Раней мы расказалі, чаму Ганна Мажуць трапіла ў В’етнам і як вырашыла цалкам змяніць жыццё.

Таксама падзяліліся першымі ўражаннямі дзяўчыны ад гэтай авантуры.

Паведамілі пра асаблівасці в’етнамскага жыцця.

Серыю публікацый скончым расказам пра працоўныя будні дзяўчыны за мяжой.

У праекце ад AIESEC Ганна падала заяўку на выкладчыцу англійскай мовы. Працаваць давялося ў прыватным цэнтры ў Хайфоне.

Адукацыя ў В’етнаме платная

Амаль уся адукацыя ў В’етнаме платная. Бясплатна можна атрымаць толькі пачатковую адукацыю і толькі ў дзяржаўнай школе. Пры гэтым за падручнікі, форму і іншыя выдаткі бацькі усё роўна плацяць.

Ёсць дзяржаўныя, прыватныя і міжнародныя школы. Першыя падзяляюцца на агульнаадукацыйныя і спецыялізаваныя, простыя і элітныя. Каб трапіць у «добрую» школу, трэба мець і сродкі, і сувязі. Вучыцца ў дзяржаўных школах танней. Але з-за інфляцыі навучанне даражэе. У 2015-2016 навучальным годзе ў гарадах яно складала каля 30 рублёў у месяц.

Чым больш прэстыжная школа, тым часцей дадатковыя зборы. Грошы патрэбны пры паступленні, на падтрыманне і рамонт школы, на патрэбы класа, на падручнікі і форму, афармленне абавязковага медыцынскага страхавання. Таксама на падарункі настаўнікам і дырэкцыі. У В’етнаме “традыцыйны” набор з кветак, цукерак і алкаголю дапаўняюць канвертам з грашыма. У некаторых школах нават прадугледжаная дадатковая плата за ўрокі ў класах, абсталяваных кандыцыянерамі.

У прыватных школах вучняў менш, класы новыя. Ёсць дадатковыя прадметы па выбары, а выкладанне часта вядзецца на дзвюх мовах –в’етнамскім і замежнай, у залежнасці ад арыентацыі школы.

Як праходзяць урокі ў В’етнаме

Урокі ў першую змену ў в’етнамскіх дзяцей пачынаюцца ў сем трыццаць раніцы. Да восьмай школьнікі вучаць гісторыю, спяваюць гімн – нешта накшталт палітінфармацыі. “Нагадваю, гэта сацыялістычная Рэспубліка В’етнам. Там Хо Шы Мін ляжыць, як Ленін у Маскве, а ў Ханоі ёсць плошча Леніна. Старэйшае пакаленне ведае рускую, бо ў школе вучыла яе як мову сяброўскай ім сацыялістычнай рэспублікі. “Кацюшу” пяюць, Пугачову ведаюць – “Миллион алых роз”. Праўда, на в’етнамскай спяваюць”.

Даведка “РГ”: Хо Шы Мін – в’етнамскi кaмунiстычны дзеяч, заснавальнік Камуністычнай партыі В’етнама, першы прэзідэнт Дэмакратычнай Рэспублікi В’етнам.

Заняткі доўжацца да 11 і больш, потым – перапынак на сон. Пасля яго дзеці, у залежнасці ад школы, вяртаюцца на вучобу ў прамежак ад 13 да 15 гадзін. Вучацца пару гадзін, пасля ідуць дадому. Некаторыя школьнікі наведваюць дадатковыя заняткі па англійскай.

Другая змена пачынаецца ў 12 і доўжыцца да 16 і больш. Калі яна ёсць, то толькі ў пачатковай школе.

Людзі вераць таму, што бачаць

Менавіта ў адукацыйны цэнтр, дзе працавала Ганна, дзеці ішлі пасля ўрокаў у школе. Па буднях першы ўрок доўжыўся ад 17.30 да 19.00, ад 19.30 да 21.00 – другі. Актыўней з дзецьмі працавалі, калі ў іх было больш часу – падчас выхадных і канікулаў.

У класе было 18 чалавек. У дзяржаўных школах звычайна каля 50.

Адукацыя ў прыватнай школе каштуе дорага. Не кожны можа адвесці дзіця ў цэнтр.

– Такія грошы бяруць, бо ў нас працуюць носьбіты мовы. Не ўсе, канешне, але людзі вераць таму, што бачаць. Мы выглядаем, як носьбіты. Таксама не проста вучым, але і гуляем з дзецьмі. Гэта класна ўплывае на веды.

Вучаць англійскай ад двух гадоў

Ганна вучыла дзяцей ад двух да пятнаццаці гадоў. Акрамя трох прыватных школ, дзе яна працавала, падрабляла ў двух дзіцячых садках, каб было больш працоўных гадзін. Вяла ўрокі па 30 хвілін.

