Пра магчымасць скарачэння з двух тыдняў да 5–7 дзён перыяду адключэння жылых дамоў ад гарачага водазабеспячэння заявіў прадстаўнік Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Аксціловіч.


Ён паведаміў, што гэтае пытанне знаходзіцца зараз у «стадыі вывучэння».

«Мы маем досвед, калі некаторыя працы праводзяцца не два тыдні, а цягам пяці-сямі дзён. Нельга сказаць, што такіх выпадкаў шмат, але яны існуюць, і пераважна там, дзе пракладзеныя новыя сеткі. Там, дзе трубаправод стары, — тэрмін працаў больш працяглы».

Паводле прадстаўніка міністэрства ЖКГ, ацэнка сітуацыі падказвае, што скарачаць тэрміны можна праз укараненне новых тэхналогій, на чым і засяроджваюцца камунальнікі.

На пытанне, чаму такой праблемы не існуе ў іншых краінах Еўропы, Аксціловіч адказаў, што ў пераважнай большасці краін Еўропы наогул не існуе сістэмы цэнтралізаванага ацяплення. Паводле Аксціловіча, цяперашні тэрмін у два тыдні абгрунтаваны для ўсяго комплексу рамонтных працаў.

Камунальнікі сёлета плануюць замяніць у Беларусі 600 кіламетраў водаправодных труб, палова гэтай працы ўжо зробленая, паведаміў Аксціловіч.