Больш за 20 фотаздымкаў, адсканіраваных з шкляных негатываў, якія цудам захаваліся да нашых дзён пазнаёмяць наведвальнікаў выставы з гісторыяй Вілейшчыны пачатку 20 стагоддзя: храмы, падзеі, людзі. Большасць фотаздымкаў – вёска Касута. Гэта невыпадкова.
Выставачная зала імя Нікадзіма Сілівановіча Вілейскага краязнаўчага музея запрашае наведаць выставу “Погляд мінулай эпохі” на фотаздымках протаіерэя Паўла Валынцэвіча.

6 красавіка 1899 года святаром ў сяле Касута стаў псаломшчык Мастаўлянскай царквы Гродзенскага павета Павел Валынцэвіч, які скончыў курс Літоўскай семінарыі. 25 мая яго пасвяцілі ў духоўны сан і прызначылі настаяцелям царквы Святых Апосталаў Пятра і Паўла.

Фота peramoga.by

Павел Валынцэвіч меў шырокае кола інтарэсаў. Пісаў карціны, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам, карыстаўся сонечным гадзіннікам і менавіта па ім выстаўляў час на кішэнным. Сабраў вялікую бібліятэку, якой карысталіся ўсе яго знаёмыя і вернікі. Цікавіўся палітыкай, разводзіў пчол.

Найбольшым яго захапленнем было фатаграфаванне. Гэтай справай айцец Павел зацікавіўся менавіта ў Касуце. Там і пачаў фатаграфаваць, і першы яго фотаздымак – Свята-Петра-Паўлаўская царква – 1900 год. Пасля здымаў ўсё: храмы, вёскі, святы,уборку ураджаю, будаўніцтва хаты, прыродныя з’явы. Галоўнай адметнасцю фатаграфічнай спадчыны Паўла Валынцэвіча сталі здымкі, якія зафіксавалі гісторыю свайго часу.

Фотаархіў Паўла Валынцэвіча захаваўся да нашых дзён і сёння мае выключную гістарычную каштоўнасць. Вядомы беларускі фатограф Уладзімір Суцягін не толькі пачысціў шкляныя негатывы і адсканіраваў, але, дзякуючы подпісам на негатывах, устанавіў імя фатографа і многія месцы фатаграфавання.

Дыск з фотаздымкамі Вілейшчыны перададзены ім  ў дар Вілейскаму краязнаўчаму музею,распавяла “Рэгіянальнай газеце” дырэктар музея Надзея Аўдзей.