вяселле
Вяселле ў Крэве ў 1950-я гады. Нярэдка з нараджэннем сям'і нараджалася і новая сямейная або родавая мянушка. Фота забяспечанае аўтарам.

Афіцыйныя прозвішчы – гэта першапачаткова – тыя ж мянушкі, якія некалі зафіксавалі ў афіцыйных дакументах. У крэўскай гаворцы паняцце “прозвішча” працягвае адносіцца не да афіцыйнага наймення сям’і ці рода, а менавіта да таго, што ў літаратурнай мове называецца мянушкай. Тое ж, што запісваецца ў пасведчанне аб нараджэнні ці пашпарт, мае ў нас, як і ў рускіх, назву “фамілія”.

У гэтым матэрыяле  раскажу чытачам пра крэўскія мянушкі, якія ўзніклі ад імёнаў.

Жаніх і нявеста – абое Магеры

Наколькі мне вядома, наш зямляк Уладзімір Някляеў толькі адзін свой твор, паэму “Вялікдзень”, апублікаваў пад псеўданімам. У якасці яго паэт абраў дзявочае прозвішча маці – Магер. І гэта быў не адзіны магчымы варыянт, каб адначасова і асабістае прозвішча ўтаіць, і не аддаляцца ад сваіх каранёў.

Магераў у Крэве некалькі сем’яў, але не заўсёды гэта сваякі. Вядомы нават выпадак, калі і жаніх, і нявеста, уступаючы ў шлюб, былі Магерамі. Падобная сітуацыя і з сем’ямі Крэслаў, Майсевічаў, Страхаў, Былінскіх, Міхалькевічаў, Грынкевічаў, Леановічаў.

Усе крэўскія Магеры, да прыкладу, дзеляцца на Волюсевых, Мішанькавых, Яфрэмавых (Ахрэмавых), Ваньшавых, Стапулёвых… Прычым, мянушак у адной і той жа сям’і можа быць некалькі.  У Магераў, з якіх паходзіла маці Някляева, былі дзве – Маркавы і Таляковы. Так што паэт, калі было б жаданне, у якасці свайго псеўданіма мог выкарыстаць і іх.

Матэўкавы і Мацейкавы – ад імя Мацвей

Найчасцей сямейныя паходзяць ад імя каго-небудзь з продкаў. Не цяжка здагадацца, што падобным чынам утварыліся наступныя назвы некаторых крэўскіх радоў: Міронавы, Тарасовы, Сцёпкавы, Спірыдонавы, Сямёнавы (Сенькавы), Ягоравы, Федзевы, Лявонавы, Міхасёвы. Часам імёны пры гэтым крыху трансфармаваліся пад тутэйшую гаворку, набываючы непараўнальны мясцовы каларыт. Даведваемся пра мясцовыя формы даволі распаўсюджаных у мінулым імён з наступных мянушак: Юзкавы і Юзавы (ад Юзка, Юза – Іосіф), Матэўкавы і Мацейкавы (ад Матэва, Мацейка – Мацвей), Ігналёвы (Ігналь – Ігнат).

Адна з такіх мудрагелістых формаў адбілася ў мянушцы Стапуль (Стапулёвы). Яшчэ ў дзяцінстве мы з сябрамі ламалі галовы, спрабуючы растлумачыць, чаму ўсе так называюць аднаго дзядулю з нашай вуліцы, афіцыйнае імя якога было Іван. Варыянтаў было дзясяткі, але, здавалася, нават сам гаспадар не ведаў правільнага. “Стапуль – дык Стапуль”, – абыякава адказваў ён на нашы роспыты. А можа, проста ён не разумеў нашай зацікаўленасці тым, што для яго самога было такім звычайным і простым.

Я толькі цяпер, захварэўшы жаданнем паставіць усё на свае месцы, знайшоў, здаецца, правільны адказ. Стафан – вось імя, з якога ўсё пачалося. Гук “ф”, які быў не да спадобы ўсходнім славянам, яны замянілі ў дадзеным выпадку на “п”. Выйшла – “Сцяпан”, ці, у іншым варыянце, зафіксаваным мовазнаўцам і нашым земляком Янкам Станкевічам – “Стапан”. Ад “Стапан” магло пайсці “Стапуль”, утварэнне тыпу Вінцуль (ад Вінцэсь), Дануль (ад Даніла).

