Не дзеля аднаго дня
Мядзел жыве ў прадчуванні свята. Змяніліся дома, вуліцы, плошчы, установы адукацыі, культуры і нават стадыён.
– Цяпер наша плошча Леніна – не проста месца для правядзення афіцыйных мерапрыемстваў, яна набыла новае значэнне – гэта гавань для закаханых. Так, уявіце сабе, у цэнтры горада можна адасобіцца. Цяпер там ёсць утульныя лаўкі, а від на возера Мястра дазваляе падумаць пра прыгажосць прыроды, будучыні, вечнае, – разважае намеснік старшыні Мядзельскага райвыканкама Іна Барыева.
Як адзначае прадстаўнік адміністрацыі раёна, змянялася гэта не дзеля аднаго дня, а для таго, каб жыхарам было зручна жыць і прымаць гасцей.
Па словах старшыні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталлі Якубіцкай, з’явіўся новы гасцінічны комплекс на сто месцаў. У тым жа будынку будзе і ЗАГС, адкрыццё якога адбудзецца ў час правядзення «Дажынак». У новым аддзяленні – урачыстая зала з вялізнымі калонамі, побач размяшчаюцца пакоі жаніха, нявесты і нават зала для шампанскага.

– Я думаю, што ў пар з’явіцца яшчэ больш жадання заключыць шлюб менавіта ў Мядзелі. Мы будзем гэтаму вельмі рады, – выказала надзею Іна Барыева.
Завершаны капітальны рамонт васьмі дамоў.
– Абнавілі інжынерна-транспартную інфраструктуру, дарогі, правялі добраўпарадкаванне населеных пунктаў і прыдамавых тэрыторый, – распавяла Наталля Якубіцкая. – Усё гэта мы рабілі сумесна з жыхарамі Мядзельшчыны. Выканалі рамонт фасадаў – як сваіх будынкаў, так і ўстаноў адукацыі, культуры, раённай бальніцы, паштовай сувязі. Паўсюль замянілі мэблю. У новым гасцінічным комплексе размясцілі кафэ на 70 пасадачных месцаў, побач – спартыўны аб’ект з бегавымі дарожкамі і валейбольнымі пляцоўкамі.
Акрамя таго, да “Дажынак” адкрыецца галерэя народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча, ураджэнца Мядзельшчыны. Ён ужо перадаў гораду 123 працы – графіку, акварэлі.
Акрамя кампазіцыі «Я люблю Беларусь» сэрцы паменш з назвамі гарадоў рэспублікі раскідаюць па ўсім горадзе. Усяго іх будзе 23 – паколькі ў Мінскай вобласці 22 раёна і адзін горад абласнога падпарадкавання, Жодзіна.
Для зручнасці гасцей на тэрыторыі кірмашу размесцяць інфармацыйныя стэнды, паказальнікі. Уключаць бясплатны Wi-Fi – Dozhinki Miadel Free.
Ілюстрацыйнае фота.
Доктар гістарычных навук, каравай і «Уладар сяла»
Як адзначае начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага аблвыканкама Таццяна Хмель, перад урачыстай часткай адбудзецца шэсце «Дажыначная талака», дзе лепшыя харэаграфічныя, аматарскія калектывы Міншчыны суправадзіць кожную дэлегацыю рэгіёна. Кожная з іх прадставіць свой святочны сноп і каравай. Затым адбудзецца іх выстава.
На пляцоўцы амфітэатра ўшануюць пераможцу конкурсу «Уладар сяла». Падарункам для Мядзела будзе канцэрт з удзелам артыстаў Моладзевага тэатра эстрады. Пройдуць выстава і майстар-класы лепшых рамеснікаў з 22 рэгіёнаў Мінскай вобласці.
Скончыцца свята феерверкам.
Фотаквэст па скульптурам – галоўны сакрэт «Дажынак» раскрыты
На тэрыторыі Мядзельшчыны расстаўленыя скульптуры з саломы рознай канфігурацыі і формы, па якіх будзе праходзіць квэст.
– Што трэба зрабіць, каб прыняць у ім удзел? Зайсці на сайт Мядзельскага райвыканкама. Зарэгістравацца. Наведаць усе скульптурныя кампазіцыі, якія расстаўлены на тэрыторыі ўсяго раёна. Выкласці фота ў сацсетцы, – патлумачыла Іна Барыева. – Галоўная ўмова квэста – не залазіць на самі скульптуры.
Падрабязнасці можна даведацца на сайце Мядзельскага райвыканкама.

Падвязуць бясплатна
З транспартам праблем не будзе. Для гасцей фестывалю выдзелілі 50 аўтобусаў. Праезд бясплатны. Ужо склалі расклад, з ім можна азнаёміцца на сайтах Мядзельскага, Маладзечанскага, Вілейскага, Пастаўскага, Клецкага выканкамаў і на прыпыначных пунктах. Першыя аўтобусы пачнуць працу ад 10-й раніцы, а апошнія накіруюцца па маршрутах пасля салюту – у 24.00.
– Усе маршруты узгоднены з ДАІ. Праблем з дастаўкай людзей нават у вячэрнія гадзіны пасля салюту не будзе, – адзначыў генеральны дырэктар ААТ «Мінаблаўтатранс» Уладзімір Федаровіч.