Гэта пераклад на англійскую мову яе кнігі эсэ «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі», якая адразу пасля выдання ў 2015 годзе прынесла аўтарцы шырокую вядомасць не толькі на радзіме. Ёю зацікавіўся прафесар Лонданскага ўніверсітэта, знаны англійскі беларусіст Джым Дынглі, які і зрабіў пераклад.

У анонсе да кнігі напісана, што ў гісторыях Тані Скарынкінай жыццё малога беларускага мястэчка спалучана з развагамі пра сусветную літаратуру.

Седзячы ля акна са шклянкай журавінаў у цукровым сіропе, купленых у супермаркеце ў жанчыны, якая запэўнівае, што ягады прывезеныя з Карэліі, аўтарка думае:

«Магчыма, калі з’есці іх, яны зробяць нейкі добры эфект. Можа быць, спірытычны? Я з’ем, і журавіны створаць нейкую магію ўва мне».

Скарынкіна падахвочваецца на апошнія грошы ехаць у Кракаў, каб сустрэцца з Чэславам Мілашам. Але не знаходзіць ягонага адрасу, і ён застаецца для яе гэткім самым ідалам з мінулага, як і Элвіс Прэслі ў залатой аздобе.

Кожная гісторыя мае шарм і асабістую загадку аўтаркі, пішуць брытанскія выдаўцы. Кніга складаецца з успамінаў смаргонскага маленства, пераплеценых з роздумам пра паэзію, філасофію і культуру наогул. «Свежая і прывабная — гэта акно ў іншае жыццё».

Брытанская кніга беларускай пісьменніцы заяўленая да ўдзелу ў Эдзінбурскім міжнародным кніжным фэсце. Аўтарку запрасілі на прэзентацыю, якая адбудзецца 19 жніўня.

Прадстаўляць Таню Скарынкіну будзе адзін з вядучых брытанскіх журналістаў Рэтэр Рос. Свой выбар арганізатары тлумачаць тым, што гэтыя аўтары шмат у чым падобна праяўляюцца ў сваіх творах.

Рэтэр Рос — аўтар кнігі «Палкасць Гары Бінга». «Гэта калекцыя бліскучых інтэрв’ю пра надзвычайны брытанскі характар, а кніга „Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі“ змяшчае неадназначныя абразкі з жыцця польска-беларускага памежжа», — пішуць выдаўцы.

Кніга Тані Скарынкінай — гэта першае яе выданне ў Велікабрытаніі.