Пра Лёшу згадвалі ў сям’і

У «Рэгіянальнай газеце» працуе адна з пляменніц легендарнага героя – стыль-рэдактар Марыя Бераснева. Яна вельмі ганарыцца сваім дзядзькам. Мы пагутарылі з Марыяй Браніславаўнай пра знакамітага сваяка.

– Пра свайго брата Лёшу мама часам згадвала, – кажа Марыя Браніславаўна. – Але ж ніхто не ведаў, дзе ён і чым займаецца. Першы раз пасля доўгай разлукі сваякі сустрэліся толькі ў 1972 годзе. Але мне яго пабачыць не ўдалося, здавала якраз экзамены ў школе. А ён быў праездам і затрымаўся ненадоўга. Ужо будучы дарослай у газеце “Совершенно секретно” я ўбачыла вялікі артыкул пра яго. Тады радня гэту газету перадавала з рук у рукі. І менавіта тады хоць трохі сталі ведаць, хто такі Аляксей і чым ён займаецца. У адным з часопісаў пісалі, што ён быў знаёмы са знакамітым Шцірліцам (Ісаевым).

Як Аляксей Бацян стаў Леа Дворжакам

З родных Чартавічаў у 1939 годзе Аляксея Бацяна прызвалі ў армію. Падчас вайны трапіў у разведшколу. Пасля маладога разведчыка з парашута закінулі ў Чэхаславікію. Трэба было выдаць сябе за мясцовага жыхара, атрымаць адукацыю, зрабіць кар’еру, укараніцца ў мясцовыя спецслужбы, якія цікавіліся ўранавай рудой. А паспрабуй гэта зрабі, калі нават мовы не ведаеш.

Аляксей дапамог нейкай чэхаславацкай бабулі пасекчы дровы. Тая прытуліла хлопца. Праз нейкі час разведчык вывучыў мову, скончыў мясцовы тэхнікум і для ўсіх стаў чэхам Леа Дворжакам.  Тут пазнаёміўся з прыгожай чэшкай Геленай Вінзейль і ажаніўся з ёй. Укараніўся ў неабходныя спецслужбы і стаў пастаўляць інфармацыю ў Савецкі Саюз.

А муж аказаўся Аляксеем

Пра тое, што яе муж не чэх Леа Дворжак, а савецкі разведчык Аляксей Бацян, – працягвае расказваць Марыя Бераснева, – Гелена даведалася праз некалькі год пасля вяселля, калі сям’я ўжо мела дачку. Ён паехаў у Савецкі Саюз і яго амаль год не было. Вядома, жонка ўрэшце забіла трывогу. Пасля прыехаў сябар Аляксея і забраў яе з дачкой і маці, але на пагранічным пункце жонцы сказалі, што за вамі прыехаў Бацян. Тая: “Я такога не ведаю”. Якраз быў вечар, цёмна, цяжка каго распазнаць. Але тут чатырохгадовая дачка вырвалася ад пагранічнікаў і крычыць па-чэшску: “Тацінка! Тацінка!” – ”Татачка! Татачка!”. Пагранічнік іх і прапусціў.

Марыя Бераснева (злева) з унукам Аляксеем (у цэнтры) разам са сваякамі прыехалі на сустрэчу з Аляксеем Бацяном. Фота psl.b.

Кар’ера разведчыка ледзь не скончылася ў 1953 годзе, калі ў Саюзе даведаліся, што ў Бацяна жонка-замежніца. Аляксея з органаў звольнілі. Тады па савецкіх дакументах Гелена стала Галінай Бацян. Праз паўтара года Аляксея зноў узялі на службу. Яны з сям’ёй вярнуліся ў Чэхаславакію, пасля былі камандзіроўкі ў іншыя краіны.

У гонар героя-разведчыка хлопчыкаў у радні называюць Аляксеямі

Знакамітага сваяка Марыя Бераснева пабачыла ў 1978 годзе. Яна тады якраз нарадзіла свайго першынца. Сына Марыя вырашыла назваць Аляксеем – у гонар дзядзькі-разведчыка. Дарэчы, у гонар разведчыка назвалі шмат хлопчыкаў у радні.

– Пра сваякоў Аляксей Бацян заўсёды памятаў, – расказвае Марыя. – Неяк падарыў мне і яшчэ адной пляменніцы Ніне Садоўскай падарожжа на цеплаходзе па Волзе. Мы ўзялі сыноў і паехалі ў Маскву. Гэта быў 1991 год. Вярнуліся з падарожжа, а Масква ў барыкадах. Запрашаў і майго брата Антона на працу ў органы КДБ, але той адмовіўся.

Падчас сустрэч з землякамі да Аляксея Бацяна не прабіцца

Сёлетні прыезд Аляксея Бацяна ў Беларусь прымеркавалі да 100-годдзя службы Камітэта дзяржбяспекі, маладзейшай за яго на адзін год.

У Мінску ў пятніцу, 27 ліпеня, зладзілі міжнародны турнір па шахматах на кубак Аляксея Бацяна. Ён зрабіў першы ход. І вельмі ўзрушаліся масквічы, што выйгралі беларусы. На сустрэчы з вітальным словам выступіў кіраўнік КДБ Валеры Мікульчык.

З прыездам на радзіму госця з Масквы віншавалі намеснік кіраўніка Валожынскага райвыканкама Ігар Шакун. А настаўніца з Сакаўшчынскай сярэдняй школы  Марына Чэрнік уручыла разведчыку альбом з яго рэдкім фотаздымкам, які ўдалося знайсці іх краязнаўчаму музею.

Марыя Бераснева прызналася, што падчас такіх сустрэч з землякамі да дзядзькі заўсёды цяжка падысці. Вельмі шмат жадаючых паціснуць руку і пагаварыць са знакамітым разведчыкам.

Аляксей Бацян пажадаў сваім аднавяскоўцам моцнага здароўя, паспадзяваўся на далейшыя сустрэчы і падкрэсліў, што заўсёды памятае што ён – беларус.