Ягору – 29. Давіду – амаль тры. Тату з сынам я сустрэла ў маладзечанскім гарадскім парку. Давід, як маленькі верталёцік, лётаў ад лавачкі да лавачкі. Тата імкнуўся злавіць у аб’ектыў фотаапарата свайго хлопчыка.

Давід цягнецца да жанчын

Ягор і Давід – гэта ўся сям’я Мышукоў. У кастрычніку 2015 года іх жонка і мама Вікторыя раптоўна памерла пасля родаў у маладзечанскай радзільні. Цяпер “хлопцы” жывуць удваіх у аднапакаёвай кватэры.

На маё пытанне, як праходзіць дзень таты ў дэкрэце, Ягор адказвае проста: напэўна, так, як і мамы ў дэкрэце. Прачынаемся, гатуем, ядзім, стараемся больш гуляць, ходзім у госці да бабуль, абавязкова – дзённы сон.

Давід ужо спрабуе хадзіць у садок. З дзецьмі і выхавальніцай хлопчыку падабаецца. Давід увогуле цягнецца да жанчын: да бабуль, да Ягоравай сястры.

Ад ліпеня плануюць аддаваць хлопчыка ў садок на цэлы дзень. Таму хутка тата зможа выйсці на ранейшую працу – аператарам на адно з мэблевых прадпрыемстваў.

– Летам яшчэ нічога, – кажа Ягор. – Стараемся з Давідам шмат гуляць на вуліцы. А зімой сцены ціснуць, больш на працу хочацца.

Прызнаецца, што цяпер, калі сын падрос, з ім стала куды цікавей. Хлопчык у апошнія паўгода пачаў шмат гаварыць, ведае колеры, паўтарае фразы за дарослымі. Тата ўжо можа зразумець Давіда, адказаць на яго дзіцячыя пытанні. Першым словам хлопчыка было – “дай”. Потым пачаў гаварыць “тата” і “баба”.

Давід дапамагае тату даглядаць рыбак.

Як маленькі сын “шкадуе” тату

– Калі так раптоўна і незразумела памерла Віка, у дэкрэтны былі гатовыя ісці і яе мама, і мая, – прыгадвае мужчына той кастрычнік 2015 года. – Вырашылі, што пойдзе мама Вікі. А я працаваў. На працы разумелі маю сітуацыю, ішлі насустрач. Дазвалялі працаваць у першую змену – больш зручную для мяне. Па магчымасці дапамагалі ў дзіцячай паліклініцы. Калі былі нейкія пытанні, тэлефанаваў доктару-педыятру Наталлі Свірыдзе. Заўсёды атрымліваў адказы.

У адпачынку па доглядзе за дзіцем мужчына больш за год: пайшоў летась у маі. Атрымлівае дэкрэтныя і грошы па страце кармільца. Усе льготы для такіх сямей адмянілі ў 2013 годзе.

Ягор прызнаецца, што спачатку яго вельмі палохала невядомасць: што рабіць з маленькім дзіцем аднаму, без жонкі? Ды і знаёмыя казалі, што будзе нялёгка.

Але маленькі Давід “шкадуе” тату. Нічым сур’ёзным хлопчык не хварэў, у бальніцы, як дзеці многіх знаёмых, не ляжаў, паспаць даваў. Выпісалі яго з радзільні, дарэчы, як усіх здаровых дзяцей, – на пятыя суткі. У першы год былі звычайныя для ўсіх немаўлят нязначныя праблемы – жывоцік, зубкі, крыху павышаная тэмпература.

Да бабулі – на арэлі і батут

У хлопчыка выдатны апетыт. У бабулі, Ягоравай маці, некалькі ўнукаў. І яна кажа, што Давід – першае дзіця, якое так добра есць.

Цяпер бацькі Ягора і Вікі вельмі дапамагаюць сям’і. Бацькі жонкі жывуць зусім побач. Ягоравы бацька і маці крыху далей, у прыватным сектары. Там свой дом, сад, батут і арэлі для Давіда.

– Бачу, што дзяцей некаторых сяброў часам проста не адарваць ад мамы і таты, – кажа Ягор. – Давід жа без праблем ідзе да бабуляў і дзядуляў.

Што трэба дзіцяці?

– Нейкім хатнім справам мусілі навучыцца?

– Гатаваць я заўсёды любіў. Адзенне памыць – цяпер  праблем няма: закінуў і дастаў. Як немаўлят даглядаць, таксама ўяўляў: калі ў сястры нарадзіўся першы сын, мне было 11 гадоў. Што трэба маленькаму дзіцяці? Увага і час, – разважае Ягор. – Гэта ўсё я магу даць сыну.

Назваць хлопчыка Давідам вырашыў Ягор. Мужчына расказаў, што і сёння дома захоўваецца распіска, напісаная Вікторыяй. У ёй пазначана, што калі народзіцца хлопчык, імя выбірае Ягор, калі дзяўчынка – называе мама.