Спачатку ў праекце абяцалі 600 долараў за месяц. Але з-за нагрузкі яна заўсёды зарабляла больш. Нічога не расказалі пра працу. Паказалі, як выкладае в’етнамскі выкладчык і чэшка Тэрэза. Сказалі прыдумаць самой структуру ўрока.

Класы фарміраваліся ў залежнасці ад узроўню ведаў англійскай, ад узросту. Дзяўчына заўсёды працавала з асістэнтам. Ён перакладаў тое, што кажуць дзеці.

Вучні раз на тыдзень наведвалі “носьбіта мовы”, другі – в’етнамскага выкладчыка.

Сама прыдумвала гульні для вучняў

Заняткі доўжыліся па паўтары гадзіны, праходзілі ў гульнявой форме. Вучні танцавалі, разміналіся пад дзіцячую песню, вучылі новую тэму. Маленькія звычайна – па два-тры словы.

– Частку гульняў “падарылі” чэхі, з якімі жыла. Успамінала ўрокі фізкультуры, розныя эстафеты, гульні “Ручаёк”, “Ногі”, “Ніндзя”.

Са старэйшымі Ганна працавала па кнігах. Уключала ім кароткія відэа на розныя тэмы, напрыклад, серыял “Экстра”. Яго распрацаваў брытанскі тэлеканал Channel 4 для хуткага засваення гутарковай англійскай мовы. Даўжыня аднаго роліка – каля 20 хвілін. “Тэма “шопінг”. Разбіраем серыю па сказах, імітуем сітуацыі. Я раздрукоўваю карцінкі адзення, вешаю на інтэрактыўную дошку, вучні выбіраюць, быццам у краме”.

З хлопчыкамі і дзяўчынкамі ад сямі-васьмі гадоў даводзілася працаваць асобна. На думку дзяўчыны, у В’етнаме добра праглядваецца гендарны падзел. У пяць гадоў яшчэ могуць гуляць адзін з адным, потым дзеляцца на “каманды”. Нават пары закаханых не ходзяць па вуліцы за ручку.

Навошта в’етнамцам англійская

Па словах Ганны, гэта вельмі запатрабаваная мова. Мясцовыя жыхары імкнуцца ў бліжэйшыя краіны – Аўстралію, Новую Зеландыю. Сярэдні заробак у В’етнаме – 200 долараў. Самай цяжкай і няўдзячнай лічыцца праца на рысавых палях. В’етнамцы хочуць не проста з’ехаць, а атрымаць за мяжой адукацыю, шмат зарабіць, вярнуцца і распачаць сваю справу. Дыпломы в’етнамскіх універсітэтаў не прызнаюцца ў Еўропе і Амерыцы. Каб можна было працаваць у любым пункце планеты, яны жадаюць атрымаць адукацыю за мяжой.

Неяк дзяўчына гутарыла з мясцовым хлопцам Томам – калі в’етнамец размаўляе з іншаземцам, падбірае англійскае імя. Ён вучыцца на пілота.

– Кажа, люблю бацькоў, ніколі далёка не з’еду. Яны не маюць вышэйшай адукацыі, але для мяне шмат гадоў збіралі грошы. Я ім абавязаны, цяпер маю высокую матывацыю, каб зарабіць і адкрыць бізнес.

«Не будзеш слухацца, паб’ю да смерці»

Замест адзнак у прыватным цэнтры давалі стыкеры. Пяць і вышэй – малайчына, адзін – дрэнна. Стыкеры прапаноўвалі абмяняць на налепкі, кнігі, заплечнікі.

Неяк Ганна давала вучню толькі адзін стыкер. Бацькі папрасілі патлумачыць. «Кажу, хлопчык натуральна кусае астатніх дзяцей, бегае на занятках і шлёпае асістэнта ніжэй спіны”. Бацькі пры мне сказалі: «Я цябе паб’ю да смерці, калі не будзеш слухацца выкладчыка”. Адна справа, калі між сабой дзеці разбіраюцца. Але калі бацькі іх б’юць – дрэнна».

Цяпер дзяўчына зноў паехала ў В’етнам, але ўжо не па праграме ад AIESEC. У планах – праз два месяцы ўзяць адпачынак і пакатацца па краіне, паглядзець іншыя мясціны.

– У гэты раз вырашыла паехаць без падтрымкі арганізацыі. Люблю БелАЮ і прафесію журналіста. У мяне ёсць знаёмыя ў любым кутку света. Калі будзе цяжка, змагу паехаць да іх з В’етнама ў любы момант.