людзі сёння не бачаць свайго, беларускага, ва ўласным побыце, культуры, гістарычным мінулым, шмат што прыпісваюць іншаму народу.

Яны вельмі памыляюцца, адмаўляючыся ад шматвяковай гісторыі сваіх продкаў, ад беларускасці. Яны здраджваюць продкам – і ў гэтым іх вялікі грэх. Застаецца толькі спадзявацца, што калі-небудзь да іх прыйдзе прасвятленне. Вось толькі каб яно не спазнілася: краіна можа стаць іншай…

Гэты каварны злучнік “або”

А што ж робіць улада, каб захаваць мову карэннага народа Беларусі? Русіфікацыю. У 1995 годзе правялі рэферэндум, адным з пытанняў якога было наданне рускай мове статуса другой дзяржаўнай. А потым у Законе аб мовах  з’явіўся злучнік “або”. І цяпер чыноўнікі радасна спасылаюцца на двухмоўе.

Так, людзі пагадзіліся на двухмоўе, але ж на раўнапраўнае двухмоўе.

Ні ў Канстытуцыі, ні на рэферэндуме ніякага злучніка “або” няма, не было і не магло быць. Дзяржаўныя мовы ў нас беларуская і руская. І калі яны раўнапраўныя, дык усё ў краіне павінна быць падпарадкаванае гэтым мовам у суадносінах раўнавагі: 50х50. Па-іншаму тлумачыць раўнапраўе немагчыма.

А між тым, ад 1994 года да сённяшняга дня больш як у чатыры разы скарацілася колькасць вучняў у школах, якія навучаюцца па-беларуску. У мінулым  навучальным годзе толькі 13,4% школьнікаў у гарадах і гарадскіх пасёлках атрымлівалі адукацыю па-беларуску.

У нашай краіне няма ніводнай беларускамоўнай ВНУ. Беларускамоўны школьнік мае значна менш магчымасцяў вучыцца ў ВНУ на мове сваёй школы, чым вучань расійскамоўнай установы сярэдняй адукацыі.

А яшчэ можна ўзгадаць навуку, мастацтва, дзяржапарат, армію, сістэму праваахоўных органаў, суд, справаводства, бытавое абслугоўванне грамадзян, дзяржаўныя СМІ – паўсюдна беларуская мова выцясняецца рускай.        

Памяркоўнасць – гэта абыякавасць

Апраўдваючыся, сёння чыноўнікі гавораць аб тым, што бацькі не жадаюць, каб дзеці вучыліся па-беларуску, што людзі не хочуць размаўляць на беларускай мове. Хлусня.

Людзі ў нас робяць усё так, як кажуць чыноўнікі. Гэта, напэўна, ужо ў нас на генным узроўні, можа, з часоў Мураўёва-вешальніка. Нездарма ж наша ўлада ганарыцца памяркоўнасцю беларусаў. Памяркоўнасць, на маю думку, можна трактаваць як абыякавасць. А гэта не лепшая якасць чалавека. І ганарыцца тут няма чым.

Людзі, у большасці сваёй, сталі абыякавымі да ўсяго, што адбываецца ў жыцці краіны. Іх не цікавяць ні палітычныя, ні эканамічныя, а тым больш моўныя праблемы. Як ёсць, так ёсць – абы ціха.

Абыякавы чалавек – гэта чыйсьці раб. Ён ніколі не скажа слова супраць волі гаспадара. Якога ж яшчэ лепшага работніка можа жадаць гаспадар, як вось такога памяркоўнага? Як жа не ганарыцца такімі людзьмі, якія не размаўляюць на сваёй нацыянальнай мове, а праслаўляюць мову гаспадара?

Укараняюцца ў свядомасць людзей розныя штампы: Беларусь – гэта Белая Русь;  беларусы –  гэта тыя ж рускія;  руская мова – гэта  таксама родная мова беларусаў. Асабіста мне агідна ўсё гэта глупства слухаць і чытаць.

Асабіста я хачу чытаць усе законы Рэспублікі Беларусь, дэкрэты і ўказы кіраўніка дзяржавы, пастановы ўрада, рашэнні мясцовых улад па-беларуску. Але ж такой магчымасці не маю. Усе заканадаўчыя і нарматыўныя акты прымаюцца і публікуюцца на адной дзяржаўнай мове – рускай. Чаму ж улада абмежавала маё права як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь?

Мова не павінна быць палітычнай катэгорыяй

 Аляксандр Лукашэнка аднойчы сказаў, што мова не павінна быць палітычнай катэгорыяй (не памятаю даслоўна, але сэнс такі). А на самой справе беларускія ўлады зрабілі ўсё для таго, каб мова стала “яблыкам разладу”, сродкам палітычнай барацьбы.

Русіфікацыя, ігнараванне на дзяржаўным узроўні беларускай мовы, нацыянальных сімвалаў, святаў – хіба ж гэта нармальная палітыка?

Жорстка ўлада ставіцца да тых, хто прапагандуе беларускае слова – беларускамоўных пісьменнікаў, паэтаў, дзеячаў культуры, мастацтва, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў на жыццё. Беларускіх літаратараў падзялілі  на “чэсных” і “нячэсных”, прымусілі іх стварыць два грамадскія пісьменніцкія аб’яднанні.

Як тут не ўспомніць народнага паэта Беларусі савецкіх часоў Максіма Танка, які напісаў такія радкі:

           Даў нам Бог неўміручую мову,

           Што жалейкай, то лірай пяе.

           Колісь прыхадні бэсцілі слова,

           А цяпер узяліся свае…

Віншую беларусаў са святам – Міжнародным днём роднай мовы! Будзем разам!

А што ў законах?

1. Усялякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя.

2. Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё рускай і беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

3. Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржорганаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання абавязкаў.

                                                                                                                                         Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.