Як расказала “Рэгіянальнай газеце” прэс-сакратар Міністэрства лясной гаспадаркі Анастасія Дакучаева, днямі нацыянальная каманда вальшчыкаў лесу вярнулася з Германіі. Тут, у Баварыі, ладзілі міжнародныя спаборніцтвы лесарубаў. Прадстаўнік Вілейшчыны Валеры Дуровіч зноў вярнуўся на радзіму з перамогай.
У асабістым заліку віляйчаніну да другога месца не хапіла трох балаў. Але ён стаў лепшым у практыкаванні “Дакладнае піленне”.

Акрамя гаспадароў і беларусаў, у спаборніцтвах удзельнічалі лесарубы з Польшчы, Аўстрыі і Чэхіі.

Чэмпіянат ладзілі ў нямецкім Голдбаху па традыцыйных унутраных правілах. Яны крыху адрозніваліся ад агульна прынятых міжнародных. Беларускія спартсмены не былі гатовыя да гэтага, таму ў некаторых практыкаваннях згубілі жаданыя балы.

– Не гледзячы на неспадзяванкі, нашы лесарубы выступілі добра. Каманда стала абсалютным чэмпіёнам у намінацыі “Госць”, – адзначыла Анастасія Дакучаева. – Гэта заўважылі і гледачы, і арганізатары.