Як маладзечанка ўступіла ў клуб ЮНЕСКА

Калі вучылася ў шостым класе маладзечанскай гімназіі №6, Ганна ўступіла ў Беларускую асацыяцыю клубаў ЮНЕСКА (БелАЮ). Пры гімназіі ад БелАЮ быў клуб “Планета”.

У клубе школьнікі працавалі па праграме “Роўны навучае роўнага”. Спачатку займаліся з выкладчыкам, пасля пісалі трэнінгі для дзяцей свайго ўзросту і праводзілі іх. Хадзілі, напрыклад, у маладзечанскі інтэрнат для дзяцей, хворых на скаліёз, праводзілі заняткі па здаровым ладзе жыцця. Падчас вучобы ў старэйшых класах ладзілі трэнінгі па канфлікталогіі, ВІЧ-прафілактыцы.

Падчас летняй акадэміі ў Радашкавічах, 2010 год.

Пазней наведвалі акадэміі, універсітэты і фестывалі ад БелАЮ.  Акадэміямі і ўніверсітэтамі называюць спецыяльныя праграмы на 10-15 дзён. Падчас іх з моладдзю працуе трэнер.

Дзякуючы гэтым праграмам дзяўчына паўдзельнічала ў міжнародным абмене з іспанцамі ў праекце “Гаючая магія”. Разам яны ездзілі ў рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя для дзяцей з праблемамі развіцця. Вучылі іх рабіць фокусы, каб такім чынам развівалася дробная маторыка.

На фестывалі прыязджаюць клубы з розных краін.

– Гэта тыдзень кайфа, крутой моладзі, якая ўвасабляе ўласныя праекты, – гэта незвычайная энергія, – дзеліцца Ганна.

У Германіі Ганне далі “ўтык”

Пасля школы Ганна паступіла ў БДУ – хацела стаць журналістам. Падчас аднаго з рэпартажаў са старшынёй БелАЮ Дзмітрыем Субцэльным зайшла размова пра стажыроўку па журналістыцы ў Германіі. І летась паехала туды.

Падчас стажыроўкі ў Германіі. Ёрг Вільд (Jörg Wild) у акулярах, сівы, каардынатар Ганны; Зігрун Дзёрынг (Sigrun Döring) за Ганнай, у паласатай майцы, з русымі валасамі

– Наш нямецкі каардынатар тройчы змагаўся з ракам, пакуль хвароба адступіла. Вось ён даў мне “ўтык”. Кажа неяк: “Моладзь, вы мяне бесіце. Я жыў у той час, калі з краіны выехаць было немагчыма. Цяпер для адукацыі стары. Змагаюся за жыццё, як магу. А вы зусім не думаеце пра вучобу за мяжой, пра тое, каб пабачыць свет. Усё дорага, дрэнна”, – прыгадвае Ганна. – Гэта праўда, я і сама думала абы ў Мінск паступіць. Адвучуся, а дыплом пасля можа пад халадзільнік пакладу.

У Берліне каардынатар паказаў Ганне, дзе можна атрымаць спіс праектаў, пакінуў шмат спасылак на праграмы для моладзі.

Па словах дзяўчыны, існуе многа праграм, да якіх можна лёгка далучыцца. Дастаткова зайсці на сайт, выбраць праект, які падабаецца, падаць заяўку. Такіх прапаноў шмат. Ёсць, да прыкладу, еўрапейская валанцёрская служба – EVS, якая аплачвае дарогу да выбранай краіны, харчаванне, пакрывае расходы. Нават арганізоўвае курсы мясцовай мовы.

– Са мной працавалі людзі, якія ў штаце амаль з дня заснавання радыёстанцыі. За мае тры гады яны паспяхова перайшлі на высокія пасады ў буйныя прэс-службы ці цяпер узначальваюць інфармацыйныя аддзелы іншых радыёстанцый. Перспектывы заўсёды былі перад вачыма. Але працаваць 20 гадоў на адным месцы, каб потым сядзець вышэй на другім, не вартае майго часу. Аддаць усё жыццё на працу я не гатовая. Трэба нешта зусім іншае.

Ганна ўдзельнічала ў міжнародным абмене з іспанцамі.

Што такое AISEC?

Пасля стажыроўкі Ганну папрасілі дапамагчы з праектам ад БелАЮ “Замкі Беларусі”. Так яна апынулася ў Міры, арганізоўвала для ўдзельнікаў жыллё, харчаванне, графік…

– Пяцёра былі ад моладзевай арганізацыі AISEC: валанцёры з Партугаліі, Турцыі, Егіпта, Кітая. Яны ўпершыню паехалі за мяжу. Выбралі Беларусь, бо не знайшлі пра яе падрабязнай інфармацыі. Яны і расказалі мне пра гэту арганізацыю. Падумала, калі іншыя карыстаюцца, чаму я не магу?

AISEC – найбуйнейшая ў свеце арганізацыя, якой кіруюць студэнты. Забяспечвае міжнародны абмен па трох накірунках: валанцёрства, IT-стартапы і стажыроўкі.

Менеджар арганізацыі дапамагае падабраць праект. Потым з ім звязваецца прадстаўнік краіны, у якую падаў заяўку. Гутараць па скайпе.

Ганна выбрала працу выкладчыцы англійскай мовы для в’етнамскіх дзяцей, падала заяўкі ў школы, якія шукалі праз AISEC работнікаў.

– Размаўляла па скайпе з трыма школамі. Было цяжка, бо ў Беларусі з В’етнамам чатыры гадзіны розніцы, гутарылі ў пяць раніцы. Неабходна прайсці сумоўе, якое доўжыцца прыкладна паўгадзіны. Падчас гутаркі правяралі, ці ёсць акцэнт, калі размаўляю на англійскай. Мадэлявалі сітуацыі кшталту “што будзеш рабіць з дзецьмі, калі 20 чалавек адразу заплачуць”.

Чаму менавіта В’етнам

Абраць В’етнам Ганне параіў дырэктар AISEC. Яна хацела ў Індыю – краіну мары. Па словах дырэктара, з гэтай краінай заўсёды шмат праблем. Адной з прычын выбару стаў узровень жыцця – у В’етнаме можна нармальна жыць на 200-300 долараў пры заробку ў школе ад 600 да 1500 тысяч.

Ганна думала і пра Кітай, але чула – там праблемы з легальнай працай, з іміграцыяй. “Цябе могуць наняць, а ў школы не будзе ліцэнзіі. Прыедзе паліцыя, мясцовыя скажуць, “Мы яе не ведаем”. Задача AISEC праверыць, ці легальна працуе арганізацыя, у якую адпраўляюць.

– Мінус праграмы – трэба ўкласціся. Спачатку заплаціла 250 долараў за паслугі арганізацыі. Набыла візу. Пакінула 300 долараў на першы месяц жыцця. Квіток Мінск – Ханой каштуе 450. Калі ляцець да В’етнама з Масквы, гэта на 100-150 долараў танней. Таму брала трансфер да «Шарамецьева». Цана – 40 долараў.

Дзяўчына звольнілася і ў лістападзе мінулага года паехала працаваць у В’етнам. Прыгоды пачаліся адразу пасля прылёту…

Працяг чытайце ў наступных нумарах.