Сачыць за парадкам на сталічных пляжах эколагам цяпер дапамагае квадрокоптер, паведаміў карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» начальнік аддзела аператыўнага кантролю Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Дзмітры Александровіч.

Рэйды па зонах адпачынку ля вады праводзяцца рэгулярна і парушэнняў з кожным годам становіцца ўсё менш. Эколагі кантралююць абстаноўку. Правяраюць своечасовасць вывазу смецця, адсутнасць машын у 30-метровай зоне ля вады, наяўнасць спраўных шлагбаўмаў, якія перашкаджаюць несанкцыянаванаму транспарту.

– Пры дапамозе квадракоптара зручна кантраляваць пляжы. Але гэта не асноўная функцыя абсталявання. У Мінску ёсць шырокія тэрыторыі, якія вельмі складана аб’ехаць. За сітуацыяй на гэтых участках эколагам таксама неабходна сачыць, каб своечасова выяўляць парушэнні. Гэта і былы ваенны палігон у Калодзішчах, і поймы гарадскіх рэк. Менавіта на такіх участках мы плануем у першую чаргу выкарыстоўваць дрон. Магчыма, у нас нават атрымаецца выяўляць падобным чынам парушальнікаў, якія ладзяць несанкцыянаваныя звалкі. Таму што такая праблема ў горадзе да гэтага часу існуе, – растлумачыў Дзмітры.

У камітэце распрацаваны графік выкарыстання дрона. Робат можа не толькі ў рэжыме рэальнага часу перадаваць карцінку, але і рабіць фота- і відэаздымку.

Паводле слоў спецыяліста, робат ужо прайшоў “баявое хрышчэнне”. З дапамогай гэтага абсталявання абследавалі былы ваенны палігон у Калодзішчах, а таксама тэрыторыі пляжаў на вадасховішчах Дразды і Крыніца. Вынікамі эколагі цалкам задаволеныя.