Падборка спартыўных падзей рэгіёна.
У пятым туры чэмпіянату Беларусі па футболе ў другой лізе “Мала­дзечна-ДЮСШ-4” 19 мая гуляла ў гасцях з “Асіповічамі”. Пасля першага тайма маладзечанцы прайгравалі 0:2.

У другім змаглі зраўняць лік: галы на 62-й і 68-й хвілінах забілі Алег Страхановіч і Сяргей Крот. Але за 15 хвілін да канца матча “Асіповічы” вырвалі перамогу – 3:2.

Назаўтра “Ашмяны-БДУФК” у гасцях забілі восем галоў “Горкам” і ніводнага не прапусцілі. Тры галы на рахунку Дзмітрыя Купнеўскага.

Ашмянская каманда займае пятае месца, маладзечанская – перадапошняе, чатырнаццатае.

Дзмітры Купнеўскі з “Ашмянаў-БДУФК” з дзевяццю галамі пакуль лепшы бамбардзір  чэмпіянату.

“Чысць” здабыла ачко ў дададзены час

“Смаргонь” прапусціла сёмы тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў першай лізе.   Але каманда згуляла таварыскі матч ва Уздзе з мясцовай камандай. Гульня скончылася выніковай нічыёй 4:4.

“Чысць” 20 мая сустракалася ў гасцях з мікашэвіцкім “Гранітам”. Матч завяршыўся ўнічыю 3:3. Хет-трыкам адзначыўся гулец “Чысці” Аляксей Бялевіч. Зраўняў ён лік ужо ў дададзены час. І гэта прытым, што “Чысць” з 57-й хвіліны гуляла ў меншасці.

Аляксей Бялевіч аказаўся аўтарам самага хуткага дубля ў гісторыі першай лігі. Для гэтага яму спатрэбілася 38 секундаў, паведамляе суполка ФК “Чысць”.

“Смаргонь” з 11-ю ачкамі пасля шасці гульняў займае чацвертае месца, “Чысць” – апошняе, пятнаццатае. За шэсць гульняў каманда набрала тры ачкі.

У  рэгіянальны этап прайшлі каманды са Смаргоні

У  Смаргоні 17 мая праходзіў рэгіянальны паўфінальны этап “Кубак Coca-Cola. Уступай у гульню!”.

Гульні сярод хлопчыкаў прынеслі такія вынікі: Смаргонь — Ашмяны 1:0, Ашмяны — Астравец 1:0, Смаргонь — Астравец 5:0.

У дзяўчынак каманда са Смаргоні разграміла прадстаўніц Ашмянаў 7:0.

У рэгіянальны фінальны этап прайшлі каманды хлопчыкаў і дзяўчынак са Смаргоні. Пра гэта паведамляе дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па футболе Смаргоні.

“Вілія” стартуе ў чэмпіянаце вобласці

На гэтых выхадных стартуе чэмпіянат Мінскай вобласці па футболе. У першым туры ФК “Вілія” з Вілейкі  27 мая згуляе ў Салігорску з “Гарняком”.

Усяго ў чэмпіянаце прымаюць удзел 10 камандаў. Спаборніцтвы працягнуцца да канца верасня.