А каб яны радавалі вас і не абцяжарвалі клопатамі, мы распыталі пра тое, як выбіраць і даглядаць расліны, у тых, хто пабудаваў на іх бізнес.
З маем рынак рай­спажыўтаварыства зусім мяняецца. Да самых халадоў тут будуць прапаноўваць прыгажосць – спачатку расаду і кусцікі, пасля свежыя кветкі. Каб адчуць колеры і пахі лета, без кветак ніяк. Менавіта яны, трапляючы нам на вочы ці абдаючы салодкім водарам, нагадваюць, што вось яно, дачакаліся. У той жа час хочацца, як мага менш корпацца ў іх і больш адпачываць.

Менавіта таму на базары прапануюць расліны, якія толькі пераса­дзі і крыху даглядай, ці гатовыя кашпо.

Самыя папулярныя – петуніі

Петуніі цяпер самыя папулярныя кветкі на маладзечанскім базары. Белыя, ружовыя, чырвоныя, фіялетавыя і рознакаляровыя – гэта толькі некаторыя колеры, так што абраць кветкі ў тон ці ў кантраст інтэр’ера або экстэр’ера зможа любы маладзечанец ці госць горада.

Гандляры кажуць, што прывозяць некалькі відаў, а самі маюць па 30-40 у цяпліцах. Ёсць расада, што прызначаная для клумбаў, і тая, што падвешваецца ў кашпо. Кашпо з буйна разрослай петуніяй прадаюць па 10-15 рублёў. Расаду аддаюць ад 1,50 рубля.

Прадаўцы абяцаюць, што праз тыдзень пасля перасадкі петунія моцна вымахае і будзе не горшай за тую, што адразу ў кашпо.

У цяпліцах петуніі пачынаюць вырошчваць са студзеня. У горад іх прывозяць мясцовыя ці госці, напрыклад, з Пінска.

Кветкі аднагадовыя, але, абяцаюць прадаўцы, цвісці будуць да першых маразоў.

Што акрамя петуній

Бягоніі па два рублі можна высадзіць на градку ці ў хатні вазон. Кветкі не баяцца ні дажджу, ні сонца. Аксаміткі (бархатцы) па два рублі вырастаюць з буйной шапкай. За рубель прадаюць дэкаратыўную крапіўку, ці колеус.

За тры рублі прадаюць расаду шматгадовых гваздзікоў для агарода. Гандляр Віктар кажа, што ў добрых гаспадынь і з запраўленай глебай яны красуюцца да пяці год.

Куст дэкаратыўнай каліны прадаюць за 25 рублёў.

Калі хочацца зеляніны, а не кветак, можна абраць дэкаратыўнае дрэўца. Напрыклад, пушыстая елка стане вашай за 15 — 25 рублёў, у залежнасці ад вышыні. Яе можна пасадзіць у зямлю ці ў кадушку. Расце яна вельмі павольна, не больш за 2-3 сантыметры на год. Марозу не баіцца.

Некалькі сакрэтаў па доглядзе

Па 15 рублёў прадаюць кашпо з лабеліяй. Дробныя кветачкі густа раскіданыя на кусце. Гандляр Віктар расказвае, што лабеліі і петуніі лепш не паліваць, а ставіць у паддон з вадой. Зямля ўсмокча ваду, і капаць знізу нічога не будзе. Правяраць, ці трэба паліваць зноў, лёгка. Дакраніцеся да глебы – калі вільготная, значыць, вады хапае. Сухаватая – трэба паліць.

Калі петуніі добра разрастуцца, Віктар раіць крыху зрэзаць па кругу, і тады кветкі пой­дуць з новай сілай. У гэты час можна даць адмысловую падкормку.

Петуніі баяцца прамога сонца і дажджу. Таму лепш хаваць іх пад дах на ганку ці на балконе. Лабелія так дажджу не баіцца.

Акрамя петуній прадаюць фуксіі, сурфініі, бягоніі, вербену, лаванду, вяргіні і іншыя кветкі. Калі хочаце нейкую канкрэтную расліну – пытайцеся ў прадаўцоў. Хутчэй за ўсё, у кагосьці такая ёсць, проста сёння на базар не прывезлі.