Дзевяцігадовая Алеся Талькоўская са Смаргоні захапляецца спортам, любіць фатаграфавацца, выдатна вучыцца ў 3 “Б” класе смаргонскай школы №7, паспяхова ўдзельнічае ў алімпіядзе па беларускай мове. А нядаўна паспрабавала сябе ў новым накірунку – паўдзельнічала ў конкурсе прыгажосці “Міні-міс і міні-містэр”.

Конкурс ладзіў раённы Цэнтр культуры Смаргоні. У канцы красавіка правялі адборачны тур. З 21 прэтэндэнта журы выбрала шэсць хлопчыкаў і шэсць дзяўчынак, якіх запрасілі да ўдзелу ў конкурсе 28 красавіка. Алеся Талькоўская аказалася сярод абраных. І нездарма. Рыхтавалася дзяўчынка сур’ёзна.

Раніцай – спевы, у абед – школа, увечары – танцы

Падрыхтоўка да конкурсу заняла амаль тры тыдні, – прыгадвае Аксана, мама Алесі. – Раніцай Алеся бегла на вакал, у абед – на ўрокі, а ўвечары – займацца з харэографам. Падтрымлівалі сяброўкі з баскетбольнай каманды. Асобны дзякуй – Юліі Ушакевіч.

Найбольш дзяўчынцы спадабаўся выхад у вячэрніх сукенках.

Хоць часу шмат на што не хапала, але дзяўчынка перакананая: такая напружанасць была апраўданая дзеля ўдзелу ў конкурсе. Алесі прыйшлося прапускаць любімыя трэніроўкі па баскетболе, а часам нават адпрошвацца з апошніх урокаў у школе.

Але настаўніца Кацярына Страшынская разумела сваю мегаактыўную вучаніцу і адпускала на рэпетыцыі. За Алесю хваляваўся ўвесь трэці “Б” разам з настаўніцай.

Конкурс уключаў у сябе візітоўку-знаёмства, прадстаўленне сваёй сям’і і сямейных захапленняў. Нехта прэзентаваў сваю сям’ю  як творчую, нехта – як вясёлую. Некаторыя мамы з дочкамі выходзілі ў аднолькавых сукенках.

Цяжка спяваць, калі не вельмі ўмееш

Алеся са старэйшай сястрой Ганнай выйшлі на сцэну ў спартыўнай форме і з мноствам медалёў, паказаўшы, што іх сям’я – спартыўная. Старэйшая сур’ёзна займаецца дзюдо, сярэдняя – лёгкай атлетыкай і баскетболам.

Алеся і Аня — спартыўныя сястрычкі.

Самым складаным, на думку Алесі і яе мамы, стаў творчы конкурс. Алеся чытала рэп, а дзяўчынкі з групы падтрымкі танцавалі.

– Адчувалася такая падтрымка з боку сябровак, – дзеліцца Аксана. – Тыя, хто не танцаваў, з глядацкіх месцаў падбадзёрвалі апладысментамі. Усё гэта было з аднаго боку весела, з іншага – хвалююча.

Чаму творчы конкурс для Алесі стаў самым складаным?

– Ведаеце, гэта надта складана, калі трэба спяваць, а ты не вельмі ўмееш, – шчыра прызнаецца Алеся. – Я ўдзячная Дар’і Кавалёвай, вакалістцы з нашага Дома культуры, якая за адносна кароткі час змагла навучыць мяне чытаць рэп правільна.

Дэфіле ў вячэрніх сукенках – той этап, што спадабаўся Алесі найбольш. Якая дзяўчынка не любіць прыгожыя ўборы?

Плакала, што не стала першай

Алеся не стала першай. І колькі б ні казалі пра тое, што галоўнае не перамога, а ўдзел, дзяўчынка плакала. Крыху суцяшаў атрыманы тытул “Міс фотамадэль”. Фатаграфавацца Алеся любіць, на фота атрымліваецца ўдала.

– Дачка любіць фотаапарат, а фотаапарат – яе, – жартуе Аксана. – Алесю не трэба вучыць, як правільна ўстаць, як паглядзець і што рабіць.

Па словах Алесі, удзел у конкурсе хоць і засмуціў крыху, але прайшоў недарма. Дзяўчынка адкрыла ў сабе новыя таленты, набыла карысны досвед і новых сяброў.

З прафесійнай фотасесіі засталося шмат прыгожых здымкаў.

Фотаздымкі забяспечаныя Аксанай Віткоўскай.