Сын ведае маму па фотаздымках

Дзяўчынку, дарэчы, і чакалі. На трох ультрагукавых даследаваннях будучым бацькам сказалі, што народзіцца дачушка. Нават набылі ўсё ружовае для выпіскі з радзільні.

Для дзяўчынкі будучая мама падрыхтавала тры імені. Для хлопчыка – толькі Давід. Іншых варыянтаў не было. Ягор лічыць гэтае імя вельмі мужчынскім, з гісторыяй.

– Распавядаеце Давіду пра маму?

– Сын ведае маму па фотаздымках, разам ездзім на могілкі да Вікі.

На думку Ягора, калі дзіця страчвае маму ў старэйшым узросце, тады бывае значна цяжэй. Давід жа не ведаў мамы і пакуль яшчэ не разумее ўсёй трагічнай сутнасці таго, што адбылося.

Вясельнае фота Вікторыі Мышук.

Пра смерць жонкі паведамілі толькі праз паўтары гадзіны

Вікторыя ніколі нічым сур’ёзным не хварэла. У яе картцы ў паліклініцы былі толькі запісы з медаглядаў. Ніякай алергіі на медыцынскія прэпараты ў жанчыны не было.

Цяжарнасць праходзіла лёгка. Як многія ў гэтым стане, часам адчувала млоснасць раніцай. У радзільню Віку забралі за два тыдні да родаў.

– Няўжо за гэты час дактары не маглі прадугледзець усё, каб не адбылася трагедыя? – да гэтай пары не разумее Ягор.

Афіцыйная прычына смерці Вікторыі Мышук – анафілактычны шок. Але ў Ягора і сёння да дактароў засталося шмат пытанняў. Чаму на бірцы ў дзіцяці не быў пазначаны час яго нараджэння? Тата забіраў сына з радзільні, не ведаючы, калі нарадзіўся хлопчык.

Чаму Віка памерла каля сямі раніцы, а яму патэлефанавалі толькі праз паўтары гадзіны? Быццам бы дробязі. І ўсё ж…

Пасля трагедыі Ягор размаўляў са сталічнымі дактарамі, якія маюць вялікі досвед працы. Доктар-гінеколаг Таццяна Дубавец адзначыла, што, працуючы ад 1993 года, пра выпадак смерці ад метылэргабрэвіна пачула ўпершыню. Па яе словах, прэпарат, з-за якога па афіцыйнай версіі здарыўся анафілактычны шок у Вікі, уводзяць усім жанчынам пасля родаў, каб не было крывацёку.

Ягор з сябрамі.

Рыбкі, фота, відэа, баскетбол, страйкбол

Малады тата знаходзіць час на захапленні. Ягор разводзіць акварыумных рыбак і крэветак. Давід дапамагае тату іх даглядаць.

Яшчэ адно захапленне – спорт. Мужчына з камандай сяброў прыкладна раз на тыдзень у сваё задавальненне займаецца баскетболам, наведвае трэнажорную залу.

Калі ёсць час і магчымасць, па нядзелях гуляе ў страйкбол – ваенна-спартыўную гульню з электра-пнеўматычнай зброяй.

– Адпачыць з сябрамі можаце дазволіць сябе?

– Я жаніўся не рана, таму з сябрамі нагуляўся шмат. У нас з Вікай – агульныя сябры. Цяпер ва ўсіх ёсць дзеці, у некаторых – па двое. Калі збіраемся на прыроду ці да некага ў госці, едзем сем’ямі, з дзецьмі.

Валянціна Варанюк: “Калі першы сын стаў манахам, я галасіла. Калі другі – танцавала”. Маладзечанка распавядае, як прыняла рашэнні трох сваіх сыноў сысці ў манастыр

Асабліва кранаюць здымкі ў Залессі

Яшчэ адно захапленне, якое да таго ж дае невялікі прыбытак сям’і, – гэта фота- і відэаздымка. Здымае Ягор даўно. Першы фотаапарат набыў гадоў пяць таму – і пачалося. Сёння мой субяседнік здымае вяселлі.

– Канешне, бывае цяжка на такіх здымках, – прызнаецца мужчына. – Вельмі кранаюць сцэны ў ЗАГСе. А яшчэ цяжэй, калі маладыя едуць у Залессе на Смаргоншчыну – туды, дзе сябры-аператары здымалі наша з Вікай вяселле.

І ўсё ж Ягор перасільвае сябе. Лічыць, што не варта адмаўляцца ад любімай справы, якая прыносіць радасць людзям, а таксама маральнае задавальненне, і невялікі прыбытак яму.

“Не ведаю, як святкаваць Дзень нараджэння сына, які супадае з днём смерці жонкі”

Муж памерлай у раддоме жанчыны: мы будзем дамагацца таго, каб вінаватых пакаралі