Сям’я забітага Андрэя Касяка прыгаворам незадаволеная. Мы разлічвалі як мінімум на пажыццёвае зняволенне, падзялілася з “Рэгіянальнай газетай” сястра Андрэя Людміла Міхаленя.

Па словах Людмілы, суд прызнаў Светчыкава і Сінькевіча вінаватымі па ўсіх артыкулах, якія ім прад’яўлялі: забойства групай асоб, выкраданне чалавека ў карыслівых мэтах, вымагальніцтва, выкраданне асабістых дакументаў, разбой, наўмыснае знішчэнне маёмасці, падробка дакументаў і інш.

Падсудным прызначылі такія тэрміны, пра якія прасіў пракурор. А ў спрэчках адвакаты настойвалі на тым, што Светчыкаў і Сінькевіч невінаватыя ні па адным артыкуле.

—У судзе яны так і не прызналіся, дзе схавалі цела. Чаму? Магчыма, яны нешта жахлівае зрабілі з ім. А можа, там пахаваны не адзін забіты бізнесмен, — дзеліцца меркаваннямі Людміла.

На думку сястры Андрэя, Светчыкаў і Сінькевіч абралі такую пазіцыю: валіць віну адзін на аднаго і не прызнавацца, дзе цела.

Родныя забітага бізнесмена пісалі пісьмо Аляксандру Лукашэнку з просьбай паспрыяць знайсці цела, аднак пакуль, на іх думку, атрымліваюць толькі адпіскі.

Людміла расказала “Рэгіянальнай газеце”, што ў сваіх пошуках сям’я не спыніцца: пададуць на апеляцыю, будуць шукаць цела, пісаць ва ўсе інстанцыі, у тым ліку і ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Прыгавор не ўступіў у законную сілу.