Калі прыбылі выратавальнікі, агнём быў ахоплены дах дома. Унутры знаходзіліся людзі – мужчына і жанчына толькі напярэдадні арандавалі жыллё.
Навальніца магла стаць прычынай пажару ў Астраўцы, што адбыўся ўчора ноччу. У ноч ад 3 на 4 верасня на Астравеччыне навальніца пакінула пасля сябе вогненныя сляды.

Мяркують, што ў двухпавярховы драўляны, часткова абкладзены цэглай, жылы дом па вуліцы Зорнай трапіла маланка.

Паведамленне пра пажар паступіла ў Астравецкі РАНС 4 верасня ў 04.46 – тэлефанавала жанчына, якая ў гэты час ішла на працу. Да месца здарэння накіравалі пажарныя разлікі з Астраўца і пастоў «Ізабеліна» і «Варняны».

Калі прыбылі выратавальнікі, агнём быў ахоплены дах дома. Унутры знаходзіліся людзі – мужчына і жанчына толькі напярэдадні арандавалі жыллё. Як высветлілася, яны спалі і нават не падазравалі, што гараць, – ратавальнікі абудзілі іх, і тыя выйшлі на вуліцу.

У выніку пажару агнём знішчаны дах і пашкоджана перакрыцце.

Нагадаем, што ў ноч ад трэцяга на чацвертае верасня ад маланкі загарэліся тры гаспадарчыя пабудовы на Маладзечаншчыне.