Другі тыдзень на поўначы Крыма бушуе экалагічнае бедства. Не землятрус і не цунамі – сярністы ангідрыд. Невядомае слізкае рэчыва жыхары горада Армянска выявілі раніцай 25 жніўня. Яно было ўсюды: на дамах, аўтамабілях, на дрэвах і пасадках агуркоў з памідорамі. У кагосьці нават відэльцы дома “пакрыліся іржой”.

“Раніцай 25 жніўня я збіраўся ехаць да знаёмага на дзень нараджэння, – распавядае жыхар Армянска Міхаіл Слабадзянюк. – Машыну з вечара пакінуў на вуліцы, ключы паклаў на стол. Прачнуўся, выходжу, бяру ключы і думаю: ” Так, гэта не мае – адкуль я іх узяў?” Яны ўсе іржой былі пакрытыя. Потым гляджу на дах свайго дома – і ён увесь у слізі. Прычым я нядаўна рабіў яго ацынкоўку, так гэтая слізь увесь цынк праела. Добра, думаю, пайду ў адміністрацыю разбірацца. Але да адміністрацыі не дайшоў: сустрэў начальніка ЖКП – той сказаў, што пакуль наогул невядома, што адбываецца”.

У недасведчанасці жыхары Армянска знаходзіліся амаль тыдзень. Увесь гэты час – бясконца скардзіліся на цяжкасці дыхання, сып на скуры, паленне ў вачах. Гарадская бальніца апынулася перапоўненай ужо на другія суткі, людзей адпраўлялі дадому. Кожны дзень жыхары змывалі невядомую слізь са сваіх дамоў і гародаў, і кожны дзень яна з’яўлялася зноў.

Толькі 28 жніўня першую заяву па сітуацыі зрабіў кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў: «Пробы паветра, узятыя Расспажыўнаглядам ў Армянску, паказалі, што ніякай пагрозы для здароўя і жыцця жыхароў Крыма няма. Міністэрства экалогіі РК сумесна з Расспажыўнаглядам праводзяць даследаванні паветра, вады і глебы на месцы, і кожную гадзіну мне дакладваюць новую інфармацыю. Цяпер устанаўліваецца крыніца выкіду”.

Заяву Аксёнава прынялі ў штыкі: як можна казаць, што ніякай пагрозы здароўю людзей няма, калі не ведаеш нават крыніцы выкіду? І адкуль, у рэшце рэшт, масавыя балючыя сімптомы ў гараджан?

Праз тры дні кіраўнік рэгіёну “выправіўся”, прыехаў ў Армянск: “На жаль, за тыдзень, атрымліваючы рапарты, даклады, усе кантрольныя службы заяўляюць, што ў паветры шкодных для здароўя, для жыцця рэчываў няма. Аднак мы бачым, што дрэвы гінуць, на мой погляд, сітуацыя не такая”.

Сяргей Аксёнаў памяняў пазіцыю, але да прыняцця экстранных мер гэта не прывяло. Яшчэ пяць дзён Армянск жыў, адмываў невядомае рэчыва. І толькі 4 верасня з горада вырашылі эвакуіраваць дзяцей.

“Пасля пятага ўрока мне патэлефанавала дачка і сказала, што ім загадана ісці дадому і збіраць рэчы: увесь клас на два тыдні паедзе ў Еўпаторыю, – распавяла “Новай газеце” жыхарка Армянска Святлана Цімафеева. – На зборы далі гадзіну. Прыйшлося зрывацца з працы, каб дапамагчы ёй сабраць сумку. Яшчэ дзве гадзіны мы чакалі, калі прыедзе аўтобус. Але ў выніку ўсіх дзяцей вывезлі і пасялілі ў санаторыі”.

Завод “Тытан”. Фота Reuters

У крымскіх СМІ эвакуацыю дзяцей з “эвакуацыяй” не называюць. Усе падаецца, як «дадатковыя вакацыі». Дзяржаўны тэлеканал “Крым 24” перадае: “Мужчынская палова школьнікаў ведае, што іх чакае – весялосць і забавы. У першую чаргу юнакі ўзялі з сабой спартыўны інвентар і гаджэты. А вось чаго сапраўды няма сярод асабістых рэчаў школьнікаў, дык гэта падручнікаў і сшыткаў. На адпачынак яны едуць групамі. Перад дарогай – кранальны бацькоўскі рытуал: пацалункі і бацькоўскія навучанні”.

