44-гадовы і 34-гадовы жыхары Астраўца вырашылі падзарабіць на нелегальнай перапраўцы тавараў у Літву. Мужчын затрымалі на месцы злачынства.
У раёне пункта пропуску «Лоша» супрацоўнікі Асобнай службы і вайскоўцы Смаргонскай пагрангрупы правялі спецаперацыі па ліквідацыі незаконнага канала перамяшчэння ў Літву падакцызных тавараў.
– Пры затрыманні 44-гадовы і 34-гадовы мужчыны аказвалі супраціўленне, спрабавалі схавацца. Дзеянні спынілі супрацоўнікі спецпадраздзялення з ужываннем фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў, – паведамілі ў Дзяржпагранкамітэце.
Адначасова пры спробе незаконнага перамяшчэння праз мяжу на літоўскую тэрыторыю партыі тавару ў Астравецкім раёне затрымалі другую частку злачыннай групы – 45-гадовага і 18-гадовага грамадзян Літвы. Яны таксама паспрабавалі схавацца і аказалі супраціленне праваахоўнікам.
Затрыманых грамадзян Літвы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за спробу незаконнага перасячэння мяжы, непадпарадкаванне. А таксама за незаконнае перамяшчэнне тавараў праз мяжу Беларусі.
Цяпер праводзяць мерапрыемствы па ўсталяванні іншых асоб, якія маюць дачыненне да дзейнасці.