Супермарафон “Мінская сотка” праводзіўся ў другі раз у фармаце клубнага мерапрыемства аматарскага альпінісцкага праекта “Сем вяршынь”.
Удзел  прынялі больш за пяцьдзясят аматараў альпінізму, горна-пешаходнага турызму і бегу на доўгія дыстанцыі ва ўзросце ад 26 да 64 год.

Упэўненую перамогу атрымаў прадстаўнік барысаўскага СК “Каяк” 54-гадовы дырэктар ТАА “Фудакан” Юры Крываў. Яго вынік – 11 гадзін 51 хвіліна. Юры палепшыў свой жа вынік гадавой даўнасці на адну гадзіну 41 хвіліну 10 секундаў.

Марафон праводзіцца ўздоўж галоўнага канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Удзельнікі стартавалі ад вёскі Беражок Вілейскага раёна апоўначы ў су­боту, 26 мая. Тут жа адбыўся і фініш мерапрыемства.

“Мінская сотка” –   адзіны супермарафон у краіне, які стартуе ў поў­нач. Для альпіністаў гэта звыклая справа, бо начны выхад на штурм вяршыні –  звычайная тактыка. У начнога старту ёсць свае перавагі: больш камфортнае надвор’е, меншы трафік людзей і машын і, самае галоўнае, удзельнік фінішуе ў светлы час сутак. Бо менавіта на апошніх кіламетрах дыстанцыі стомлены марафонец горш за ўсё кантралюе сітуацыю.

У гэтым годзе ўпершыню колькасць ­удзельнікаў-не­аль­піністаў зраўнялася з колькасцю аматараў горных узыходжанняў.