Між тым становіцца вядомы і віноўнік:  завод “Тытан” у Армянску, які належыць украінскаму алігарху Дзмітрыю Фірташу. На “Тытане” вырабляюць дыяксід тытана, мінеральныя ўгнаенні і серную кіслату. Прадпрыемства горадаўтваральнае.

Тут жа называюць і рэчыва, якое накрыла горад, – сярністы ангідрыд. Ён выклікае раздражненне скуры, слізістых абалонак носа і вачэй, а ў горшых выпадках – ацёк лёгкіх.

Аксёнаў загадвае спыніць работу “Тытана”.  “Па ўзгадненні з кіраўніцтвам завода “Тытан” прынята рашэнне на два тыдні спыніць завод. Кіраўніцтва прадпрыемства падтрымала дадзеную ініцыятыву, усё робіцца па ўзгадненні. Усе супрацоўнікі атрымаюць месячную заработную плату ў поўным аб’ёме”, – заявіў кіраўнік Крыма 4 верасня.

Фота Горад24

Але думаць, што завод сапраўды зачынілі, – наіўна. Крымскі грамадскі дзеяч Аляксандр Таліпаў прыбыў у Армянск на наступны дзень пасля рашэння Аксёнава. “Завод працягвае працаваць. Дым з труб ідзе, працоўныя ходзяць праз КПП. Як мне ўдалося высветліць, спыніць “Тытан” раптоўна проста немагчыма – на гэта патрэбны час, прыкладна да канца тыдня”.

Чаму ж наогул адбыўся выкід сярністага ангідрыду? Аказваецца, праблема застарэлая. Агульнавядома, што Крыму не хапае прэснай вады. Асабліва паўночным тэрыторыях. Яшчэ ў сакавіку мінулага года “Новая газета” пісала, што “Тытан”, пазбаўлены вады з Дняпра (следства ўкраінскай блакады), здабывае яе бурэннем свідравін. І ўжо летась іх глыбіня дасягала 400 метраў. Нашы суразмоўцы характарызавалі гэта як “максімальная выпампоўванне вады з глебы”.

Вада і скончылася. Перасох кіслотанакапіцель – штучнае возера, у якое «Тытан» скідаў хімічныя адходы. “Плошча гэтага “возера” – 42 квадратныя кіламетры, аб’ём – 30 мільёнаў кубаметраў вады. Назапашвальнік упершыню высах да такой ступені. Ніякіх дыверсій не было”, – канстатаваў Сяргей Аксёнаў.

Спецыялісты прыйшлі да высновы: сітуацыю можа палепшыць толькі скід у “возера” прэснай вады. Але на яе падвядзенне спатрэбіцца каля сямі месяцаў.

Такім чынам, дыверсій не было, але бомбу пад Армянск падклалі самі чыноўнікі – за чатыры гады знаходжання Крыма ў складзе Расіі яны не вырашылі праблему “воднай блакады”. Украіна перакрыла шлюзы Паўночна-Крымскага канала – па ім паўвостраў атрымліваў ваду з Дняпра – яшчэ ў 2014 годзе. З тых часоў прапаноўвалася нямала праектаў па стабілізацыі водазабеспячэння паўвострава – перакінуць ваду з ракі Кубань, пабудаваць апрасняльныя збудаванні. Усё засталося на паперы. Крымскія ўлады нават здолелі прадставіць сітуацыю з дэфіцытам прэснай вады ў станоўчым ключы: калі крымскія фермеры перайшлі з бахчавых і гародніны на вырошчванне непатрабавальных збожжавых, чыноўнікі зрабілі справаздачу пра небывалыя ураджаі пшаніцы.

Цяпер прарвала. Рэчыва, падобнае на сярністы ангідрыд, выяўляюць на сваіх хатах жыхары суседняга з Армянскам Краснаперакопска, трывожныя сігналы паступаюць з Джанкойскага раёна. Украінскія СМІ паведамляюць, што выкіды ангідрыду дабраліся і да Херсонскай вобласці – людзі там таксама змываюць з дамоў і посуду атрутную слізь.

У апошняй заяве з нагоды катастрофы ў Армянску кіраўнік Крыма Сяргей Аксёнаў чамусьці зноў вярнуўся да ранейшай пазіцыі: “Па заключэнні спецыялістаў, пагрозы здароўю людзей няма. Ёсць эфект раздражнення слізістай, але ён не звязаны з захворваннямі”.

Мясцовыя жыхары такім заявам ужо не вераць. Усё гэта нагадвае ім Чарнобыльскую катастрофу: тады ўлады таксама спачатку рабілі выгляд, што нічога не адбываецца. Апошні жыхар пакінуў Прыпяць 5 мая – праз 9 дзён пасля аварыі.