Яшчэ адно забытае вытворнае, ужо ад імя Станіслаў – Станька. Раней яно, поруч з асноўным, магло ўжывацца і ў якасці афіцыйнага. Менавіта ў гэтай форме ў дакументах канца ХV стагоддзя значыцца імя тагачаснага крэўскага старосты – Станька Дукурн. А ўжо бліжэй да нашых дзён гэту форму ўжывалі толькі як памяншальнае імя, і адна крэўская сям’я мела мянушку, утвораную ад такога варыянту – Станачкавы.

Крэўская экзотыка ў мянушках

Сярод імён, ад якіх пайшлі многія мясцовыя мянушкі, трапляюцца даволі экзатычныя, якія ў наш час не толькі не ўжываюцца, але маладзейшае пакаленне нават будзе сумнявацца, што такія імёны ўвогуле існавалі – Мамэртавы, Калістратавы, Волюсевы, Нікандравы (відазмененае з часам у Лякандравы), Флёркавы.

Праўдападобна, што ад імёнаў утварыліся мянушкі Каралёвы і Пуды (Пудзюкі). Караль (Кароль, Карл) – гэта імя мела раней даволі шырокі ўжытак. А пад словам “пуд”, у асноўным, падразумяваюць старадаўнюю меру вагі, нават не падазраючы, што калісьці існавала такое імя, якое прыйшло з лацінскай мовы і абазначала “сарамлівы”.

Па мянушцы, якая пайшла ад імя, можна было вызначыць веравызнанне чалавека. Імёны, якія даюць дзецям у каталіцкай сям’і, часта адрозніваюцца ад імён у сям’і праваслаўнай. Асабліва гэта было прыкметна раней, калі людзі больш пільна прытрымліваліся святцаў з пералікам святых з днямі іх памінання. Федзевы, Ягоравы, Ляксеевы – відавочна, гэта людзі з праваслаўных сем’яў. А вось Бронюсевы, Мамэртавы, Бэрнусевы – яны, хутчэй за ўсё, будуць каталікамі. Праўда, сцвярджаць гэта на ўсе сто нельга, калі ўлічваць шматлікія змешаныя шлюбы ў нашай мясцовасці і прымусовыя пераводы з адной канфесіі ў іншую.

Калі муж атрымліваў жончыну мянушку

Мянушкі, утвораныя ад імёнаў, нельга атаясамліваць з уласцівымі рускай традыцыі імёнамі па бацьку, бо першымі могуць надзяляць не толькі дзяцей, але і больш далёкіх нашчадкаў тых, ад чыйго імя тая мянушка пайшла. Больш за тое, для іх стварэння падыходзяць не толькі мужчынскія, але і жаночыя імёны: Зосіны, Альбініны, Масіны (Мася – адзін з варыянтаў імя Марыя), Мальвініны.

Некаторыя мянушкі паходзяць ад жаночых імёнаў ці ад дзявочых прозвішчаў жанчын, якія выйшлі замуж. Ангельскіх з вуліцы Зарэчнай, напрыклад, часам называюць Шыпкоўскімі, па прозвішчы жонкі, Дзятковічаў са Смаргонскай – Ганечкінымі, па імені гаспадыні.

Найчасцей, такая з’ява назіраецца тады, калі муж ідзе ў прымакі, інакш кажучы, перасяляецца ў дом жонкі. У такіх выпадках нават мянушка жончынай сям’і можа перакачаваць да мужа. Да прыкладу, Пятроўскага Юзіка называюць Мамэртавым, хоць Мамэрта – імя жончынага бацькі.

Вядома ж, мянушка, утвораная ад жаночага імя, можа ўзнікнуць і тады, калі сям’ю ўтрымлівае маці-адзіночка альбо ўдава. Нас, Камінскіх, да прыкладу, часам называлі Зосінымі, па імені маёй бабулі, якая доўгі час гадавала сваіх дзяцей без мужа.

Пра іншыя мянушкі чытайце ў наступных нумарах “Рэгіянальнай газеты” і на нашым сайце.