Іван Драўніцкі, або Яська-краязнаўца, разам з журналістам Міхалам Чарняўскім рэгулярна друкавалі краязнаўчыя артыкулы на старонках мясцовых газет.

Засвірская мумія ў бутэльцы

Школьнікам мне было цікава чытаць расповеды пра нашу гісторыю. Адзін толькі расповед пра мумію з Засвіры чаго варты.

Жанчына пасля смерці каханага змясціла яго астанкі ў шкляную бутэльку і не давала пахаваць у зямлі. І толькі пасля вайны мумію пахавалі ў невядомым месцы. Працяглы час думалася, што гэта легенда, пакуль у Свіры я не пабачыў чорна-белы фотаздымак гэтай муміі.

Гістарычныя артыкулы развівалі юнацкае ўяўленне, прымушалі задумацца над сэнсам жыцця. Падчас магутнага ўздыму Адраджэння ў пачатку 1990-х з’явіліся новыя кнігі, новыя перыядычныя выданні. Беларуская гісторыя скінула з сябе камуністычныя ланцугі і развівалася шпаркімі крокамі. З’явілася шмат знаходак і ў краязнаўстве.

З удзелам Івана Драўніцкага выдалі кнігу «Памяць. Мядзельскі раён». У свой час – самае грунтоўнае выданне па гісторыі Мядзельшчыны, дзе сабраныя разнастайныя звесткі па гісторыі нашага роднага краю.

Вывучыць Мядзельшчыну ад Свіры да Княгініна

Краязнаўства натхняла мяне падчас вучобы на гістарычным факультэце на пошукі новых звестак. Маёй летуценнай юнацкай марай было дэталёвае вывучэнне ўсёй Мядзельшчыны – ад Свіры да Княгініна. З юнацкім запалам узяўся за нялёгкую справу і шмат у чым атрымліваў падтрымку ад Драўніцкага. Ён паказваў прыклад руплівага шукальніка даўніны. Яго стараннасць і працавітасць проста ўражвалі. Раўняючыся на яго, я таксама
імкнуўся не адставаць у краязнаўстве, шмат працаваў у архівах і бібліятэках сталіцы.

Галоўным клопатам для краязнаўцаў было захаваць пэўны баланс у натуральным жаданні ліквідаваць як мага больш «белых плям» пры даследаванні роднай гісторыі і пры гэтым пазбегнуць канфлікту з існуючай ідэалогіяй.

Іван Пятровіч шмат друкаваў нарысаў і кніг. У маёй жа творчасці праз пэўны час быў дасягнуты пункт раўнавагі.

Перадавыя тэхналогіі не перашкаджалі шанаваць спадчыну

Патрабавалася шмат вольнага часу для асэнсавання ўсяго назапашанага матэрыялу. Новым штуршком для творчасці стаў кароткі перыяд жыцця ў Фінляндыі. Пакуль жыў у гэтай краіне, пашчасціла ў дадатак пабываць у пяці еўрапейскіх сталіцах. Фінляндыя ўразіла высокімі даходамі простага насельніцтва і надзвычай моцнай сістэмай сацыяльнай абароны.

Перадавыя тэхналогіі даўно выкарыстоўваліся ў адукацыі, гандлі, транспарце. Разам з мадэрнізацыяй, як ні дзіўна, жыхары Еўропы сталі больш шанаваць спадчыну продкаў, адметныя мясцовыя традыцыі. Новыя ўражанні пераканалі мяне ў тым, што надышла пара ўжываць новыя тэхналогіі пры гістарычных даследаваннях. Пад іх уздзеяннем вырашыў друкаваць свае даследаванні выключна ў інтэрнэт-прасторы.

З таго часу імкнуся прытрымлівацца гэтага правіла, хаця апошнім часам некалькі артыкулаў друкаваў і ў газетах. Адкрыў для сябе і новае захапленне – Вікіпедыю, да якой раней ставіўся несур’ёзна. Зараз лічу Вікіпедыю магутным сродкам адукацыі ўжо недалёкай будучыні. Агульная колькасць маіх артыкулаў там – больш за дзвесце. І спасылкі на выданні Драўніцкага спатрэбіліся амаль для кожнага.

Агульнымі высілкамі мы паднялі краязнаўства Мядзельшчыны на новы ўзровень, насыцілі новымі фактамі і вобразамі. Ацэньваючы нашу супольную дзейнасць на гэтай ніве, магу смела заявіць, што такога ўзроўню даследаванні не змаглі б ажыццявіць ніводны са сталічных прафесараў ці нават аўтарскіх калектываў.

Толькі такія самаахвярныя людзі, як Іван Пятровіч Драўніцкі, якія выраслі на гэтай зямлі, адчуваюць яе подых і па-сапраўднаму шануюць, здольныя адлюстраваць усю прыгажосць і зачараванне.

Пра неабмежаваныя магчымасці гістарычных ведаў

Але не ўсе абывацелі разумеюць важнасць краязнаўчых ведаў. Перыядычна сустракаюцца асобы, якія пытаюцца, каму патрэбная гісторыя ў наш час.
Сапраўды, гісторыю ў кішэнь не пакладзеш. Але ж біткоін таксама нельга пакласці ў кішэню, хаця ён і важка каштуе…

Прывяду некалькі прыкладаў пра неабмежаваныя магчымасці гістарычных ведаў. Будучы яшчэ студэнтам, сябраваў з аднакурснікам Юрасём Грыбоўскім, цяпер – прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта. Падчас вучобы ён выдаў кнігу пра беларусаў з польскай арміі генерала Андэрса. Я прапанаваў яму зрабіць выбарку з яго кнігі і скласці асобны спіс ураджэнцаў Мядзельшчыны, каб потым надрукаваць у раённай газеце. Гэта мы зрабілі.

Вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Чалавек з Занарачы знайшоў у спісе прозвішча свайго бацькі, пра якога раней нічога не ведаў.

А вось яшчэ прыклад. Каля Гануцкай царквы ў вёсцы Ручыца Вілейскага раёна знаходзілася магіла двух невядомых сібірскіх казакоў, што прынялі пакутніцкую смерць. У 2015 годзе, даследуючы тэму Свянцянскага прарыву ў верасні 1915 года, я знайшоў дакументы, што дазволілі потым вілейскім краязнаўцам высветліць іх прозвішчы і ўстанавіць мемарыяльную шыльду…

Тужліва зараз на сэрцы. Няма побач з намі слыннага пашукавіка Івана Драўніцкага. Толькі высокі гай шуміць на канстанцінаўскім цвінтары.